Аглядныя пляцоўкі Вільні

Sep 28, 2014 22:01

1. Пакуль нашыя з Наташай пашпарты ляжаць у літоўскай амбасадзе на афармленні новай халяўнай "паўкабанскай" візы, напішу-ка я яшчэ адзін пост пра Вільню!


2. Першая аглядная пляцоўка, на якую абавязаны ўзняцца, кожны паважаючы сябе турыст - гэта гара Гедыміна альбо Замкавая гара. Яшчэ зусім нядаўна ўсе схілы гары былі пакрытыя густымі зарасцямі дрэваў і хмызоў. У маіх дзіцячых успамінах захаваўся момант з нашай паездкі ў Вільню ў канцы 1990-х, калі мы узбіраліся да вежы Гедыміна па пакручыстай брукаванай дарозе, схаванай у густым ценю дрэваў. Цяпер гара выглядае так:


Такое спрэчнае пераўтварэнне вырашылі ўнесці ў аблічча Вільні гарадскія улады ў 2013 годзе, калі рыхтавалі сталіцу да правядзення "дажынак" прэдседацельства Літвы ў Савеце Еўрасаюза. Спрэчкі наконт правільнасці такога кроку не сціхаюць дагэтуль, але адзін дадатны момант з гэтай справы вымалёўваецца дакладна - фатаграфаваць з агляднай пляцоўкі на Замкавай гары стала прасцей, у аб'ектыў больш не трапляюць галіны і лістота. Калі цікава, можаце глянуць пасты darriuss'а з фоткамі, зробленымі з гэтага ж месца ў 2009 годзе ( тут і тут), калі трава была зелянейшай, а дрэвы вышэйшымі, дый, увогуле, шчэ былі:)

3. На фота вежа Гедыміна, на вяршыні якой ёсць уласная аглядная пляцоўка, але на яе мы не ўздымаліся і фоталі ўсё проста з гары:


4. Класічны від на стары цэнтр горада - колькасць храмаў на квадратны метр зашкальвае:


5. Вільня - зялёнае месца!


6. І пакручыстае! Від на ўсходнюю частку горада:


7. У цэнтры фоткі касцёл Святой Анны - папулярны аб'ект для фона авачак "уканкакце":)


8. Гэтая праваслаўная царква ў грузінскім стылі падняла з пучын маёй памяці яшчэ больш драмучыя ўспаміны дзяцінства пра годы, праведзеныя ў Ахалкалакі, Ахалцыхі і Тбілісі:


9. Але прыйшла пара развярнуцца на 180 градусаў і паглядзець на сучасны цэнтр горада, што раскінуўся на правым беразе Віліі/Нярыса:



10. Першым кідаецца ў вочы сучасны бізнэс-цэнтр са шклянымі хмарачосамі:


11. А другім - гэтая незразумелая загагуліна на ўзбярэжжы Віліі:)


12. Ня гледзячы на сучаснасць, на тэрыторыі гэтага раёна сустракаюцца будынкі розных гістарычных эпох: касцёл св.Рафаіла часоў Рэчы Паспалітай, гасцініца "Lietuva" савецкага перыяду і сучасная штаф-кватэра Swedbank:


13. Трохі правей ад бізнэс-цэнтру на самым беразе ракі знаходзіцца бадай самая знакамітая віленская "заброшка" - палац спорта Вільні:


14. Перапрацаваная копія мінскага палаца спорта - пра іх нядаўна быў грунтоўны артыкул на "анлайнеры" ад усё таго ж darriuss'а - Копия верна: где построены дубли известных зданий белорусской столицы.


15. Дарэчы, на фоне закінутага палаца нядаўна праходзілі здымкі італьянскага блокбасцера "Сібірскае выхаванне" з Джонам Малкавічам у ролі сібірскага ўркі. Кено я не глядзеў, толькі зірнуў разгромны агляд на "юцюбе":


16. Злева за палацам спорту чорным кубам разрывае прастору будынак генеральнай пракуратуры Вільні:


17. Справа за палацам расцілаецца самы густанаселены раён сталіцы - Малінаўка жывапісны віленскі спальнік Жырмунай:


18. Яшчэ адна "заброшка"/"недабуд" і жылыя "свечкі" на заднем плане:


19. Зрэшты, у тым Жырмунае не ўсё толькі панэлькі і "мапідаўскія" высоткі, ёсць і сучасныя жылыя комплексы, кшталту гэтых дамкоў на беразе Віліі:


20. Пару словаў пра саму гару Гедыміна. Для турыстаў-лайдакоў-багацеяў прадугледжаны пад'ём на гару на фунікулёры, пра які я пісаў у пасце пра грамадскі транспарт Вільні. Вось так выглядае прыёмны тэрмінал фунікулёра на гары:


21. Апроч вежы Гедыміна ёсць на Замкавай гары і іншыя рэшткі замка:


22. Старое і новае:


23. З гары Гедыміна добра бачна іншая аглядная пляцоўка Вільні - Трохкрыжовая альбо Лысая гара:


24. Сюды мы дабраліся толькі бліжэй да вечара. Доўга і пакутліва ўздымаліся па хісткіх драўляных прыступках, што вядуць да помніка з паўднёвага схілу гары. Аддышаліся і пачалі здымаць перадзаходнія краявіды:


25. Сам помнік паводле падання ўзведзены тут у напамін аб пакутніцкі забітых паганцамі ў ХIV стагодзі манахах-францысканцах. Паступова помнік стаў сімвалам незалежнасці Літвы - кампанія па аднаўленню разбуранага у 1951-м годзе мемарыяла набыла агульнанацыянальны характар у 1989 годзе:


26. Каля падножжа ляжаць кавалкі старога разбуранага помніка:


27. Але вернемся да краявідаў. Адсюль від на стары горад ці не лепшы чым з Замкавай гары:


28. Гмах на гарызонце - 96-мятровая вежа Helios City:


29. Кафедральная плошча - від з фронту:


30. Але самыя класныя віды адсюль, з лясістай Лысай гары, адчыняюцца на сапрады лысую Замкавую гару - на ёй мы і замкнем кола:

Вільня, падарожжы, Літоўская Рэспубліка, фота, архітэктура

Previous post Next post
Up