Будзем жыць?

Sep 12, 2013 19:44

Сёння раскажу пра свайго знаёмага, таксама супрацоўніка нашай "шарагі". Хлопец са звычайнай рабочай сям'і, рос на вуліцы лічы. Кніжак у вочы не бачыў, ледзь датрываў да канца 9-га класа і пайшоў у каледж нейкі вучыцца. Далей войска, вяселле, сын. Цяпер толькі зразумеў, што хоча атрымаць вышэйшую адукацыю, вучыцца ў Гомелі на завочцы. Дык вось, прыходзіць ён сёння на працу і апроч іншага вымае з сумкі "Імя грушы" Сяргея Балахонава. Разгаварыліся, упершыню пэўна нармальна. Аказваецца, малец чытае многа па-беларуску. Жонка як ляжала ў больніцы на захаванні знайшла кніжку ў палаце. Ці то Алесь Паплаўскі гэта быў, ці то Альгерд Бахарэвіч, Сяргей ужо добра не памятае. Але жонцы спадабалася, заслала яго ў кнігарню за кніжкамі. Так і падсела, а потым "цынічна" падсадзіла мужа. Сярод аўтараў, якіх Сяргей мне назваў былі Адам Глобус, Андрэй Хадановіч, Віктар Шніп, Зміцер Вішнёў, Андрэй Федарэнка, Людміла Рублеўская, Віктар Марціновіч, Пятро Васючэнка, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Сцяпан, Анатоль Казлоў. Нават Алену Брава, Сяргея Календу, Віктара Казько і Юрыя Станкевіча яны з жонкай чыталі. І не толькі самі чытаюць, але і яшчэ даюць сябрам кніжкі. Сеюць "разумнае, добрае і г.д."... Вось такое, аказваецца, ёсць. Ня думаў нават. Дык можа наша мова не такая і мёртвая, і нешта там наперадзе ёсць?

П.с. І яшчэ. Здаецца мне, ім добра пашчасціла, што пачалі знаёмства з беллітам не з класікі савецкай, а з сучасных рэчаў. А цяпер, як уцягнуліся, чытаюць і класікаў.

П.п.с. Дзіўна, што ўсіх гэтых аўтараў можна набыць у мазырскай кнігарні. Я, відаць, дрэнна шукаю...

кніжнае, людская мова, літаратурцы

Previous post Next post
Up