А ты знаеш, што такое "авізуальныя мемасубстанцыі"?

Feb 28, 2014 18:24

Калі не, то табе нада пачытаць "Разрушыцеля" Сцяпана Стурэйкі. Добрая кніжка. Памятаеце, я ж не пішу рэцэнзіі? Кніжка нават афігенская. Якраз для "чыталкі" - цюцелька ў цюцельку тое, што дохтар прапісаў. Сам чытаў дома, але ў дарогу яна будзе самае тое. Тым больш, што гісторыя пісалася аўтарам у дарозе. Дзесь ад Мінска да Вільні якраз хопіць. Ну ці ад оршы да Баранавічаў :)

Аўтар пра кнігу: "Гэта не зусім мастацкая літаратура, бо тут не стаяла задача стварыць гісторыю ці вобраз. Я навукова займаюся тэорыяй аховы спадчыны і рэстаўрацыі. Перыядычна ў мяне нараджаюцца нейкія вар’яцкія ідэі, асабліва калі студэнты ўжо каторы раз задаюць пытанне: а навошта гэта ахоўваць? Я намагаюся прыдумаць навошта, і нараджаюцца вар’яцкія ідэі, якія я не магу агучыць на лекцыі ва ўніверсітэце, бо на мяне будуць глядзець як на вар’ята. Тым больш не прынята такога публікаваць у сур’ёзных часопісах. Трэба было знайсці форму, каб усе гэтыя ідэі сабраць у адно. Над формай я разважаў доўга і нарадзілася нешта такое... У кнізе кожны сюжэт, кожны паварот і кожная дэталь нават - гэта або штосьці з актуальнай праблематыкі аховы спадчыны - што захоўваць, што рэстаўраваць, што такое аўтэнтычнасць і на што яна ўплывае. Першаснай мэтай было выкласці ідэі, якія прыходзілі мне ў галаву: праблема аўтэнтычнасці, праблема пашырэння спісу помнікаў, праблема глабалізацыі, калі ўсё гарады становяцца аднолькавымі, у тым ліку гістарычныя цэнтры - уніфікуюцца. Гістарычны цэнтр Кракава, Прагі ці Дрэздэна - яны нічым не адрозніваюцца! Архітэктурнымі дамінантамі - так, а мовай? У гістарычным цэнтры можна не зразумець, на якой мове размаўляюць людзі, а надпісы - і тыя па-англійску. Гэта праблема ў кнізе адлюстравана".



І вось яшчэ цытатка, каб падагрэць цікавасць: "У Гродне толькі два аб’екты варта адбудоўваць: Фару Вітаўта і званіцу брыгіцкага касцёла. Ды і тое, званіцу толькі таму, што яна кампазіцыйна ў належным месцы “робіць” усю вуліцу. А ў кантэксце ўсяго комплексу, які вельмі добра захаваўся, гэта амаль што рэстаўрацыя: рэканструкцыя званіцы, але рэстаўрацыя комплексу. А наконт рэшты… Аднаўляць трэба вобразы. Немагчыма аднавіць будынкі. Нават калі мы ведаем, якімі яны былі. Аднаўляць трэба вобразы, і гэта мусіць быць абсалютна сучасная архітэктура, так як гэта робіцца ў свеце. Як сказаў адзін з герояў маёй кнігі, Гродна гэта горад кепскай архітэктуры. На жаль, гэта праўда. Кёльнскі сабор і Каложская царква - будынкі аднаго перыяду, або Зімні палац і наш Новы замак - таксама будынкі аднаго часу і функцыі, але якая розніца! Непараўнальна! У нас у гэтым плане татальнае лузерства! Таму хоць раз мы мусім зрабіць нешта добрае".

Гедройць, кніжнае

Previous post Next post
Up