Міжваенная архітэктура Баранавічаў.

Apr 03, 2015 21:09

Пост спецыяльна для kresy_arch.

1. На мінулым тыдні зноў наведаў Баранавічы каб пяць гадзін катаваць жонку "польскімі домікамі" пашукаць мясцовую "міжваенку". Тое-сёе я ўжо бачыў увосень, калі з "днішча-турам" ездзіў па баранавіцкіх заброшках і днішча-барах. Зрэшты, і на гэты раз я наўрад ці зафатаграфаваў усё, што захавалася ў Баранавічах з "польскіх часоў". Напрыклад, залінейны раён горада (там дзе даваенная пажарная каланча) я зноў не наведаў, не быў і ў раёне былога гарнізона 26-га палка ўланаў Войска Польскага (хаця, як я разумею, там мала чаго захавалася). Мой шлях прайшоў па цэнтральных вуліцах Баранавічаў ад станцыі "Баранавічы-Палесскія" да будынка былой польскай радыёстанцыі і назад з невялікі адхіленнямі ад прамой маршрута. Дарэчы, пры падрыхтоўцы да паездкі і да напісання гэтага паста я карыстаўся інфой у тым ліку і з цудоўнага картаграфічна-краязнаўчага сайта пра Баранавічы, які хачу параіць і вам - 1871.by.


2. Горад Баранавічы за часамі Другой Рэчы Паспалітай быў цэнтрам павету Наваградскага ваяводства. У той час горад - буйны чыгуначны і вайсковы цэнтр рэгіёну - актыўна забудоўваўся. Зрэшты, вялікая частка будынкаў, узведзеных у той час, прызначалася для польскіх вайскоўцаў і чыноўнікаў. Адзін з тыповых абразчыкаў ведамаснага жылля 1920-х - афіцэрскі дом на 12 семьяў паводле праекта львоўскага архітэктара Тадэўша Абмінскага (arch. Tadeusz Obmiński) - захаваўся ў цэнтры Баранавічаў на вул.Леніна:


3. Тыповы праект дома быў распрацаваны архітэктарам для Фонду вайсковага кватэравання (Fundusz Kwaterunku Wojskowego), установы створанай Пілсудскім (тады яшчэ міністрам абароны) у 1927 годзе. Фонд займаўся збудаваннем жылля для вайскоўцаў або на набытых зямельных участках, або падораных мясцовымі ўладамі, або прадастаўленых Міністэрствам абароны. Для абрання аптымальных праектаў неаднаразова ФВК праводзіў архітэктурныя конкурсы. Пабудаваныя дамы станавіліся ўласнасцю міністэрства, а арэндная плата пералічвалася фонду. Дэталі сваёй дзейнасці фонд рэгулярна асвятляў ў агульнапольскай прэсе, напрыклад, наступныя малюнкі я ўзяў з часопіса "Архітэктура і Будаўніцтва" (Architektura i Budownictwo) нумар 2-3 за 1929 год:


4. Від на дваровы фасад:


5. Планіроўка:


6. Дамы паводле праекту Абмінскага апроч Баранавіч былі пабудаваны ў Склінаве (цяпер у складзе Львова), Радаму, Бяла-Падлясцы. Фота 1929 года з польскага Радама:


7. Падобны ракурс у Баранавічах. Бачна, што як і ў выпадку з маладзечанскім домам для афіцэраў КАП 1925 года пабудовы, парадныя выхады ў будынку былі закладзены. Зрэшты тут прычына магла палягаць у тым, што паступова ўзровень вуліцы Леніна падымаўся (новы асфальт, ходнікі) і ніз парадных дзвярэй апынуўся ніжэй узроўня зямлі:


8. Пад'езд дома ў Радаме буйным планам на старым фота:


9. Пад'езд дома ў Баранавічах:


10. Від на дваровы фасад:


11. Далей, калі ісці па вул.Леніна ўглыб горада, можна пабачыць рэшткі былой "урадавай калоніі" - кварталу жылой забудовы для польскіх чыноўнікаў. Так ён выглядаў на старым фота:


фота з 1871.by

12. Сёння былы квартал схаваны ў дварах дамоў савецкага часу, што стяць на вул.Леніна. Ад старой забудовы ў арыгінальным выглядзе да нашага часу дайшло літаральна два будынкі. Першы (крайні справа дом на здымку вышэй) - гэты тыповы дом на 6 семьяў тыпу "S" архітэктара Тэадора Буршэ (arch. Teodor Bursze). Цяпер тут знаходзіцца дэпартамент аховы МУС:


13. Дом на малюнку 1925 года:


14. Дваровы фасад зараз зняць праблематычна, бо тэрыторыя вакол будынка агарожана:


15. На фотаздымку 1925 года гэты фасад выглядае так:


16. Праект:


17. Планіроўка перашага паверху:


18. Побач з дэпартаментам знаходзіцца жылы дом - напэўна, гэта таксама праект архітэктара Буршэ толькі перабудаваны да непазнавальнасці:


19. Від з двара:


20. Будынак на малюнку 1925 года:


21. Другі будынак, што захаваўся амаль без зменаў - тыповы дом для старасты (typ II-C) архітэктара Ежы Бэйла (arch. Jerzy Beill) - "гарманічна" упісаны ў пазнейшую архітэктуру горада:)


22. Так дом з падобнага ракурсу выглядаў раней:


фота з 1871.by

23. Від з двара. Дамы паводле гэтага праекту захаваліся ў Валожыне, Наваградку, Слоніме і інш:


24. Ад былой "урадавай калоніі" мы з жонкай рушылі далей па вул.Леніна да Новага парка, там зазірнулі на вул.Штокераў, каб падсілкавацца ў "Несцерцы". На гэтай вуліцы знаходзіцца цікавы дом у стылі функцыяналізма, аздоблены арыгінальнай пліткай (я яго ўжо фотаў раней):


25. Далей мы прайшлі праз парк на вуліцу Горкага. Тут з боку парка захаваўся будынак прамысловага выгляду. На аэрафотаздымках часоў вайны тут бачны вялікі комплекс пабудоў - ад якіх дасёння засталася толькі частка, што выходзіла фасадам на вуліцу - яе я і зафатаграфаваў. Магчыма, гэта не "міжваенка", а самая сапраўдная "дарэвалюцыонка":


26. Вул.Горкага завяла нас у кварталы прыватнай забудовы, у якіх там-сям я заўважаў выспачкі прыватных дамоў "міжваеннага" выгляду, кшталту гэтага:


27. Ці гэтага:


28. У тым жа раёне ў квартале бальніц і паліклінік я пабачыў будынак характэрнай для функцыяналізма формы:


29. Побач вядзецца будоўля, таму паўсюль вагончыкі:


30. Прычым будуюць, дакладней ужо амаль дабудавалі, нешта не менш функцыяналістскага выгляду:


31. Калі б не адсутнасць гэтай пабудовы на аэрафотаздымках часоў вайны, я б моцна задумаўся, ці не "міжваенка" гэта:


32. Недалёка знаходзіцца Баранавіцкі музычны каледж, размешчаны ў "міжваенным" будынку:


33. Калі прайсці у бок чыгункі да вуліцы Брэстскай, то можна пабачыць такі вось драўляны дом:


34. Падобна на школу міжваеннага часу, хаця гэта можа быць і дарэвалюцыйная пабудова:


35. Насупраць яе праз вуліцу стаіць дом з рысамі драўлянага функцыяналізму:


36. Паблукаўшы па прыватным сектары, мы нарэшце выйшлі да перліны баранавіцкага функцыяналізму - польскай радыёстанцыі 1930-х, што месціцца на ўскрайку Старога парка:


37. Будавалася станцыя два гады з 1937 па 1939, але радыёвяшчанне пачало ажыцяўляцца ўжо ў 1938 годзе. На тэрыторыі станцыі знаходзілася две 141-метровыя радыёмачты. Яны добра бачныя на здымку, зробленым нямецкім бамбоўцам у 1939 годзе:


фота з суполкі baranovichi_by

38. Зрэшты, той бомбавы налёт скончыўся безвынікова - радыёстанцыя амаль не пацярпела і вяла трансляцыі як за "першымі саветамі", так і ў часы нямецкай акупацыі. Вышкі былі падарваны толькі ў 1944 годзе пры адступленні нямецкій войск. На сучаснай тэрыторыі станцыі і ў старым парку дагэтуль можна бачыць бетонавыя фундаменты мачтаў і месцы краплення тросавых расцяжак:


39.


40.


41. Фота, зробленае з адной з мачтаў. Від у накірунку цяперашняй станцыі "Баранавічы-Цэнтральныя". На здымку бачныя будынак цяперашняга муз.каледжа (з фота 32) і бальнічны корпус (фота 28, 29):


42. Будынак радыёстанцыі з'яўляецца яскравым прыкладам функцыяналізма 1930-х - паўкруглы выступ з шырокай тэрасай надаюць будынку імклівы выгляд:


43. Гэты эфект імклівасці абыгрываўся на даваенным малюнку:


44. Радыёстанцыя на старым фота:


45. Від на будынак з іншага ракурса:


46. На старым фота:


47. Наташа заўважыла, што бардзюр каля радыёстанцыі выкладзены нейкімі крыжападобнымі бетонавымі "шпаламі":


48. Магчыма, гэта таксама нейкія часткі разбураных канструкцый радыёстанцыі:


49. Адсюль мы рушылі назад да вакзала па вуліцы Камсамольскай. Па дарозе я засняў такі драўляны домік у "міжваенным" стылі:


50. Зрэшты, ён можа быць і дарэвалюцыйным, з такімі невыразным драўлянымі дамамі цяжка вызначыцца з часам пабудовы:


51. На процілеглым баку Камсамольскай знаходзіцца такі функцыяналістскі па выгляду жылы дом:


52. На ваенных аэрафотаздымках ён ёсць, але, магчыма, раней ён быў ніжэйшы і трэці паверх быў прыбудаваны пасля:


53. Ад Камсамольскай мы выйшлі на Савецкую (ах, гэтая баранавіцкая тапаніміка мне, ураджэнцу Маладзечна, рэжа вушы і зрок) да вядомага ўжо "міжваеннага" банкаўскага адзялення за аўтарствам архітэктара Станіслава Філасевіча (аrch. Stanislaw Filasiewicz):


54. Я фатаграфаваў яго у мінулае сваё наведванне горада ( пост тут), але толькі з галоўнага фасада. Цяпер зрабіў здымак зваротнага фасада скрытага густой расліннасцю:


55. Мінулым разам я не заўважыў, што побач з банкам знаходзіцца яшчэ адна "міжваенка":


56. Функцыяналістскі будынак з шыльдай "Гістарычнай каштоўнасці 1930-х":


57. Ад яго мы рушылі ў бок ужо наведанай "урадавай калоніі" але па дарозе спаткалі яшчэ некалькі даваенных па выгляду дамоў. Здаецца, што гэтая парачка будынкаў мела раней больш пакручыстыя і ламаныя дахі:


58. А гэты дом з чырвонай цэглы мог быць складзены і да рэвалюцыі:


59. Апроч "міжваенкі", я заўважыў у гэтым раёне адзін цікавы абразчык сучаснай беларускай архітэктуры. Страшненькі канешне будынак, але уплыў функцыяналізма і бруталізма ў ім адчуваецца:

старыя фота, Баранавічы, падарожжы, kresy_arch, фота, Заходняя Беларусь, краязнаўства, архітэктура

Previous post Next post
Up