Пляны Слуцка XVII-XVIII стст.

Dec 10, 2012 00:03

Па колькасьці плянаў XVII - XVIII стст., што захаваліся да нашага часу, гораду на Случы пашэньціла ня менш чым сталічнай Горадні ці ваяводскаму Берасьцю што зьяўляецца добрым падмуркам для далейшага вывучэньня гісторыі і горадабудаўніцтва гэтага як для мяне то найцікавейшага горада на Беларусі. Ніжэй хочу прадставіць тое з іканаграфіі, што мы маем на цяперашні час.

Першы па храналёгіі плян можна датаваць 40-ымі - першай паловай 50-ых XVII ст. (да 1655 г.) Яго аўтарам быў, на маю думку, сам польны гетман Януш Радзівіл, хаця сам плян ён, відаць, скапіяваў з нейкага іншага невядомага нам пляна. Свае думкі наконт гэтага шэдэўра маляваньня на калене выклаў у друку тут.




Гэты і тры ніжэйшыя пляны арыентаваны прыкладна на ўсход, ці на паўночны-ўсход.

Наступны плян выкананы ў 1704 годзе Якабам Фойгтам быў даўнавата выяўлены даследчыкамі, аднак, на жаль, ніколі не друкаваўся ў добрай якасьці. У той час, як даследчыкі, ў тым ліку Міхась Ткачоў, карысталіся больш позьнімі і горшымі па якасьці плянамі.




Фактычна копіяй пляна Фойгта зьяўляецца плян выкананы Аляксандрам Гофаўксам у 1731 годзе, які мне ня так даўно трапіўся ў адным зь нямецкіх архіваў.




Асобы Фойгта і Гофаўкса, дарэчы, тлумачаць, чаму Слуцку так пашэнціла з іканаграфіяй. Яны абодва былі вайсковымі інжынерамі, якія служылі пры гарнізоне Слуцка, і час ад часу мусілі ў якасьці справаздачы аб наяўнай у горадзе сітуацыі высылаць ўладальніку яго пляны. Праўда,Гофаўкс, відавочна, "схалтурыў" скапіяваўшы плян Фойгта.

А вось плян з альбома Максіміліяна фон Фюрстэнхофа, хаця і датуецца адносна (ён, ці хутчэй першаўзор для яго, быў выкананы ў першай траціне XVIII ст.), аднак дае надзвычай багаты матэрыял для разуменьня горадабудаўнічага разьвіцьця Слуцка, а менавіта - вулічную сетку. Пры чым, як мне падаецца, апошняя адлюстравана вельмі дакладна. Вось знайсьці б арыгінал з якога Фюрстэнхоф зрабіў плян Слуцка ў свой альбом.




Плян Фюрстэнхофа арыентаваны прыкладна на поўнач. Ён адносна нядаўна быў знойдзены Алесем Белым, хаця ізноў жа яшчэ не дачакаўся якаснай публікацыі.

Ужо пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай у Слуцак прыйшлі расійскія афіцэры, якім трэба быць удзячнымі за плян горада канца XIX ст. Мне ён вядомы прынаймней у трох варыянтах, абсалютна ідэнтычных па сутнасьці, якія былі апублікаваныя ў досыць добрай якасьці. Галоўнай перавагай гэтага пляну з'яўляецца адлюстраваньне будынкаў, у той час як фартыфікацыі паказаныя шмат у чым умоўна. Бачна, што для расійскіх уладаў фартыфікацыі Слуцка не ўяўлялі вялікага інтарэсу, у той час як раней, як бачна па плянах Фойгта і Гофаўкса, іх адлюстраваньне было бадай што галоўнай прычынай стварэньня плянаў горада.




Вельмі спадзяюся, што ў будучыні ўдасца выявіць яшчэ што-небудзь цікавае.

Крыху больш навуковападобна пляны Слуцка апісаў ў гэтым невялікім артыкуле.

СЛУЦАК

Previous post Next post
Up