Прайшла канферэнцыя «Трансфармацыя ментальнасці беларусаў у XXI стагоддзі»

Nov 26, 2013 17:41





Навукова-практычная канферэнцыя па гэтай тэме адбылася ў Мінску 24 лістапада. Арганізатарам канферэнцыі выступіла ГА «Інстытут беларускай гісторыі і культуры» (Рыга, Латвія).

Як адзначыў навуковы сакратар інстытуту, прафесар Анатоль Тарас, ментальнасць - гэта агульная скіраванасць і канкрэтныя асаблівасці мыслення асобных індывідаў, малых груп людзей і сацыяльных пластоў грамадства. Паводле ягоных словаў, галоўнымі характэрыстыкамі ментальнасці з’яўляюцца карта сусвету, стыль мыслення і кодэкс паводзін, шчыльна звязаныя паміж сабою.

Тарас звярнуў увагу на тое, што на чалавека ўздзейнічаюць сацыяльныя, эканамічныя і псіхалагічныя асаблівасці тых малых груп, чальцом якіх ён з’яўляецца, а таксама сістэма адукацыі і грамадскага выхавання, СМІ, рэлігія і формы масавай культуры.

Паводле ягоных словаў, радыкальныя змены жыцця грамадства пасля распаду СССР выклікалі разбурэнне савецкай ментальнасці і ўпарты супраціў значнай часткі насельніцтва сацыяльным пераменам. “Усё сказанае прысутнічае і на Беларусі. Акрамя таго, з моманту здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе і па сёння беларускае грамадства застаецца пад масіраваным расійскім палітычным, культурным і сацыяльна-эканамічным уздзеяннем. Прычым расійскі ўплыў у гэтых сферах істотна пераважае ўздзенне аб’яднанай Еўропы”, - падкрэсліў навукоўца.

На ягоную думку, гэтыя чыннікі запавольваюць і ўскладняюць працэс рэфармавання беларускага грамадства ў адказ на глабальныя выклікі XXI стагоддзя.

Кандыдат культуралогіі Ірына Шумская звярнула ўвагу на тое, што ў айчыннай эліты пераважаюць вузкалобыя інтарэсы, якія, на жаль, часцяком узносяцца вышэй за інтарэсы грамадства і беларускага народу. “І пакуль мы не пераадолеем гэтую адмоўную тэндэнцыю, будзем сядзець у той жа каляіне”, - падкрэсліла навукоўца. Бо, на яе думку, менавіта не столькі дзяржава, як беларуская нацыянальная інтэлігенцыя нясе гістарычную адказнасць за вырашэнне праблемаў нацыі. “Аднак у большасці прадстаўнікоў інтэлігенцыі пакуль адсутнічае персанальная адказнасць за свае словы, дзеянні і праекты. У грамадскіх дзеячоў, палітыкаў і прадстаўнікоў інтэлектуальнай супольнасці пераважае умоўна-аморфная калектыўная адказнасць. Рэальна атрымліваецца так, што ніхто ні за што не адказвае”, - падкрэсліла Ірына Шумская.

На яе думку, будучыня дэмакратычнай, вольнай і незалежнай Беларусі немажлівая без дэсаветызацыі, беларусізацыі і асноўных каштоўнасцяў беларускага грамадства. “Ад гістарычнай гульні ў хованкі мы павінны перайсці да экспансіўнай стратэгіі, абапіраючыся на вялікі нерэалізаваны патэнцыял беларусаў замежжа, якія могуць зрабіць значна больш”, - падкрэсліла навукоўца. Яна прапанавала заснаваць Міжнародны дзень беларусаў, каб распачаць пазіцыянаванне беларускай культуры ў свеце і распрацоўку дакладнай стратэгі яе развіцця.

Паводле словаў кандыдата гістарычных навук Эдуарда Дубянецкага, у выніку цяжкіх і трагічных гістарычных падзей апошніх стагоддзяў, асабліва мінулага (паўстанняў, падзелаў, сусветных войнаў, рэвалюцый і палітычных рэпрэсій), беларускае грамадства стала надзвычай атамізаваным, апалітычным і апатычным, бо пазбавілася шырокай праслойкі сапраўды творчай і нацыянальна свядомай нацыянальнай эліты - найбольш адораных, смелых і адказных людзей.

“З-за гэтых непапраўных страт не толькі значна пагоршыўся генафонд нацыі, але і адбыўся працэс адлучэння значнай часткі грамадства ад нацыянальнай культуры”, - сказаў гісторык. Вось чаму, на ягоную думку, неабходна ўсімі мажлівымі сродкамі актыўна весці працэс інкультурацыі - далучэння нацыі да лепшых здабыткаў беларускай культуры, у тым ліку да каштоўнасцяў роднай мовы і нацыянальнай свядомасці, а таксама імкнуцца да пераадолення атамізацыі і расколу грамадства. “Дзеля гэтага нацыянальная інтэлігенцыя павінна пераадолець свае комплексы, свае страхі, сваю празмерную эгаістычнасць і свой празмерны індывідуалізм”, - падкрэсліў Эдуард Дубянецкі.

Да канферэнцыі быў выдадзены зборнік матэр’ялаў з 19 дакладамі на беларускай і рускай мовах гісторыкаў, культуролагаў, палітолагаў, пісьменнікаў, сацыёлагаў і эканамістаў.

Паколькі канферэнцыя з’яўляецца часткаю даследчага праекту “Дэмакратычны транзіт: ад камуністычнай дыктатуры да ліберальнай дэмакратыі”, на вясну наступнага году запланавана чарговая канферэнцыя па праблеме менталітэту “Дэмакратычны транзіт ў постсавецкіх і постсацыялістычных краінах”.

18 снежня Інстытут праводзіць у Мінску чарговую канферэнцыю па тэме “1863 год на Беларусі: паўстанне шляхты або рэвалюцыя?”.

Аўтар: Марат Гаравы, http://novychas.info

Неўзабаве на нашым сайце будуць выкладзеныя ўсе даклады гэтай канферэнцыі, а таксама відэазапіс мерапрыемства.

Фотасправаздача з канферэнцыі:



Выступае А.Е. Тарас



Выступае Кірыл Коктыш (Масква)



Выступае Ірына Шумская



Выступае Алег Віцень



Выступае Ігар Мельнікаў



Выступае Анатоль Астапенка



Выступае Сяргей Нікалюк



Выступае Эдуард Дубянецкі



Выступае Зьміцер Абразцоў
Previous post Next post
Up