Тры комікса

Feb 17, 2016 14:48

У каментах да майго рэпартажу з закінутага басейна караценькага агляду кінафільма "Дэдпул" я заўважыў, што большасць чытачоў майго блога мала знаёмая са светам коміксаў. Я вырашыў трохі выправіць гэты недахоп:) Для гэтага я выбраў тры комікса (а дакладней тры невялікіх серыі коміксаў, кожная з якіх складае цэльную завершаную гісторыю), што мне вельмі спадабаліся і якія я хачу параіць вам для першаснага і павярхоўнага азнаямлення з комікс-культурай. Амаль усе яны даступныя для чытання анлайн (а некаторыя выходзілі ў нас у серыі "Калекцыя Marvel" і іх можна набыць) і, паверце, гэтае чытанне не зойме ў вас шмат часу (магчыма, у гэтым і крыецца сакрэт поспеху коміксавых гісторый у дзелавой прагматычнай Амерыцы - прачытаў за паўгадзіны захапляльную гісторыю і далей укалываць). Пачну, натуральна, з Дэдпула.

1. Дэдпул: Вайна Уэйда Уілсана (чытаць анлайн па спасылцы ці знайсці і набыць 21 выпуск з серыі "Калекцыя Marvel").


Гэта першы комікс, які я прачытаў пра Дэдпула і ён мяне нерэальна ўштырыў. У караценькай (4 выпускі) "Вайне Уэйда Уілсана" ёсць усё, за што фанаты любяць коміксы пра Дэдпула - шалёныя выхадкі галоўнага героя, вар'яцтва і галасы ў галаве, сцёб з поп-культуры, ламанне чацьвёртай сцяны, закручаны сюжэт з паралельнай падачай з некалькіх пунктаў гледжання і нечаканая канцоўка. Канцэнтраваны Дэдпул, калі казаць у двух словах. Я пазней чытаў некаторыя больш разгорнутыя серыі пра гэтага персанажа і мне яны падаліся не такімі цікавымі, больш зацягнутымі і менш шалёнымі (ну акрамя двух вельмі цікавых серый, пра якія я магчыма раскажу пазней). Карацей, калі вы хочаце хуценька азнаёміцца з тым, хто ж такі Дэдпул і ці варта ісці на яго ў кіно, то прачытайце "Вайну Уэйда Уілсана". Толькі памятайце - кіно будзе яшчэ круцей:)

2. Неверагодны Халк: Планета Халка (тут нейкая стромная спасылка дзе ляжыць архіў з коміксам лепш, напэўна, знайсці і купіць 28-мы і 30-ты выпускі "Калекцыі Marvel", яны таго вартыя)


Халк як герой коміксаў мне ніколі не падабаўся. Незнішчальная гара цягліц, якая крушыць усіх налева і направа - што тут можа быць цікавага? Зрэшты, пачуцця гумару (натуральна, чорнага) ў персанажа не адымеш. Дык вось "Планета Халка" гэта зусім іншая песня. Як я ўжо казаў, гэта серыя з завершаным самастойным сюжэтам, уяўляе з сябе грамучую сумесь класічнай касмічнай оперы ў стылі Эдгара Берроўза ("Прынцэса Марса" і т.п.) і кінематаграфічнай гісторыі падзення і ўзыходжання героя аля "Гладыятар" Рыдлі Скота. Пачалося ўсё з таго, што "сябры" Халка з каманды "Мсціўцаў" з добрых намераў (бо задзяўбаў ён усё бурыць і рушыць) вырашылі выслаць Халка з Зямлі ў аддалены куточак далёкай-далёкай галактыкі. Нешта пайшло не так і замест райскай зялёнай планеты, дзе Халк купаўся бы ў малочных рэках, да канца сваіх днёў, касмічны карабель з героем патрапіў праз партал на пякельную і занядбаную планету на якой правіць прыгнёт і гвалт. Халк аслаблены пералётам быў схоплены мясцовымі прыгнятальшчыкамі ў рабства. Герой не змог мірыцца з такім ходам падзей і тут-та ўсё і завярце... Комікс "Планета Халка" я не чытаў, я глядзеў яго як якасную, багатую на падзеі і сюжэтныя павароты кінастужку. Прычым з якаснымі спецэфектамі - бо малюнак у коміксе выкшталцоны.

3. Старлайт (толькі чытаць анлайн па спасылцы бо ў жывую комікс у нас быццам бы не выходзіў)


Цудоўная гісторыя ад майстра коміксаў Марка Міллара (правы на экранізацыю ўжо выкупленыя 20th Century Fox). Галоўны герой - ціхі пенсіянер МакКуін - сорак гадоў таму, падчас службы ў войску, нечакана тэлепартаваўся ў іншы куток галактыкі, дзе вызваліў ад крыважэрнага захопніка цэлую планету і затым вярнуўся на Зямлю. У гэтую фантастычную гісторыю, натуральна, ніхто не верыць, ні грамадства, ні дзеці героя. Верыла жонка, але яна памёрла. Сам МакКуін паступова перастае ў яе верыць. Да таго моманту, пакуль з вызваленай планеты да прыстарэлага героя не прылятае візіцёр. Комікс "Старлайт" выкананы ў стылістыцы, характэрнай для фантастыкі 1950-х, 1960-х гадоў. Непераможны герой ў абцягваючым скафандры з шкляным шлемам-бурбалкай і лазернай пістоляй у руцэ вызваляе грудастую прыгажуню з лапаў пачвары. Толькі ў рэчаіснасці МакКуіна скафандр цісне, косткі ломіць рэўматызм, а рука ўжо не такая цьвёрдая, каб трапна пацэліць з пістолі ў пачвару. У "Старлайце" Міллар майстэрскі пераасэнсоўвае класіку кінафантастыкі і дадае ў яе постмадэрнічныя ноткі сучаснасці. Спадзяюся, што фільм, калі ён выйдзе, будзе не горшы за намаляваную гісторыю.

мой выбар, комікс, фантастыка

Previous post Next post
Up