ПРАЎДА - У ЛЕТНЯЙ ПРАЗРЫСТАСЦІ

Aug 05, 2011 15:11

У чэрвені 2010 года на старонках часопіса “Маладосць” пабачыла свет таленавітая і неардынарная вершаваная падборка. Паэтычная і жыццёвая праўда ў ёй вымяралася ў летняй празрыстасці - непасрэднасці, шчырасці і духоўнай чысціні лірычнага героя. Публікацыя выйшла ў рубрыцы “Упершыню ў “Маладосці” (аўтар яе рэдка выступаў да гэтага ў перыёдыцы і не вядомы шырокаму чытацкаму колу), але не было сумненняў, што перад намі калі не прафесійны літаратар, то сапраўдны паэт. Адкуль на беларускай зямлі столькі самабытных талентаў? Чаму па волі лёсу мы аддаем лепшыя здабыткі іншым народам? Відаць, таму, што дабрыні хапае на ўсіх, і мы здатныя дзяліцца нацыянальным багаццем, не баючыся застацца ні з чым - бо нашыя крыніцы натхнення чыстыя і невычэрпныя.

Пра гарады, дарогі і цягнікі

Знаёмцеся -- Юрась Шамецька. Нарадзіўся ў 1965 годзе ў Мінску. Скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Да 1997 года жыў і працаваў тут. Цяпер жыве ў Атаве (Канада), працуе вядучым дызайнерам праграмнага забеспячэння карпарацыі “Стэнлі” (“Stanley Works”). Піша вершы па-беларуску, па якіх можна вывучаць геаграфію. “Атава пахне домам”, “на тым баку ракі -- Квэбэк”, “тут Манрэаль - амаль што Вільня”, “дзесь цягнік адыходзіць на Ніцу”, “ты не згубішся на Манмартры”… Сапраўды, ні сам паэт, ні ягоныя чытачы ні ў якім разе не заблукаюць сярод чужынцаў. Проста адчуйце шчырыя, сапраўдныя ноткі ў мностве замежных назваў: “Раку Атаву Свіслаччу б назваць, каб ведаць далей, што яшчэ чакаць”, “радасць пявучасці роднага краю… сёння ў Мінску сябе адчуваю”. Гавораць, нібыта паэт носіць неба ў сэрцы, а ў душы - сваю радзіму. Так і ёсць. Больш дакладна пра Юрася Шамецьку не скажаш.<\lj-cut>

Шлях да вяртання

Такую сімвалічную назву аўтар даў сваёй першай паэтычнай кнізе, што выйшла нядаўна ў мінскім выдавецтве “Кнігазбор”. У анатацыі да зборніка адзначаецца: “Вершы Юрася Шамецькі шматасацыятыўныя, шчырыя пачуццямі і думкамі, пашыраюць прастору беларускай паэзіі”. Абсалютна слушна: хацелася б зрабіць ключавым словам творчасці Юрася менавіта “прасторавасць”. Ягоны лірычны герой жыве ў шматвымернасці, якую ён выбудаваў сабе, каб пачувацца камфортна ў любой кропцы зямнога шара. Не, ён не “вечны вандроўнік”, як можна было б спершага падумаць. Бо не герой знаходзіцца ў свеце, а свет знаходзіцца ўнутры яго - адначасова размаіты і цэласны, спрэчны і гарманічны. Памятаеце знакамітае выслоўе Уладзіміра Караткевіча: “Тых, хто носіць небасхіл у сэрцы, нельга ні ўджаліць, ні забіць”? Аднак адным гэтым ключом мы наўрад ці зможам адчыніць дзверы ў мастацкую прастору Юрася Шамецькі. Зрэшты, як не здолеем раскрыць прыроду творчага дара вельмі многіх таленавітых людзей. Паэзія - таямніца, стварыць і зразумець якую дадзена не кожнаму. Вельмі радуе тое, што ў сусвеце з’явіўся яшчэ адзін Сапраўдны Паэт. Беларускі.

Віка ТРЭНАС

Юрась Шамецька, мая калонка ў ЛіМе, мае публікацыі

Previous post Next post
Up