Feb 11, 2015 22:16
Мне сніцца,
што я акварыюм
з каляровымі рыбкамі.
Ува мне трапечуцца гупі
і б’юць хвастамі.
Ёсць яшчэ залатыя,
якія здзяйсняюць мары
(што былі проста снамі,
або не з намі,
або не там і
таму - не лічацца,
толькі хіба - урыўкамі).
Вясёлкавыя, вясёлыя,
расфарбаваныя сонейкам,
рыбкі гуляюць у хованкі,
быццам малыя дзеці,
замест матылькоў у жываце
танцуюць дзівосны танец,
плывуць ад вуснаў да сэрца
і там хаваюцца дзесьці…
І мне не трэба ні Фрэйда,
ні нейкіх соннікаў,
хоць зразумець усё да канца
я ніяк не ў стане.
Мне сніцца,
што я акварыюм…
І да мяне падыходзіць
еці -
вялізны і страшны -
і рыбак маіх
глытае…
З крыкам я прачынаюся.
П’ю гарбату.
Іду па праспекце.
Тонкая,
але моцная.
Празрыстая.
І
пустая.
гэта не паэзія