Заява старшыні БНФ з нагоды абмежаванняў для працы назіральнікаў на участках

Jul 24, 2020 00:32


Пастанова ЦВК пра абмежаванне колькасці назіральнікаў на выбарчых участках з’яўляецца яшчэ адным абуральным парушэннем выбарчага заканадаўства. Гэтае рашэнне ведамства Ярмошынай наўпрост супярэчыць артыкулу 13 Выбарчага кодэкса, які вызначае прынцыпы галоснасці выбарчага працэсу.

Пасля забароны незалежнай сацыялогіі, пасля зачысткі выбарчых камісій ад прадстаўнікоў апазыцыі, пасля здзеклівага для выбаршчыкаў абмежавання пляцовак для агітацыі - гэтым крокам улады змагаюцца з апошнімі легальнымі сродкамі выяўленьня злачынстваў, якія робяцца на выбарчых участках падчас падліку галасоў.

Мы бачым, што як для Лукашэнкі робіцца цеснай нават цяперашняя Канстытуцыя, напісаная пад яго асабіста, так і для Ярмошынай робіцца нязручнай нават цяперашні недасканалы Выбарчы кодэкс.

Гэтую пастанову я расцэньваю як спробу прыхаваць ад грамадскасці незаконныя маніпуляцыі, якія чыняцца кантраляванымі адміністрацыяй выбарчымі камісіямі. Гаспадары “каранавыбараў” намагаюцца не проста зрабіць фальсіфікацыі, але і зрабіць гэтыя фальсіфікацыі таемна, нябачна для людзей.

Злачынствы робяцца ў таямніцы. Злодзеям не патрэбныя сведкі іх злачынных дзеянняў. Арганізатарам “каранавыбараў” не патрэбныя сведчанні іх махлярства.

Фактычна назіраць дазволяць толькі пра-лукашэнкаўскім псэўда-грамадскім структурам, якія цалкам падпарадкаваныя адміністрацыі. Асабліва цынічным выглядае спроба апраўдаць гэтую відавочна незаконную пастанову эпідэміяй COVID-19. Гэта здзек не толькі над жывымі людзьмі - гэта здзек над памяццю тых соцень беларусаў, якія пайшлі з жыцця ў выніку злачыннага бяздзеяння цяперашніх уладаў падчас пандэміі.

Ад імя Партыі БНФ я сёння буду мець кансультацыі з іншымі партыямі, якія ўдзельнічаюць у кампаніі назірання “Права выбару 2020”. Я ўпэўнены, што у нас будзе выпрацаваны супольны падыход датычна далейшых дзеянняў ва ўмовах фактычнай забароны незалежнага назірання.

Гэтым крокам улады канчаткова скінулі маскі - яны не клапояцяцца ані пра легітымнасць выбараў, ані пра давер да вынікаў выбараў з боку хоць нейкай часткі грамадства.

Выбары ўжо цяпер не могуць лічыцца сумленнымі. Вынікі выбараў, якія будуць абвешчаныя 10 жніўня, ужо цяпер не з’яўляюцца легітымнымі. Сёняшняя пастанова ЦВК сведчыць, што і сама Цэнтральная камісія ўсвадамляе гэтую нелегітымнасць.

http://narodny.org/?p=26635

коронавирус, Лукашенко, Беларусь, выборы

Previous post Next post
Up