Прачытана за апошні час

Dec 28, 2015 12:46

Апошнім часам чытаю менш чым раней, дый то ў асноўным фантастыку. Хачу падзяліцца меркаваннем аб прачытаным з аматарамі жанру, можа каму цікава будзе.

1. Трылогія "Прышэсце ночы" / The Night's Dawn Trilogy
Пітэр Гамільтон / Peter F. Hamilton


Яна хоць і трылогія, але тамоў там фактычна шэсць, бо кожная частка разбіта на две кнігі. Я чытаў іх некалькі месяцаў. І так, гэта не той Гамільтон, што ў 1940-я "Зорных каралёў" напісаў:) Пітэр Гамільтон брытанскі пісьменнік 1960 года нараджэння, даволі вядомы фантаст сучаснасці, шмат чым дзячуючы сваёй трылогіі "Прышэсця ночы". І гэта, я вам скажу, вельмі якасная касмаопера, на узроўні таго ж "Гіперыёна" Сіманса. Сусвет "Прышэсця" прадуманы і разнастайны, глабальная навала якая апанавала чалавецтва глабальна даволі арыгінальная і ўсеахопная, аўтар майстэрскі апісвае крызіс з розных бакоў і пунктаў гледжання. Героі трылогіі яскравыя і добра запамінаюцца, за іх прыгодамі цікава сачыць, увогуле, у кнігах амаль няма нецікавых сюжэтных ліній, пра якія думаеш, хутчэй бы яна скончылася. Але гэтая ўсеахопнасць і падрабязнасць апісанага крызіса чалавецтва, па-мойму, аказалася для аўтара непад'ёмнай. Напрыканцы трылогіі Гамільтон настолькі пагоршыў сітуацыю, што для яе разрашэння прыйшлося прыбягаць да вядомага з антычнасці прыёму "бога з машыны" і гэта, як па мне, самы вялікі мінус трылогіі.

2. "Пятая хваля" / The Fifth Wave і "Бясконцае мора" / The Infinite Sea
Рык Янсі / Rick Yancey


Зараз многія лаяцца на засілле падлеткавай фантастыкі. Зрэшты, большасць людзей і так усю фантастыку лічыць падлеткавай літаратурай, і ня робіць ніякіх адрозненняў паміж "Несапраўднай слепатой" і якімі-небудзь "Галоднымі гульнямі" (ты ж не такі, мой чытач?). Але я не пра тое. "Пятая хваля" чарговы "падлеткавы" раман, які будзе хутка экранізаваны. І ведаеце, пачатак гэтага раману мне нават вельмі спадабаўся. Безлікія іншапланетнікі метадычна і павольна знішчаюць бездапаможнае чалавецтва. Атмасфера безвыходнасці і адзіноты, сумесь постапакаліптычнай атмасферы і параноі. Кніга вуснамі герояў неаднаразова кажа - гэта вам не "Дзень незалежнасці", ці "Вайна міроў", тут у чалавецтва няма ніводнага шанца перамагчы навалу. І гэты настрой захоўваецца траціну кнігі. А затым... затым пачынаецца "Дзень незалежнасці" і "Вайна міроў". Калі першы раман Рыка Янсі мне пракаціў (я яго ледзь не за два вечары праглынуў), то другі - "Бясконцае мора" - я чытаў праз сілу. Змрочны постапакаліптычны "survival" ператварыўся ў ружовыя соплі. Сумна.

кнігі, зацемка, фантастыка

Previous post Next post
Up