Прафесія: апазіцыянер

Dec 21, 2009 20:10

Асноўныя навыкі: павінен мець здольнасці аратара і зычны голас, быць адважным і рашучым, знаходзіцца ў выдатнай спартовай форме і прабягаць 100 метраў не менш, чым за 13.4 с, быць устойлівым да прапаганды БТ і дубінак АМАПУ, валодаць беларускай і іншымі мовамі, мець некалькі вышэйшых адукацыяў, быць універсальным і гібкім, мець здольнасць да самаадукацыі і пры неабходнасці выконваць ролю лектара, журналіста, трэнера, арганізатара культмасавых мерапрыемстваў і акцыяў, быць мэнэджарам палітычных кампаніяў, умець пісаць “гранты”.

Небяспека:можна атрымаць 2 гады хіміі за дэскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, за наўмыснае прычыненне шкоды дзяржаўнай сімволіцы, за паклёп на прэзідэнта, за дзеянне ад імя незарэгістраванай арганізацыі і 5,5 гадоў турмы, калі ты А.У. Казулін.
У горшым выпадку цябе чакае лёс В. Ганчара, Г. Карпенкі, Ю. Захаранка, З. Завацкага, А. Красоўскага.

Знешні выгляд:бывае афіцыйны і неафіцыйны. Афіцыйны - прэзентабельны выгляд для прэс-канферэнцый, сустрэч з фундатарамі, для баталій на партыйных з’ездах, афіцыйных сустрэчах і мерапрыемствах. Як правіла, перамагае белы верх, цёмны ніз - мужчыны ў строях, жанчыны ў прыгожых дзелавых касцюмах. І неафіцыйны - на фэстах, канцэртах, мітынгах, акцыях, летніках і іншых мерапрыемствах, якія здольны прыдумаць і правесці светлыя галовы па-еўрапейску думаючых людзей. Вопратка мае эксклюзыўны выгляд: трохразовае абгортванне бел-чырвона-белым сцягам, выкарыстоўванне яго як шаліка, хустачкі, накідкі, тунікі; наяўнасць банданы, кепі, абвешанасць значкамі ад “батфортаў” да “будзёнаўкі”, стужкі (пераважна джынсавыя - апошні піск моды!), абавязкова на плячэ павінен боўтацца вaлізак, а ў вусе быць уторкнуты навушнік, з якога мусіць данасіцца апошні тузін беларускіх гітоў. У каго даўгія валасы, той перавязвае хвосцік, ці хвосцікі бел-чырвона-белымі стужачкамі, а калі раптам пойдзе дождж, то выратуе ад яго толькі парасон бел-чырвонага колеру. Выратуе ён цябе таксама і ў вялікую спёку, а ўсе астатнія будуць глядзець на гэты атрыбут апазіцыянера з зайздрасцю.

Мова: як правіла, апазіцыянеры са стажам добра валодаюць беларускай мовай і калі апынаюцца на з’ездах, кангрэсах, фэстах, семінарах і іншых тусоўках праяўляюць навыкі валодання беларускай мовай і выкарыстоўвання эксклюзіўных беларускіх словаў, а пры сканчэнні мерапрыемстваў і аддаленні ад месцаў іх правядзення пачынаюць маскавацца і не вылучацца з асноўнага натоўпу, дабы не быць разканспэраванымі і пераходзяць на “вялікі і магутны”. Мова - гэта таксама апошні піск моды, постсындром “Беларускага майдану”, сымбаль свабоды, дэмакратыі, нязгоды з палітыкай улады.

Лозунг: Жыве Беларусь! І пад настрой: - Якая? - Незалежная! -Якая? - Дэмакратычная! - Што робіць? - Жыве-е-е!

Слэнг: маскаль - жыхар Расеі, касманаўт - амапавец у поўным абмундзіраванні з апранутым на галаве шлемам; лапша - дробна парэзаная папера з інфармацыйным зместам, якая прадназначана для распаўсюду з высотных будынкаў (кладзецца стопка на карніз і вецер яе ўздымае, разносячы па ваколіцах); ногі - людзі для распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі, абыходу кватэр падчас выбараў; закат над балотам - сучасны дзяржаўны сцяг; вянок - сучасны дзяржаўны герб.

Імідж: кожны фарміруе яго сам. Для кагосці апазіцыянер - гэта дыягназ, для другіх гэта прызванне, для трэціх - лад жыцця, для чацвёртых - нязгода з афіцыйным курсам палітыкі ўлады, і, нарэшце, для пятых, самых меркантыльных - гэта спосаб заробку грошай! Як правіла, у першых чатырох групах прысутнічае ідэалагічны складнік, чаго не скажаш пра пятаю.

Спосаб перасоўвання паміж гарадамі: пераважна аўтаспынам.

Хібы беларускай дэмакратычнай апазіцыі: там дзе два беларуса, там тры партыі.

Жарты беларускай апазіцыі: адзін беларус - патрыёт, два - дэмакратычная суполка, тры - дэмакратычная суполка са здраднікам.

Папулярны анекдот: -Чаму апазіцыянер спазняецца на спатканне?
- Ён затрымліваецца...


Previous post Next post
Up