Нельга не пагадзіцца з тым сцверджаннем, што мы жывем ва ўрбаністычную эпоху. Для таго, каб зарыентавацца ў вялікім горадзе, неабходна мець падрабязную карту і вялікае жаданне адшукаць патрэбны геаграфічны аб’ект. Таксама варта памятаць пра дасведчаных мінакоў, у якіх можна папытаць дарогу, бо, як вядома, язык да Кіева давядзе. Шчыра кажучы, калі да мяне на вуліцах звяртаюцца: “Простите, не подскажете, как можно пройти?..”, я, канечне, заўсёды падказваю. Але задумваюся пра тое, што хацела б падарыць землякам компас, які прывёў бы іх да аўтэнтыкі, да каранёў, да роднай мовы. У пошуку нацыянальнай ідэнтычнасці варта спершага зазірнуць у глыбіні стагоддзяў, а лепей нават тысячагоддзяў. У самасвядомасці беларусаў адмысловым чынам перапляліся старажытныя веды продкаў, язычніцкія і хрысціянскія вераванні. Нашая традыцыйная культура неверагодна багатая і разнастайная. Паглядзеўшы на свет вачыма нашых мудрых прадзедаў, мы зможам многае зразумець у нас саміх цяперашніх. Нам у дапамогу - дзве кнігі, каштоўнасць якіх цяжка пераацаніць.
Таямніцы сакральнага ландшафту
Навукова-папулярнае выданне “Сакральная геаграфія Беларусі”, што пабачыла свет у РВУ “Літаратура і Мастацтва”, у даступнай для шырокіх чытацкіх колаў форме распавядае пра тое, у чым палягае сутнасць нашай карціны свету. Аўтары кнігі, Людміла Дучыц і Ірына Клімковіч, разам са сваімі калегамі і паплечнікамі з этна-гістарычнага цэнтра “Явар” болей за дзесяць гадоў вандруюць па Беларусі. Напэўна, няма той сакральнай мясціны, дзе б не пабывалі даследчыкі.
Святыя горы, азёры і рэкі, крыніцы, балоты, камяні, дрэвы… Шматлікія легенды і паданні, старадаўнія вераванні і забабоны на старонках “Сакральнай геаграфіі Беларусі” карпатліва занатаваныя, а даўнія веды, назапашаныя нашым народам, сабраныя і сістэматызаваныя пад адной вокладкай. Ці ведаеце вы, што “гарадзішчы і горы насыпалі волаты, у стварэнні азёраў і рэк бралі ўдзел звяры і птушкі, а камяні і дрэвы - гэта ператвораныя ў іх людзі”? А што вобраз дарогі надзвычай часта сустракаецца ў беларускім фальклоры? Асабліва скрыжаванні і ростані ўспрымаліся як небяспечнае і падазронае месца, як зона на мяжы з іншасветам, дзе маглі збірацца розныя нячысцікі і чараўнікі. Зрэшты, на дарожных прасцягах, згодна з паданнямі, можна было сустрэць Бога ці святога ў выглядзе вандроўнага старца. Не забывайцеся пра гэта, збіраючыся ў шлях. А лепей - вазьміце з сабой кнігу “Сакральная геаграфія Беларусі”, яна стане вашым пуцевадзіцелем па міфа-паэтычнай карціне свету.
<\lj-cut>Скарбы міфалогіі беларусаў
Энцыклапедычны слоўнік “Міфалогія беларусаў” (складальнікі Ірына Клімковіч, Віктар Аўтушка, навуковыя рэдактары Таццяна Валодзіна, Сяргей Санько) - фундаментальнае выданне, у якім дастаткова поўна апісаная традыцыйная культурная спадчына беларусаў. Да яго падрыхтоўкі спрычыніліся болей за трыццаць навукоўцаў, што стварылі каля 1000 артыкулаў. Першы варыянт “Слоўніка” выйшаў у 2004 годзе (перавыданы ў 2006), сёлета кніга істотна абноўленая і дапоўненая.
Віка ТРЭНАС