Пра памяць

Nov 02, 2014 18:32

Апошнім разам як ездзілі ў Параф'янава знайшлі ў бабулі троху фотакартак. Усе старыя - 30-х - 60-х гадоў, добра ўжо парэпаныя. Сабе папрасіць іх пакуль не наважыўся, можа посьля, калі яны ўжо нікому ня будуць патрэбныя. Ну вы зразумелі... Пакуль жа проста пафоткаў іх, цяпер у тэлефоне часам гартаю, успамінаю, усьміхаюся...

Вось, напрыклад, адна з самых старых фотакартачак. На ёй чалавек, які навучыў мяне пэўна ўсяму, што я зараз знаю і умею. Гэта мамін татка (яны з сёстрамі ўсё жыццё звалі яго толькі так) і мой дзед Сямён Грыцкевіч. Тут яму 11 гадоў. Адразу відаць, што ў цацкі ён у гэтым узросце ўжо не гуляў.



На адваротным баку стары надпіс. Нейкае чысло красавіка 1938 года. Глыбокае. Надпіс пра зямлю я толкам расшыфраваць і перакласці не магу. Можа хто лепі знае па-польску і дапаможа?



Szyman Gryckiewicz. Шыман. Чуў гэта імя ў дзяцінстве, але ні разу не атаесамляў яго з дзедам.

А гэта ўжо канец 40-х - пачатак 50-х недзе. Малады дзед Сямён з нейкім карыфанам таксама ў Глыбокім. Раннія фота ўсе з Глыбокага, хаця дзед там ніколі ня жыў. Амаль усё жыццё ён пражыў у вёсцы Макаравічы. 30 кілометраў ад Глыбокага. Самы захад сучаснага Докшыцкага раёна. Дзед злева стаіць, яўна ў валёнках :)



Хаця, калі быць шчырым, некалькі гадоў дзед у Глыбокім усё ж пражыў. У мурах былога базыліянскага кляштару ў Беразвеччы. У турме сядзеў, карацей. З яго ж слоў, на танцах недзе паблізу пабіўся з нейкім. Той дастаў нож, ад яго ж увыніку і пацярпеў. Хто яго ведае, як яно там было, але дзеду я прывык верыць. Ды й далі ўсяго пару гадоў, а як на той час, дык гэта лічы прызналі невінаватым. І ўсе гэтыя колькі гадоў дзедава маці, мая прабабуля Вера, два разы на тыдзень пехатой хадзіла да Глыбокага і назад. Насіла сыну есьці, бо ў турме тады не кармілі зусім ніяк. Потым яна нам ужо казала: "Ай, што тое Глыбокае?! Мы як нада было і ў Полацк пехатой хадзілі, у людзей дарогай начавалі як абцямнеем, цёльня ўсе пускалі - ніхто не праганяў". Бабка Вера ўвогуле легендарны чалавек у нашай сям'і. Нарадзілася аж у 1904 годзе ў сялянскай сям'і, была сярэдняй сярод 8 дзяцей, палова з якіх у маленстве памерлі ад ціфу, адна паставіла на ногі сына, усіх траіх унучак і больш як да 90 гадоў яшчэ глядзела нас, сваіх праўнукаў. А пашпарт, напрыклад, упершыню атрымала ўжо ў 1990-х гадах, тады ж толькі і пенсію пачала атрымоўваць. Вось сэлфі бабкі Веры з маёй кузінай Юляй на фоне моднага па-гарадскому дывана і саматканай посцілкі :) 1985 год.



Тут бабка Вера многа маладзейшая. З маёй мамай і яе старэйшай сястрой Валяй. Па ўзросце мамы магу меркаваць, што гэта 1958 ці 1959 год. Бабцы, значыць, 54-55. Фатографы ўжо пачалі выязджаць на дом, нават у маленькія вёскі.



Фотакартачка з 70-х. Прабабулю Веру на баране возяць па вёсцы на хрэсьбінах суседскага сына.



Тут зноў 50-я. Дзед з жонкай, маёй бабуляй Нінай, і старэйшай дачкой Валяй. Бабуля зараз мае 84 гады, жыве з малодшай дачкой - маёй цёцяй Алай - у мястэчку Параф'янава пад Докшыцамі. А ў дзеда фрызура як зараз носяць хіпстары, точна.



Дзед са старэйшай дачкой. 1955-ты.



1965-ты. Дзед, бабуля, мая мама і цёця Валя на фоне саматканай посцілкі. У маім дзяцінстве такіх посцілак у дзеда з бабкай было шмат, яшчэ не было ніводнай куплёнай. Некаторыя мы сцягалі, некаторыя струпехлі ад старасці, так што зараз на памяць засталіся можа са дзьве.



Недзе той самы час, можа крыху раней. Дзед каля ганку сваёй хаты у модным кажуху. У дзяцінстве гэны самы кажух служыў нам рэквізітам падчас гульні ў медзьвядзя :) У маіх самых ранніх успамінах Вольчынай хаты насупраць ужо не было. Быў толькі пагурак з бярозамі, што пасадзілі мама з сёстрамі. А яловы лапнік зімой па панадворку раскідвалі заўжды, каб не было слізка.



А гэта канец 60-х. Дзед стаў брыгадзірам у саўгасе і прыкупіў сабе новенькую "Панонію", папулярны ў той час венгерскі моцык. То быў першы дзедаў матацыкл. Але далёка не апошні. Брыгадзіру без такога транспартнага сродку ніяк: для машыны тады дарог не было ад слова зусім. Яшчэ ў сярэдзіне 80-х бацька расказваў, што ездзіў заляцацца да мамы на рабочым ЗіЛе, бо толькі яго вялікія калёсы маглі вытрымаць тагачасныя дарогі ля Макаравіч. Таксама на фота відаць гараж (злева), гародчык, кусок саду, гумно, хлеў і сабака Бобік, які відавочна не любіў фатографаў. Усё гэдак выглядала і ў маім дзяцінстве. Хіба што ў садзе стала больш дрэў, на гумне зьявілася пасека на 10 домікаў, а Бобік гераічна пражыўшы больш за 20 гадоў здох.



Пачатак 1940-х. Адзінае фота майго прадзеда Канстанціна. Ён прыйшоў з вайны, але доўга ўжо посьля не пражыў. Бабуля амаль нічога не расказвала пра свайго бацьку. А вось пра другога прадзеда - Юзіка - бабка Вера расказвала вельмі многа. Праўда фота ніводнага яго ніколі і не было. Дзед Юзік у вайну доўга хаваў у сваёй хаце маленькую жыдовачку, якую я ўжо знаў як бабу Ядзю з Рыгі. А застрэлілі яго праз людскую дурноту. Немцы ў нашай вёсцы амаль не зьяўляліся ні разу за тыя колькі гадоў акупацыі. А вось парцізаны прыходзілі ці не штодня. Павыносілі з хат усё дабро, са свіранаў, потым з хлявоў. Кожны раз пад абяцанне "выратаваць ад немцаў як што". Дайшло да таго, што проста ў нашай лазьні сталі варыць канфіскованае мяса, напіліся, стралялі ў паветра ўсю ноч. А нехта схадзіў у Варганы і расказаў немцам. Тыя прыйшлі назаўтра, сагналі ўсіх суседзяў да дзеда Юзіка ў хату, пачалі дапытваць. Бабка Вера тады хварэла, ляжала на ложку за печкай. Кажыць, нічога толкам ня чула, толькі адзін нейкі хлапок. Потым да яе за печку зайшоў немец, паднёс пісталет пад нос і кажа: "Чуеш, чым пахніць?!" Бабка не варушылася, бытта зусім хворая, немцы і сышлі. Бабка Вера вылезла неяк з-за печкі, усе сядзелі трасліся і плакалі. Толькі дзед Юзік адзін сядзеў на ўслоніку ціха. З дзюркай у галаве ўжо не паплачаш. Потым мы часта пыталіся ў бабкі, чаму немцы па-нашаму гаварылі, але яна ніколі так і не адказала.



А во маладая бабуля Ніна са старэйшым братам Сенькам. Той на вайне здаецца ня быў, разьбіўся на трактары малады потым. А картачка харошая. Патографы па вёсках яшчэ і фон вазілі пекны.



Во, дарэчы, таксама 30-я. Войско польско моторызованэ, вшысцы на ровэрах :) Справа дзядзька Сенька, родны брат прабабкі Веры. Яго я яшчэ заспеў жывым. Памятаю ездзілі з дзедам да іх з бабай Лёнькай ў Варганы. Ён яшчэ і ў 90 гадоў быў вялізным поўным жыцьця мужыком, вёў гаспадарку, глядзеў сваю вялікую пасеку. Мне ўвогуле вельмі падабалася ездзіць на кані ў Варганы. Як бы і не далёка, але 15 кілометраў на кані - гэта шыкоўныя паўтары гадзіны часу на свежым паветры, а ў Варганах заўжды пачастуюць смачна, пакажуць Варганскую гару, раскажуць пра яе цікавых басень. Там жа і яшчэ адна прабабчына сястра жыла - баба Зося, і ўся вялікая радня бабулі Ніны. Як зараз памятаю, што баба Зося жыла пад самай гарой, у крайняй хаце. Кожны раз сустракала нас блінамі з печы, памачанымі ў смятане з цукрам. Вось я ўжо і не памятаю, як тая бабка выглядала, але затое яе бліны памятаю выдатна...  Дзе зробленае фота не падпісана, але пэўна ж у Глыбокім ля касцёла.



Тут ужо пэўна нейкія 80-я. Дзед з усімі амаль суседзямі. Коля і Іна Палачаніны, шаптун Генюсь з Тэрэсай, баба Лёдзя вунь хаваецца. Усіх я яшчэ бачыў. Жанчыны ўсе і дагэтуль жывыя, і сто гадоў ім яшчэ пражыць!



1990-я. Дзед з дзядзькам Валодзям з Рыгі. Гэта муж той самай жыдоўкі бабы Ядзі, якую у вайну дзедаў бацька ратаваў у сваёй хаце. На заднім плане тут толькі пастаўленая лазьня. Дзеду тут недзе 70, ён яшчэ працуе ў саўгасе. Малаказборшчыкам. Яму трэба было ранкам у дзвюх вёсках (Макаравічы і Вянюцінцы) сабраць малако ля кожнай хаты, а абедам пад'ехаць на дойку. Мы малыя заўжды ганялі з дзедам па малако, я нават запісваў алоўкам на адмысловай драўлянай дошцы якая гаспадыня колькі здала малака. Пэўна за гэта старыя мяне малога заўжды звалі "дзірэктарам". Вунь нават з-заду троху відаць яго рабочы транспарт - калёсы.



Ну і раз пайшла такая п'янка, то трэба паказаць і майго другога дзеда. Вось злева направа дзед Мішка, я і мой бацька. Дзед быў вельмі харошы чалавек, але пра яго нават гісторый ніякіх не раскажу. Пэўна ўсё таму, што ён жыў з намі. А ў Макаравічы мы ездзілі толькі на лета і гэта была цэлая прыгода. Іншай радні па-бацьку я і не засьпеў ужо, нажаль.



Пакуль пісаў гэты допіс пэўна тройчы пазваніў маме па кансультацыі. Тая ўжо як апошні раз званіў жартам крычыць: "Дай мне паляжаць у выходны, чорт ты нямыты!". Так што ладна, на гэтым і спыняюся. Дзякуй тым гераічным людзям, што хаця б дагарталі дасюль :)

Працяг, як і мы ўсе там, пэўна ж некалі будзе. Але хацелася б, каб ня скора. Памятайце.

я_на_фота, трохі "падрэзаныя" фотанькі, Глыбокае über alles!, куміры, пешу, людская мова, саплівасць допісу зашкальвае, жыцьцё пальцам пiханаё, фрагменты, рубрыка "старыя хіпаны"

Previous post Next post
Up