Калісьці я вельмі любіла
гэты сайт з такімі цёплымі святамі на кожны дзень. Час ад часу святкавала :) Час ад часу нават пісала туды што-небудзь з нагоды. А сёння выпадкова ўбачыла зноў, прачытала пра вузельчыкі на шчасце і задумалася.
Наколькі мы ўмеем быць шчаслівымі? Наколькі мы дазваляем сабе гэта?
Не, ды ну яго, гэтае "мы". Яно мне падабаецца хіба ў Маркеса, а так - не люблю абагульненяў. Няма вось гэтых усярэдненых "мы", усе розныя, і давайце кожны сам будзе казаць за сябе.
Дык вось.
Наколькі я ўмею і дазваляю сабе быць?
Сёння, напрыклад, пасля ўчорашняй горкі і мокрых спіны-рук-ног-галавы ў мяне зноў саплівіць сынапатам. Яно і само па сабе непрыемна, а ў сукупнасці з раптоўным ад'ездам мужа яшчэ і планы паламала. Я не трапіла на сустрэчу, на якую вельмі хацела і збіралася, і замест гэтага сяджу паю гарбатай і пшыкаю носік. Але! Мы разам глядзім кіно і сачыняем жартоўныя вершыкі, а калі яшчэ прыгадаць тое, як пяшчотна і весела ён мяне будзіў раніцай, дык такое шчасце ахінае. Я, вядома ж, пры гэтым зноў не выспалася, але калі і засынаць, і прачынацца было так прыемна, дык якая розніца :)
І ўвогуле, я магу шмат іх знайсці - такіх вузельчыкаў на шчасце.
У мяне грае новая класная музыка.
Я ўжо зараз здольная назваць дзесяць (!) пунктаў, чаму новае месца працы мне падабаецца больш за старое (хаця ёсць і пару рэчаў, якіх мне тут не хапае... не кажучы пра некаторых людзей ;))
Упершыню за колькі там год у гэтым лютым я нарэшце зноў напоўніцу адчуваю сваё цела - і гэта таксама ух што такое! І ў мяне зноў на поўную сілу працуе мозг :)
Пакрысе здзяйсняюцца жаданні і ажыццяўляюцца планы.
Нечакана прыходзяць сюрпрызы і падарункі.
Ёсць людзі, якія мяне любяць і якіх люблю я. І яны супадаюць ))
Ды доўга можна пералічваць жа.
Гэта заўсёды было для мяне складана: засяроджвацца на пазітыве, а не на негатыве. Але я вучуся ).
Кожны выбірае для сябе, так. І можна выбраць завязаць вузельчык на шчасце. І тады яно абавязкова будзе побач і разам.