Зноў настальгічнае :) Той, хто дагартае гэты допіс да канца, можа падумаць, што я жыў недзе год 25 таму. Ужо як ёсць, чым калісці кіраваў, пра тое і напішу. Вось, напрыклад, многія пачыналі з такога вось драўлянага коніка (хадункі адмыслова не ўспамінаю, бо гэта не мы імі кіравалі, а яны намі:)) І я з такіх. Аднойчы ў годзікі тры так раскатаўся, што перакуліўся назад, стукнуўся патыліцай аб парог і згубіў прытомнасць. Бацька схапіў на рукі, завёў перадапошні транспартны сродак з гэтага агляду і папёр мяне ў больніцу. Як бачыце, жывы застаўся :) Але пасля гэтага ні на "коніку" не катаўся, ні ў больніцы не ляжаў ніколі. Вось такая прывіўка атрымалася.
Наступным транспартным сродкам для многіх - як і для майго брата - быў маленькі трохкалёсны ровар. Але яя ўжо не ў такіх перадзелках (глядзі вышэй:)) бываў, таму сеў адразу на двухкалёсны. Ну да, час ад часу прычапляў два маленькія страховачныя калёсікі, але ўсё адно! А "велік" як зараз памятаю быў вось такі ж сіні, з бліскучымі брызгавікамі, дастаўся мне ад дваюраднага брата аж з самой Масквы (тады я гэтым няхіла ганарыўся). Але ў адзін прыўкрасны (на самой справе не) дзень я ўжо стаў настолькі тоўсты, каб зламаць пад сабой раму і мой "жалезны сябра" пайшоў адпачываць да дзеда на гарышча. (Як там хапала месца на мільёны рэчаў дагэтуль не разумею).
І пачаўся доўгі і самотны як тады здавалася перыяд пешаходства. Як жа я зайздросціў хлопцам на вёсцы, у якіх быў ровар. У мяне не было: дзед заўжды меў больш сур'ёзны "спосаб перасоўвання". А бацькі неяк і ня думалі чухацца ў той бок, ім та і лепш - менш хваляванняў як не круці. Але "чорныя плямы" у жыцці заўжды змяняюцца белымі. І аднойчы маці з бацькам з базару прыцягнулі сапраўдны новы ровар. "Взрослік"! Ну і што, што адзін на дваіх. Ну і што, што брату на днюху. Гэта ж быў сапраўдны "велік"! Мы яго хутка адагналі на вёску, а там чакаў яшчэ адзін сюрпрыз: цётка прытараніла да дзеда ў рэмонт адзін з сваіх ровараў, вялізны, гадоў 30 яму было ўжо тады. Вось такі як на фота. Праўда ў ім былі пракруты, ланцуг падаў разы тры на дзень і цвёрдая сядушка бязлітасна ўпівалася ў... Але два ровары - гэта было шчасце :)
На наступным транспартным сродку "ганяў" не кожны, далёка не кожны. А я ў дзесяць гадоў умеў спакойна запрагчы і разпрагчы каня ў калёсы. Часта даводзілася самому правіць, па розных прычынах. Асабліва гэта прыдалося ўжо напрыканцы школьнага ўзросту, калі дзед нечакана ўвесну захварэў і злёг... Але мы з Сашкам і бабуляй годна падхапілі "знамя" і справіліся з усім. І з сенам, і з гародамі, і з зярном і г.д.
А гэта ІЖ "Планета-5". Апошні дзедаў матацыкал. Усё жыццё, колькі сябе памятаю, ён стаяў у гаражы без акамулятара. Але мы на ім усё адно пакаталіся досіць. Як? Дзед часта з'язджаў на доўга па справах. Мы выцягвалі "звяругу" і каталіся з пагуркаў розных. Як не разбілі ні разу сам зараз не разумею. Пэўна і праўда, што дурным заўжды шанцуе :)
Масквіч-412. Іжык. Бацька набыў яго па-блату проста з завода ў той год, калі я нарадзіўся. Катаўся таксама з пагуркаў і па чыстым полі. Праўда як мне было гадоў шэсць бацька "вырашыў" памерацца з фанарным слупом хто мацнейшы, слуп ці машынка. Бедны наш маскарадзік. Потым яго памяты кузаў гадоў 15 яшчэ стаяў дома на заднім двары, "радаваў вока". Добра бацька сам жывы застаўся. Усяго паўсотні швоў на твары. І гэта добра, што метраў 300 не даехаў да садка, брата так ехаў забіраць...
І вось, нарэшце, астатні пункт маёй няўдалай шоферскай "кар'еры". ВАЗ-21063. Ці проста жыгуль тройка. У яе таксама была свая гісторыя. Бацька з маці доўга пасля "Масквіча" збіралі даляры на машынку. У 96-м ці 97-м, як зараз памятаю, уначы бацька прыгнаў з Латвіі як тады здавалася такую "красавіцу". Бегала як новая, тут не падкапаешся. Але набытая па даверанасці. Мужык, што яе прадаў, зусім хутка сеў. Угадайце за што? Правільна: краў аўто. Так мы і ездзілі на гэтай машынцы хаваючыся ад даі па розных сабачых сцежках. Праз дзесяць год тройку прадалі. За паўтары сотні :)
Яшчэ двойчы я трапляў у аварыі на пасажырскім сядзенні. Цяпер за руль не сяду, ды й на пасажырскае крэсла ля вадзілы таксама з цяжкасцю. Пэўна сцуль, чо...
Вось такая нямудрая гісторыя. Прыцягу ня будзе :)