Працягваю знаёміць сваіх чытачоў з экскурсійнымі маршрутамі Мінска, распрацаванымі краязнаўцам і навукоўцам Мікалаем Каспяровічам ў 1929 годзе. Гэтым разам віртуальнае падарожжа пройдзе па даваенным мінскім вуліцам ад вакзала да касцёла Святога Роха на Залатой горцы.
Мова і арфаграфія тэкста М.Каспяровіча захаваныя, арыгінальны тэкст 1929 года вылучаны курсівам.
Мал. 1. Маршрут экскурсіі “Вакзал - Залатагорскі касцёл” на плане Мінска 1934 года. З 1920 года і да перайменавання ў 1939 годзе сталіца БССР называлася Менск.
Непасрэдна з вакзалу экскурсант цераз Каломенскі базар, вельмі багаты бытавым матар'ялам з жыцьця менскага мяшчанства і ваколічных сялян…
Мал. 2. Перакрыжаванне сучасных вул.Свярдлова і Кірава на здымку 1950 года. Каломенскі базар, які таксама называўся Віленскі, знаходзіўся недалёка ад Міхайлаўскага сквера прыкладна там дзе на здымку размяшчаецца будаўнічая пляцоўка “дома-падковы” на Свярдлова 22.
…выходзіць на Унівэрсытэцкую вул. (з 22 снежня 1934 года вул.Кірава), дзе працуе радыё-станцыя імя Саўнаркому БССР на хвалі 949,6 мэтра.
Мал. 3. На аэрафотаздымку 1944 года стрэлкай пазначаны разбураны будынак былой радыёстанцыі. Ён стаяў недалёка ад сучаснага галоўнага увахода на стадыён “Дынама”. Радыёстанцыя імя СНК БССР была адчынена 15 лістапада 1925 года.
За ёю налева - Комуністычны Унівэрсытэт, заснаваны ў 1925 годзе і цікавы для асьветнікаў сваімі мэтодамі працы.
Мал. 4. Будынак былой яўрэйскай мужчынскай вучэльні ў якім у 1930-я месціўся Камунічтычны ўнівесітэт імя У.І.Леніна на здымку 1927 года. Будынак захаваўся да нашага часу па адрасу вул.Кірава, 21. У 1990-я ў ім размяшчаўся Беларускі гуманітарны ліцэй імя Я. Коласа.
Далей, на гэтай-жа Унівэрсытэцкай вул. (№41, тэл. 701) знаходзіцца хэмічна-фармацэўтычны завод, заснаваны у 1924 годзе ў складзе 6 аддзяленьняў.
Мал. 5. Невялікі хімічна-фармацэўтычны завод размяшчаўся ў светлым чатырохпавярховым будынку паказаным у левай частцы здымка (фота 1951 года). Гэты дом захаваўся да нашага часу, цяперашні яго адрас - вул.Кірава, 25. Сам хімфармзавод у канцы 1929 года перамясціўся ў новапабудаваныя карпусы на цяперашняй вуліцы Фабрыцыўса ў Маскоўскім раёне Мінска.
Зьвярнуўшы налева на вул. Энгельса, на першых ростанках з помнікам К. Марксу, экскурсант спатыкае направа - будынак Беларускага акадэмічнага тэатру, пабудаваны ў 1890 годзе і налева - клюб імя К. Маркса, былая заля дваранскіх сходаў, дзе ў 1917 годзе адбываліся паседжаньні ўсебеларускага конгрэсу.
Мал. 6. Клуб імя К.Маркса на здымку 1930-х гадоў. Будынак не захаваўся, на яго месцы зараз знаходзіцца пасляваенны жылы дом і спуск на станцыю метро “Купалаўская”.
Першая вядомая беларуская пастаноўка опэры “Сялянка” адбылася ў Менску ў былым тэатры Поляка на Пляцу Волі. У будынку-ж гэтага тэатру ў 1917 годзе на беларускай мове пачало працу Першае таварыства беларускай драмы і комэдыі пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча і з 1920 году - Акадэмічны тэатр. З 1926 году ў гэтым будынку працуюць трупы першага і другога акадэмічных тэатраў. 3 пастановак першага тэатру самыя выдатныя: “Кастусь Каліноўскі”, “Каваль Ваявода” Міровіча (прадзеда
maxim_nm), “На Купальле” М. Кудзелькі і “Мешчанін дваранінам” Мольера; у другім: “Цар Максімільян” па народнай п’есе і “Бакханкі” Эўрыпіда і новыя п'есы гэтых тэатраў “Мост”, “Верацёны” (у 1-ым), “Разлом” і “Рэйкі гудуць” (у 2-ім).
Мал. 7. Беларускі акадэмічны тэатр на здымку 1931 года. Перад уваходам у тэатр бачны помнік К.Марксу, усталяваны на гэтым месцы ў 1922 годзе і прыбраны ўжо ў 1930-я падчас пракладкі трамвайнай лініі па вуліцы Энгельса.
Налева ад помніка К. Марксу, уніз па вул. К. Маркса, на першых ростанкак направа варта аглядзець нядаўна пабудаваны будынак Комунальнага банку.
Мал. 8. Разбураны Белкамунбанк у 1947 годзе (пабудаваны ў 1928). Будынак быў рэканструяваны ў 1950-я і захаваўся да нашага часу ў змененым выглядзе.
На супроцьлеглым рагу - рэдакцыя старэйшай беларускай савецкай газэты “Савецкая Беларусь” у прыгожым другім доме саветаў.
Мал. 9. Был даходны дом Свянціцкага канца ХІХ пачатку ХХ ст. (архітэктар Генрых Гай) быў ператвораны ў пачатку 1920-х у так званы другі дом саветаў - жылы дом для савецкай наменклатуры. Дарэчы, узгаданая Каспяровічам газета “Савецкая Беларусь” (1920-1933) не мае дачынення да цяперашняга выдання “СБ - Беларусь Сёння”. “СБ” вядзе свой радавод ад газеты “Рабочы”, якая пачала выходзіць у 1927 годзе.
Прайшоўшы па вул. К. Маркса налева ад помніка, каля вайсковага шпіталю з аднаго боку і невялікага садзіку з фонтанам - з другога, экскурсант на першым рагу вул. К. Маркса і Чырвонаармейскай павінен азнаёміцца з цікавым домам селяніна, спэцыяльна пабудаваным у 1928 годзе. У ім зьмяшчаецца і сельска-гаспадарчы, і прамысловы музэй.
Мал. 10. Дом селяніна, 1929 год. Будынак быў моцна пашкоджаны ў вайну і адноўлены ў змененым выглядзе. Цяпер тут размяшчаецца цэнтральны камітэт БРСМ.
Насупраць, па Чырвонаармейскай (№3, тэл. 383) на дварэ зьмяшчаецца Цэнтральны беларускі дзяржаўны музей, заснаваны ў 1923 годзе, у былым палацы і царкве архірэя). Зараз у Музэі больш 30.000 экспонатаў у наступных аддзелах: гістарычна-археолёгічным, царкоўна-археолёгічным, нумізматычна-сфрагістычным, этнографічным, яўрэйскім, выяўленчых мастацтваў, архіве і бібліотэцы. Асаблівай увагі заслугоўваюць карціны мастакоў - ураджэнцаў Беларусі і беларускіх мастакоў (К. Каганца, Драздовіча, Філіповіча і інш.). Побач з гэтым музэем, у першым паверсе былой царквы зьмяшчаецца зоолёгічны музэй Акадэміі Навук.
Мал. 11. Беларускі дзяржаўны музей і музей Беларускай акадэміі навук размясціліся ў памяшканнях былой царквы Покрыва Прысвятой Багародзіцы і архірэйскага дома (здымак 1927 года). На месцы знесеных будынкаў у 1934-1939 гадах паўстане Дом Чырвонай арміі таксама вядомы як Дом афіцэраў.
Вышаўшы з двара цераз другія вароты, у першым доме (б. духоўнай консысторыі, а ў 1919-1920 г. - месцы катаваньняў белапалякамі комуністых і беларускіх культурнікаў) зьмяшчаецца частка Беларускай дзяржаўнай публічнай бібліотэкі з Беларускай кніжнаю палатаю.
Мал. 12. Від на Дом афіцэраў і будынак былой кансісторыі перад ім на здымку другой паловы 1940-х. Будынак захаваўся да нашых дзён, цяпер у ім месціцца Інстытут тэалогіі БДУ.
За рагом направа, па Савецкай вул., на былым гарадзкім валу - другі корпус бібліотэкі ў былым будынку Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (яшчэ раней - юбілейны дом 1612-1912). Тутака патрабуюць агляду беларускія старадрукі, пачынаючы з ХVІ веку і беларускі бібліографічны рэпэртуар. Тут-жа ў Беларускім бібліографічным бюро можна атрымаць любую даведку па бібліографіі этнографічнай Беларусі.
Мал. 13. Юбілейны дом - былы царкоўна-археалагічны музей, які быў пабудаваны ў 1913 годзе да 300-годдзя дому Раманавых. Цікавы факт: Каспяровіч у сваім артыкуле ў 1929-м годзе без боязі ўзгадвае Беларускую Народную Рэспубліку, ужо праз год за такое можна было атрымаць ярлык нацдэма і ворага сацыялістычнай рэвалюцыі з адпаведнымі наступствамі для свабоды і жыцця.
Далей па Савецкай вул., каля Беларускага пэдагогічнага тэхнікуму (№107, тэл. 637)…
Мал. 14. Педагагічны тэхнікум размяшчаўся ў дарэвалюцыйным будынку былой рэальнай вучэльні. Будынак добра перажыў вайну але быў знесены ў пасляваенныя гады пры пашырэнні вуліцы Савецкай - цяперашняга праспекта Незалежнасці.
… і Цэнтральнай паказальна-дасьледчай школы, асабліва цікавай для асьветнікаў, і электростанцыі (№110, тэл. 696),…
Мал. 15. Першая мінская электрастанцыя пабудавана ў канцы ХІХ ст., перажыла вайну і была знесена ў 2011 годзе для узвядзення на яе месцы гатэлю.
… цераз жалезна-бэтонны мост на Сьвіслачы, скончаны пабудовай у 1928 годзе,…
Мал. 16. Пачалі будаваць гэты мост яшчэ да Першай сусветнай вайны на месцы драўлянай пераправы. У Другую сусветную ён быў падарваны. Новы мост на месцы зруйнаванага адкрылі ў 1952 годзе.
… ідучы побач з карлікавай чыгункай, што дастаўляе торф на электрастанцыю, экскурсант дасягае доміку першага ўстаноўчага зьезду Расійскай соцыял-дэмократычнай рабочай партыі (Савецкая №135). У доміку - портрэты ўдзельнікау зьезду, успаміны і д. т. п.; вартаўніком яго былая сьведка зьезду.
Мал. 17. Дом-музей І з’езда РСДРП у 1930-я. У вайну будынак згарэў разам з экспазіцыяй і быў адноўлены ў 1948 годзе. У 1953 падчас рэканструкцыі Ленінскага праспекта быў перанесены з Плошчы Перамогі бліжэй да Свіслачы, дзе і стаіць зараз.
Яшчэ далей па Савецкай вул., направа будынак Залататорскага касьцёлу ў стылі спозьненай беларускай готыкі сярод багатых дрэвамі могілак, побач з месцам прыпынку аўтобусаў.
Мал. 18. Касцёл Святога Роха на паштоўцы 1904 года.
Крыніцы:
Тэкст - “Куды і як вадзіць экскурсіі”, М. Каспяровіч, часопіс “Наш край”, №4, Менск 1929;
Фота -
wikipedia.org,
minsk-old-new.com,
oldmensk.net, “Мінск незнаёмы” (І.Куркоў, 2002) і “Мінск: гісторыя пасляваеннага аднаўлення 1944-1952” (В.Кірычэнка, 2004)