Слоўнік за жысць. Працяг

Mar 28, 2014 17:37

* * *
Некалі даўным даўно, калі яшчэ не было інтэрнэту, а ў магазінах прымалі "зайчыкі", мы з братам былі малымі. І як нармальныя шалапуты ўсё лета бавілі на дворы, наведваючы дзедаву хату толькі тады, калі арганізм прасіў паспаць ці пад'есці. І то не заўжды. А на дворы ровар, лес, возера, чужыя сады, мячык, ножыкі, рагаткі. Без рагаткі нармальны малец на вясковую вуліцу мог нават і не сунуцца. Спачатку мы пачыналі з простых, што тоненькай гумкай страляюць ліменявымі прабоямі. Але такім "снарадам" ні ката суседскага падбіць толкам, ні чужых курэй з гародчыка выгнаць. Потым перайшлі на драўляныя, з нацягнутай гумкай ад трусоў. Тут ужо можна было і камень зарадзіць, і маленькі зялёны яблык. Калі я выходзіў на двор з такой рагаткай, ня тое, што каты ды куры - сабакі носу з будкі не казалі. Але ж дзіцячы максімалізм - ён самы знішчальны. Неўзабаве мы перайшлі на вялізныя рагаткі з разгалінаванай маладой асіны ці альхі з гумай ад камеры роварнага каляса ці старога мячыка. Як зарад ішлі буйныя падшыпнікавыя шарыкі. Гэта была проста бранябойная зброя. Фанерыну якую ці лісты руберойду на дахах прабівала ўлёт. Посьля мы стралялі па бутылках, розных шклянках, потым білі варон. А потым мне стала сумна і я падшыпнікам высадзіў шыбіну проста ля дзедавага ложка. Абсалютна выпадкова, канечне, але калі гэта адмяняла пакаранне? І яно было суворым. Дзед забараніў нам з братам на панадворку, на вуліцы проці хаты, на гародзе і на гумне карыстацца рагаткамі. "У Глыбокім сваім хоць застрэльцеся, а тут каб ня відзіў такога болі". І не ўбачыў: дзед нам заўжды быў першым аўтарытэтам.

Ужо многа пазней, з тэлевізара ці падручніка па гісторыі я даведаўся, што такое"дэмілітарызаваная зона".

* * *
Звычайным летнім днём, нават калі і не было ніякай пільнай работы, у хаце ніхто ніколі не сядзеў. Уся сяліба была падзеленая на "зоны ўплыву". Бабуля дзелавала на кухні ці ў гародчыку з кветкамі і гароднінай "першай неабходнасці". Гэта тая гародніна, што ідзе на салаты і палявую закуску. Дзед ці то цепліў лазьню, ці то калупаўся ў гаражы з калёсамі, ці быў у каго на сяле "па справах". Ну, а мы малыя ўжо пасліся недзе паміж гумном, сваім панадворкам і панадворкамі бліжэйшых суседзяў, дзе таксама паміж гумном і панадворкам пасліся іх унукі. Але было ў двары такое месца, дзе нарэдчас мы ўсе збіраліся разам: гэта дзедава майстэрня. Прасторная, можа метраў 15 плошчы. Там было столькі цікавостак: розны дзедаў сталярны інструмент на старадаўнім драўляным варштаце, куток прыстасаваны для пляцення кошыкаў і вялізных лазовых карабоў, ці ня дзесяць кос падвешаных на бэльцы, калода з металічным кліном, каб гэтыя косы кляпаць, рознага памеру драўляныя чуркі, маткі з ліменявым і медным дротам, плёнка для парнікоў, куток пчаляра з вашчынамі і нарыхтоўкамі на рамкі, розныя даўнейшыя побытавыя рэчы, якія шкода выкідаць. І многа-многа ўсяго іншага. Рэдка, але было такое, што мы ўсе збіраліся ў гэтай прахалоднай будыніне без вакон і з земляной падлогай. І кожны рабіў нешта сваё, ціхенька, бо тое месца не любіла пустога балбатання. Дзед ладзіў пчолам рамкі ці, напрыклад, арудуючы шылам і шаршаткай рамантаваў які хамут альбо падсядзёлак. Бабуля магла прыйсці пагастрыць нажы, матычкі ці сесці ў светлым кутку цыраваць бульбяныя мяхі. Мы з братам таксама знаходзілі сабе зручнае ціхае месца і "майстравалі" караблікі, выразалі з дрэва цацкі, плялі маленькія кошыкі з мяккага дроту...

А вось не так даўна пэўна тут у жж я даведаўся, што такое багамерзкі "каворкінг".

* * *
А яшчэ, у нас была добрая і вясёлая суседка - баба Лёдзя. Ну як была, яна і ёсць, і дай ей Божа здароўя і сіл. Гэта проста дзедава хата даўно ўжо стаіць пустая, таму так і кажу. І гэта баба Лёдзя дужа любіла прыходзіць да бабулі на сяло. То запалак пазычыць, то запалкі аддаць, а то і проста пагаварыць за жысьць. А мы з братам любілі тыя іхнія басьні слухаць. У вёсцы ж там якія навіны? Раз у год можа што і зробіцца, а можа і не. Тэлевізара ж не было (зьявіўся недзе ікраз як "зайчыкі" перасталі ў магазінах прымаць), таму і слухалі. І хутка ў бабуль размова пераходзіла на "чым ты корміш сваіх басурманаў?". Бабуля паказвала на стол, дзе стаяла міска з сухарамі і блінамі і адказвала: "Во вялікую місу напякла, а яны бегаюць цэлы дзень цягаюць". А баба лёдзя заўжды адказвала: "Пяку і я сваім гэдак, алі пекныя гэткія як у цябе не палучаюцца". Часам суседка прыбягала пыталася: "Ніна, а ці варыш ты ягады? Вой, а ў мяне такія чырвоненькія не палучаюцца". "Ніна, Сенька, а ці капцілі вы ўжо кілбасы? Ого, а мае ня гэткія пахнючыя!"

А троху пазьней, калі бабуля лёдзя пастарэла і пэўна стала больш упэўненай, я вывучыў у школе слова "эталон".

Дзякуй, калі хто дачытаў да канца :) Пачатак, як што якое, вось тут: vital-rudak.livejournal.com/254835.html

хэндмэйд, пешу, жыцьцё пальцам пiханаё

Previous post Next post
Up