Сучасныя краязнаўцы, калі вывучаюць гісторыю горада, часта рабяць здымкі гарадскіх вуліц паўтараючы ракурсы са старых фотакартак. З дапамогай такога параўнання можна наглядна пабачыць змены, якія адбыліся за гады ад моманту, калі быў зроблены стары здымак. А што калі б такія параўнанні рабілі фатографы трыдцаць, пяцьдзясят ці нават сто гадоў таму? Я прагартаў сотні рэтраздымкаў, каб знайсці аднолькавыя ракурсы Мінска розных гістарычных перыядаў і цяпер запрашаю сяброў у захапляльнае падарожжа па часе!
1. Архікафедральны касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі на паштоўцы пачатку ХХ стагодзя і на фотаздымку, зробленым фотамастаком Львом Дашкевічам у 1926 годзе. Будынак з вежай, якой, як бачна, паспелі надбудаваць паверх з гадзіннікам, гэта былы езуіцкі калегіум. У 1920-я гады ў гэтым будынку размяшчаўся Вышэйшы Савет Народнай Гаспадаркі БССР, у вайну комплекс пабудоў езуіцкага кляштару моцна пацярпеў і быў канчаткова зруйнаваны ў пасляваенныя гады.
2.
3. Вялікі гасцінны двор на дарэвалюцыйнай паштоўцы і на фота з першамайскай дэманстрацыі 1930 года. Шматлікая рэклама на фасадах будынка змянілася савецкімі лозунгамі.
4.
5. Гандлёвыя рады каля былога бернардзінскага кляштара (цяперашня вуліца Кірылы і Мефодзія) на фота канца ХІХ стагоддзя і на здымку 1926 года. Звярніце увагу, як за дзесяцігоддзі вырасла дрэва ў левай часцы здымкаў.
6.
7. Вуліца Савецкая будучы праспект Незалежнасці на здымках 1935 і 1941 гадоў. Як бачна, будынак у правай часцы здымкаў - так званы дом Поляка - моцна пацярпеў ад бамбёжак. Пасля вайны ён, а таксама шэраг пабудоў побач, будуць знесены і на іх месцы з’явіцца новая сталічная плошча - Кастрычніцкая.
8.
9. Гатэль “Еўропа” на дарэвалюцыйнай паштоўцы і на фота 1920-х гадоў. На змену брычцы прыйшоў аўтамабіль, будынак у левай часцы здымка вырас на паверх, а рускамоўныя шыльды крамаў змяніліся беларускамоўнымі. Апошняе - вынік палітыкі беларусізацыі, якую праводзіў урад БССР у 1920-я гады.
10.
11. Губернатарская вуліца напрыканцы ХІХ стагоддзя і вуліца Леніна пачатку 1950-х, від у бок касцёла Дзевы Марыі. На пасляваенным здымку бачна, як перад касцёлам узводзяць фальшывы фасад у неакласічным стылі - доўгі час у святыні будуць размяшчацца спартовыя залі. Вежа езуіцкага калегіума яшчэ стаіць, але ёй засталося нядоўга.
12.
13. Купалаўскі тэатр на дарэвалюцыйнай паштоўцы і на здымку 1931 года. У 1922 годзе перад галоўным фасадам будынка быў усталяваны помнік Карлу Марксу, бачны на другім фота.
14.
15. Будынак дзяржбанку СССР на фота пачатку 1930-х гадоў і на здымку часоў акупацыі. Банк быў пабудаваны на цэнтральнай вуліцы Мінска ў 1931 годзе і, як бачна, да вайны паспеў вырасці на адзін паверх, але ў канцы 1940-х будынак быў знесены пры пашырэнні будучага праспекта Незалежнасці (падрабязней пра дзяржбанк можна
прачытаць тут).
16.
17. Дом Урада на здымку 1940-х гадоў і на каляровым фота, зробленым замежным турыстам у 1961 годзе.
18.
19. Політэхнічны інстытут на здымку часоў акупацыі і на фота 1950-х гадоў. Галоўны корпус цяперашняга БНТУ быў пабудаваны у 1930-я гады і меў рысы стылю канструктывізм, але пасля вайны моцна пашкоджаны будынак быў перароблены на неакласічны манер.
20.