Так казаў Заратустра альбо пара словаў пра к/ф "Люсі"

Sep 26, 2014 16:42

На днях паглядзеў новую стужку Л.Бессона "Люсі" са Скарлет Ёхансан у ролі звышчалавека. Кіно мне спадабалася. Як і большасць твораў французкага рэжысёра - фільм больш візуальны чым сюжэтны. На стварэнне прыгожай "карцінкі" у Бессона уйшло больш высілкаў, чым на напісанне праўдзівага і цікавага сюжэта (міф пра 10% загрузкі чалавечага мозга, які ляжаў у аснове сюжэта, даўным даўно навукова разбураны). Хаця, які ж можа быць сюжэт у фільмах пра звышлюдзей:)


Бессон рэалізаваў на кінаэкране сцэнар паступовага пераўтварэння сярэднестатыстычнага звычайнага чалавека у геніяльнага звышчалавека (так бы мовіць, у наступную с тупень эвалюцыі "хомо сапіенс"). Сцэнар даволі рэдкі для массавага кіно (адразу падумалася пра усялякіх супергерояй з коміксаў, але там не тое), але у навукова-фантастычнай літаратуры сустракаецца даволі часта. Пра кнігі, якія мне прыгадаліся пры праглядзе кінастужкі "Люсі" я і хачу трохі расказаць.



Першым узгадваецца даволі вядомы раман Дэніала Кіза "Кветкі для Элджэрнона" (я, праўда, чытаў толькі апавяданне, з якога гэты раман вырас), у якім распавядаецца пра разумова адсталага уборшчыка, які пасля правядзення хірургічнай аперацыі стаў ператварацца у звышінтэлектуала. У апавяданні (і ў рамане, напэўна) цікава перадаецца развіццё інтэлекту галоўнага героя праз змену арфаграфіі і стылю напісання пастоў запісаў у ягоным асабістым дзённіку.



Яшчэ адно яскравае і больш сучаснае апавяданне пра звышлюдзей я прачытаў у Тэда Чана. "Разумей" ўваходзіла у зборнік "Купец і чароўныя брамы", што выходзіў у НФ-серыі "Сны розуму". Гэтае апавяданнне больш жорсткае, хуткае, бескампраміснае, напоўненае навуковымі тэрмінамі - сапраўдная цвёрдая НФ (увогуле, у тым зборніку ўсе апавяданні як на падбор, ніводнага прахадного няма, рэкамендую). Калі глядзеў фільм Бессона, то адразу прыгадаў гэты твор Чана, бо па дынаміцы развіцця падзей фільм і апавяданне вельмі блізкія.



А вось першае маё знаёмства са "звышлюдзьмі" адбылося ў далёкім дзяцінстве, падчас чытання апавядання "Пачвара" Альфрэда Ван Вогта з эпічнага зборніка "Прадаецца планета" (гэты зборнік прывіў мне любоў да кароткага фантастычнага апавядання). Апавяданне цікавае тым, што вядзецца ад імя прадстаўнікоў іншапланетнай экспедыцыі, якая высадзілася на спустошаную Зямлю і пачала на сваю галаву ажыўляць людзей, каб даведацца аб прычынах глабальнай катастрофы. Адзін з ажыўленых аказаўся "звышчалавекам", эвалюцыянаваўшым звышінтэлектуальным "хома сапіенсам" са здольнасцямі тэлепартацыі і тэлекінэза (прам як у гераіні фільма на 80%). Чалавек хутка ўцяміў, што да чаго, і прыняў імгненныя захады да адраджэння чалавецтва, якія гасцям Зямлі не вельмі спадабаліся:)

меркаванне, кіно, фантастыка

Previous post Next post
Up