Пра пошукі Берасьцейскага замка

Sep 24, 2013 22:43

Сёлета пачаліся археалагічныя раскопкі, мэтай якіх зьяўляецца пошук і вывучэньне Берасьцейскага замка. Яго слушна шукаюць непадалёк ад адкрытага ў свой час П. Лысенкам "Старажытнага Берасьця", дзе пазьней паўстаў слынны і унікальны для Беларусі адкрыты археалагічны павільён "Берасьце". На маю думку, адкрыцьцё Лыскенкі можна інтэрпрэтаваць прасьцей: ён знайшоў рэшткі забудовы старажытнага града X-XIII стст., на месцы якога ў XIV - пачатку XIX стст. існаваў замак. Іншымі словамі, гэта ёсьць самы цэнтр, або сэрца Берасьця, і яго пошукі, як на мой погляд, вельмі слушная справа.

Ніжэй хацеў выказаць некаторыя свае думкі наконт перспектывы пошукаў і інтэрпрэтацыі Берасьцейскага замка. Знайсьці рэшткі ад колішняга дрэва-землянога, а з сяр. XVII ст. бастыённага замка пасьля будаўніцтва расійскай крэпасьці ў ХІХ ст. будзе, відавочна, няпроста з-за значнай нівеліроўкі паверхні. Іншая справа, што на замку мелася мураваная вежа, месца разьмяшчэньне якой бачна на планах пачатку XIX ст. і ад якой маглі захавацца падмуркі.

План 1810 г.:



У легендзе падпісана: "28. Замокъ и на ономъ фундовая въжа"

План 1811 г.:



План 1824 г.:



План 1831 г.:



На плане 1824 г. выразна бачна, што вежа стаіць амаль на лініі земляных бастыённых умацаваньняў, аднак не адпавядае логіцы іх разбіўкі, таму, па ўсёй верагоднасьці, яна мела больш архаічны характар. На маю думку, гэта мог быць берасьцейскі мураваны стоўп, або вежа т.зв. валынскага тыпу ХІІІ ст., пра якую вядома з пісьмовых крыніц. Пазьней стоўп мог быць уключаны ў лінію умацаваньняў дрэва-землянога, а затым бастыённага замкаў і так датрываў да пачатку ХІХ ст.

Гэтую вежу, відаць, трэба атаясамліваць з вежай, бачнай на планах Э. Дальбэрга ў ланцугу ўмацаваньняў Берасьцейскага замка зьверху зьлева:





На апошнім плане бачна, што побач з гэтай вежай, быў закладзены земляны бастыён, што адпавядае сітуацыі на пачатак ХІХ ст., бо згаданая мураваная вежа стаяла якраз побач з бастыёнам.

На маю думку, варта было б паспрабаваць адшукаць падмуркі гэтай вежы. За яе можна было б зачапіцца і пры жаданьні неяк інтэрпрэтаваць ці рэканструяваць Берасьцейскі замак. З дапамогай цікавых архітэктурных рашэньняў можна было б паспрабаваць стварыць пэўны вобраз, які б стаў сімвалам пачатку і тысячагадовай гісторыі Берасьця.

ФАРТЫФІКАЦЫЯ

Previous post Next post
Up