Oct 28, 2007 23:20
Зараз часта езджу паміж Кіевам і Будапештам. Дарога цяжкая і доўгая, але заўсёды шанцуе на добрую кампанію, і час пралятае лёгка і хутка.
Прыязджаю апошнім разам на ранішнім менскім цягніку. Кіеў мяне сустракае сонцам, шырачэзным Дняпром, Радзімай-маці, Выдубіцкім манастыром, чыгуначным насыпам і жоўтым лісьцем каштанаў.
Я люблю Кіеў. Яго нельга не любіць, асабліва калі першы раз у жыцьці ты ўбачыў яго ў цёплы травеньскі дзень, што дурны лётаў па Андрэеўскім спуску, насупраць Пячэрскай лаўры купаўся ў Дняпры і не бяз задавальненьня адчуваў, што дах твой далёка-далёка.
Я люблю кіяўлян. Люблю з таго часу, як Лідачкін дзед прытуліў нас у сябе на кватэры, а сам перасяліўся да нейкай бабулі на пяты паверх; люблю пасьля таго, як ля Марыінскага палацу мы дапамаглі хлопчыку адрамантаваць ровар, а праз пяць хвілін ён дагнаў нас з чакалядкай у руцэ.
Адзін мой украінскі сябар казаў, што Кіеў яму нагадвае Будапешт: Дніпро - Дунай, Дніпровські кручі - Buda hills. Для мяне Кіеў - родненькі Магілёў, у якім усё тое самае, толькі крыху большае: і Дняпро, і Дніпровські кручі, і Пячэрск.
Мне падабаецца Кіеў і Будапешт, Дняпро і Дунай.
Таму, хто нарадзіўся на беразе вялікай ракі, цяжка жыць у горадзе з ланцужком ацтойнікаў. Хаця той горад я люблю за іншае.
З Кіеву я ехаў у кампаніі аспірантаў з Нацыянальнага універсітэту імя Тараса Шаўчэнкі. Добрыя хлопцы, але нацыянальнай сьвядомасьці аніякай, размаўлялі выключна на чысьцюткім вялікім магучым. Затое пацанства дужа ўзрадавалася, даведаўшыся, што я з Беларусі.
- Ой! - кажуць, - а нам так беларускі рок падабаецца.
- Усрацца, - адказваю я, - і чым гэта ён вам так падабаецца?
- N.R.M. - Незалежная Рэспубліка Мроя, яны раней проста Мрояй называліся.
- Можа - Народная Рэспубліка?
- Не, - кажуць, - Незалежная.
- Няма ўжо N.R.M..
- Як няма? Яны ж альбом новы выпусьцілі.
- Як розныя краскі “Тры чарапахі” засьпявалі, так і няма.
- А мне так “Тры чарапахі” падабаюцца, і “Маё пакаленьне”, толькі здаецца, што яны яго ў Алісы садралі, але некаторым пацанам з нашай лабараторыі энэрэмаўская версія нават больш устаўляе.
- Мы іх любім не за тое, што яны садралі. А якія яшчэ банды ведаеце?
- Ляпіса, Новае Неба, там жанчына сьпявае.
- Кася Камоцкая?
- Ага, здаецца, яна спачатку бардаўскія песьні сьпявала, а потым перайшла на больш цяжкую музыку.
- Да што вы ведаеце пра Касю Камоцкую? Што вы можаце ведаць пра той час? Гэта я яшчэ той, страшна падумаць, памятаю, пры Савецкім Саюзе набываў у Авесьце мелодыеўскую плытку “Rubber Soul” з калекцыі Колі Васіна. У сярэдзіне 90-х Кася Камоцкая прыехала ў Магілёў, і нам адразу стала зразумела, што беларускі рок-н-рол гэта не пра крамы і не пра палацы, а гэта пра Мроі і пра Нябёсы. Яна зьняла з нашых душаў порткі, адлупіла і паставіла на падаконьнік, каб было сорамна, а потым залатымі ніткамі кожнаму на сэрцы вышыла слова СВАБОДА. А ўжо пасьля быў “Народны альбом”, быў “Рок па вакацыях”, былі “Вольныя танцы”, было лета 99-га, калі ўвесь ABRO Camp замест “Белай пціцы” засьпяваў “Паветраны шар”, калі пад “Вясну” і “Орбіт без сахара” ніхто ня таньчыў, усе чакалі “Песьні пра каханьне”.
- У нас у Кіеве ёсьць знаёмыя спеліёлагі, дык яны проста каўбасяцца пад “Мы жывем пад зямлёю”, гімнам ужо стала. А пра што хоць песьня? То ж бо беларускай ня ведаем, а там шмат словаў незнаёмых.
- Вядома пра што - пра жыцьцё.
Мы пачалі размаўляць пра жыцьцё. Хлопца, які ляжаў на ніжняй паліцы, звалі Тарас. Яму быў усяго дваццаць адзін год, але ён ужо пасьпеў ажаніцца і паступіць у аспірантуру. І як сапраўдны аспірант ехаў на навуковую канферэнцыю ў Печ. Я сказаў, што мне ўжо дваццаць пяць, а дысер усё ніяк не магу напісаць, раней жаніцца не хацелася, а зараз ніхто не бярэ. Сказаў, што так і трэба рабіць, захацелася - ажаніўся, а не чакаць, калі ўсе пачуцьці скончацца. У майго сябра дачка ў семнаццаць год нарадзілася. Бачыш, у яго столькі год і жонка, і дачка, а я сяджу адзін ў гэтым суіцыдальным Будапешце і пішу гэты сраны дысер. Кахаць трэба да самага канца, яно як піць водку, адзін сябар, пераможца рэспубліканскіх алімпіядаў, казаў, што піць трэба пакуль не званітуе, тады ў наступны раз здолееш больш выпіць. Добры пацан быў, жаль з універу на другім курсе выперлі. Вось Сяргей і Наташка ажаніліся, праз два гады разьвяліся, не пражылі і году адзін без аднаго, і ўжо зноў жаніцца зьбіраюцца. Кажуць, жаніцца таньней, чым развадзіцца.
У Чопе, як заўсёды, пашпарты ў нас забралі, а цягнік паехаў далей, павёз нас за мяжу ў сексуальнае рабства. Потым ім, відаць, сорамна стала, і пасьля зьмены колаў, цягнік вярнуўся ў Чоп, і мы не без прыемнай палёгкай атрымалі свае пашпарты.
У Захані зайшоў вугорскі памежнік, запытаў нешта па-вугорску, я нават нешта яму адказаў і, што самае цікавае, таксама па-вугорску. Той так узрадаваўся, што больш ня ў кога нічога не пытаўся.Раніцой мы прыехалі ў Будапешт. Мяне апанавала даволі нечаканае пачуцьцё, ці то радасці за тое, што я вярнуўся ў гэты горад, ці то радасьці, што нарэшце гэта доўгае падарожжа скончылася.