Jul 22, 2009 13:04
Як вядома, бег часу вельмі небяспечны, а, здараецца, і балючы, асабліва калі ты - прыгожая жанчына. Старэньне для некаторых пераўтвараецца ў захапляльную сьмяротную гульню, у якой, у лепшым выпадку, губляецца маладосьць, у горшым - прыгажосьць, годнасьць і рэшткі розуму.
Адна з такіх жанчын падышла неяк да Пані W. і папрасіла грошай, ну хоць колькі. Павітала зь нейкім там царкоўным сьвятам і сарамліва ўсьміхалася, прыкрываючыся цнотай. Сама была апранутая з прэтэнзыяй на вышуканасьць і нават нейкую вінтажную маднявасьць.
Пані W. без хоць-якой задняй думкі ўзяла і ляпнула: "Я б і радая, ды няма ў мяне грошай, бабулечка..."
Жанчына, нібы спужаная птушка, хітнула галавой - пафарбаваныя ў блонд валасы разляцеліся, як пер'е, на твары замілаваньне ўласнай персонай, усё, здаецца, што засталося ад колішняй годнасьці, зьмянілася грымаскай пакрыўджанай какеткі: вочы акругліліся, шчокі ўспыхнулі, рэдкія зубы забыліся схавацца за тонкімі губамі: "Ды якая ж я бабулечка!" - "Вой, прабачце, я не хацела вас пак..." - "Не, вы мне скажыце, я што, напраўду "бабулечка"?" - "..." - "Стойце, стойце, скажыце, колькі мне, на вашую думку, гадоў?" - "..." - "Чаму вы думаеце, што я старая?" - "..." - "Няўжо кожны можа пацьвердзіць, што я - бабулечка?!" ...
Пані W. зьбегла ад далейшых роспытаў. Адзінае, што зацікавіла ў гэтым - тая лёгкасьць, зь якой жанчына забылася на "грашовае пытаньне" пры пераходзе да "дыскурсу старасьці". Суцяшала ж толькі тое, што яна ніколе не падае міласьціну, і таму за такую крыўду сорамна ня будзе.
гарадзкія вар'яты,
аптымізацыя жаху небыцця,
жаночыя слабасьці