Хто не памятае з дзяцінства захапляльна-прыгодніцкую кнігу Роберта Льюіса Стывенсана “Выспа скарбаў”? Напэўна, кожны чытаў яе і глядзеў аднайменную стужку - шэдэўр савецкай мультыплікацыі. Сярод хлопчыкаў-падлеткаў, відавочна, былі не толькі тыя, хто хацелі стаць лётчыкамі ці касманаўтамі. Што можа быць больш рамантычна за марскія падарожжы бясстрашных піратаў?.. Стоп! Гэта не рэклама антыгерояў. Справа не ў “джэнтльменах удачы” і не ў кульце “лёгкіх” грошай, а ў самім па сабе паняцці скарбу. Пра тое, што ён бывае не толькі матэрыяльны, але і духоўны, усе ведаюць. Ці можа ў ім аб’яднацца і тое, і другое? Канечне! У гэтым не сумняюцца гісторыкі, спецыялісты па старажытных знаходках, для якіх скарб - у першую чаргу, крыніца інфармацыі пра найдаўнейшыя часы. А яшчэ - сведчанне таго, наколькі багатая беларуская зямля. І на скарбы, і на таленты, якія іх даследуюць.
Навука для сапраўдных мужчын
Ці хацеў малады чалавек, пра якога сёння пойдзе гаворка, у дзяцінстве стаць піратам, дакладна невядома. Але тое, што ён - адзін з самых знаных і перспектыўных навукоўцаў, даследчык старажытнарускай зброі і матэрыяльнай культуры насельніцтва Беларусі X-XIII стст. - несумненны факт.
Археолаг Мікалай Плавінскі нарадзіўся ў 1981 годзе ў Мінску. Закончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта (2003), аспірантуру Інстытута гісторыі НАН Беларусі (2006). З 1999 года працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, загадвае навукова-фондавым аддзелам археалогіі, нумізматыкі і зброі.
Адна з кніг, аўтарам якой з’яўляецца Мікалай, перавыдавалася двойчы, бо выклікала непадробную цікавасць не толькі сярод прафесійных археолагаў і музейных супрацоўнікаў, але і ў прыватных калекцыянераў, аматараў ваеннай мінуўшчыны і гістарычнай рэканструкцыі. Манаграфія Мікалая Плавінскага “Нарысы гісторыі клінковай зброі X-XIII стагоддзяў на Беларусі” выйшла ў 2009 годзе (папярэдняе выданне пабачыла свет у 2006-м і мела іншую назву). Кніга ілюстраваная, таму чытач можа паглядзець на мячы, шаблі, кінжалы, баявыя нажы-скрамасаксы і даведацца, як і навошта ваявалі нашыя продкі.
Брылёўскі скарб
Кніга з такой назвай была прэзентаваная зусім нядаўна. Каталог - плён працы Валянціна Рабцэвіча, Мікалая Плавінскага, Алега Іова. З прадмовы да выдання можна дазнацца, што Брылёўскі скарб, які паступіў у фонды Нацыянальнага гістарычнага музея ў 2003 годзе, -- адзін з найбольш адметных раннесярэднявечных нумізматычных комплексаў з тэрыторыі Беларусі. Ён складаецца са срэбных арабскіх манет - дзірхамаў, фрагментаў шыйнай грыўні, франкскага мяча і набору гірак для ўзважвання срэбра.
Каталог “Брылёўскі скарб” распачынае новую серыю выданняў пад агульнай назвай “Скарбы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь”, якая будзе прысвечана найбольш каштоўным музейным калекцыям і прадметам, што сталі сапраўднымі здабыткамі нашай гісторыка-культурнай спадчыны.
<\lj-cut>Віка ТРЭНАС