Чорны самапіар 2

Jul 29, 2014 18:28

Як "модны блогер" я проста ня мог не скласці магічную мапу Мазыра для Будзьмы. Чаму не Глыбокага? Усё проста. Ужо амаль палову жыцця не жыву там. Каб і ўзяўся, то на выхадзе, замест больш-менш нармальнага тэксту, здарыліся б адно настальгічныя соплі. Пакіну гэту справу на брата, пэўна.

Мазыр - дзіўны горад з процьмай магічных месцаў. Самая вялікая беларуская рака, найдаўжэйшыя масты, сталіца Палесся, беларуская Швейцарыя, наш Крым, дзевяціпавярховыя хмарачосы, загадкавыя палацы з выбітымі шыбамі, папулярны зімовы курорт, прыгарадны трамвай, цацачны замак у натуральную велічыню, праваслаўны ДТСААФ, Крупская-Шамякін і шэсць пасеяных Ільічоў, сад-прывід і гара Шайтан, загадкавыя цені зніклых меліяратараў і звычайныя гномы… Пра гэта вось усё і пра многае іншае вы не даведаецеся з магічнай мапы Мазыра. Але даведаецеся пра месцы яшчэ цікавейшыя.

Кімбараўка

Ці заўважалі вы, што ў кожнага горада ёсць свой смак? Вось так з завязанымі вачыма табе дадуць нешта паспытаць, і адразу здагадаешся, дзе ты ёсць. Пэўна ж заўважалі. Смак Мазыра - гэта медавуха. А дзе можна паспытаць найлепшай медавухі? Канечне, у бары “Кімбараўка”, які месціцца проста ў цагляным і пафарбаваным для надзейнасці ў колер цэглы будынку мазырскага бровара, пад гарой, дзе цяпер самалёт. Вы не глядзіце, што час там нібы спыніўся ў 60-х. Проста трэба зайсці, узяць дзве порцыі медавухі (адной будзе мала, а тры зваляць з ног і зубра Валеру), сесці на апошнюю лаўку, адпіць трохі, заплюшчыць вочы і… Добра, калі гарады захоўваюць памяць. Кімбараўка - старажытнае ўрочышча ля Мазыра, цяпер на яго месцы гарадская вуліца Гогаля. Некалі менавіта тут “звілі” сабе гарадзішча “першыя мазырчукі”. Таксама тут біліся дабро і зло ў легендзе пра паходжанне назвы “Мазыр”. І на тым месцы, дзе з гары скацілася пераможанае дабро, цяпер ляжыць Даліна Анёлаў і пекны касцёл. Зло таксама сканала, анягож. Але крыху вышэй па цячэнні Прыпяці, у Чортавай Даліне. Там таксама цяпер ёсць касцёл. Толькі не такі пекны… Смачна. Можна пабавіць час, размаўляючы пра надзённае з заўсёды немаладой цёткай-бармэнам.

- А ці ёсць у вас тут прыбіральня?

- А гара табе нашто?

Адказ заўжды будзе такі, праверана не адным пакаленнем “неафітаў”.

- Ці даўно ваш бар адкрыўся?

- Ой, даўненька. Ішчо Сталін стаяў…

Старажылы баюць, што ў пачатку мінулага стагоддзя мазырскі бровар пастаўляў сваю прадукцыю на стол самога Мікалая ІІ. Але пэўна брэшуць. Бо мясцовая медавуха смачная толькі тут. Хто ні браў паўтарачку-другую ў сталіцы ці ў іншых месцах - скрозь пойла. А ў “Кімбараўцы” - амброзія. Магія? Магія.



Каму цікава, за працягам сюдой.

п.с. Вялікі дзякуй інтэлектуальнаму спонсару і літ. рабыні гэтай магічнай мапы - Наце kiedy! :)

пеар, пацан зазыр - гэта Мазыр, Палессе - ты мяне валнуеш, хэндмэйд, пешу

Previous post Next post
Up