ПЕРАГОРНЕМ СТАРОНКІ МАЛАДОСЦІ

Jun 06, 2011 14:47

Час ідзе - літаратура маладзее. Асабліва гэта адчуваецца на старонках часопіса “Маладосць”, які ў другім паўгоддзі плануе набыць новую знешнасць, чым, канечне, спадзяецца яшчэ больш прывабіць сваіх чытачоў - даўніх сяброў і новых. Выданне дынамічна змяняецца не толькі вонкава, але і канцэптуальна. Хаця па-ранейшаму большасць аўтараў часопіса - маладыя творцы. У рубрыцы “Упершыню ў “Маладосці” ў маі і чэрвені - вершы дэбютантаў Уладзіміра Гуніча і Кірыла Сыцько. Хлопцы настолькі па-яскраваму розныя, што іх яднае хіба маладосць - тым яны і цікавыя для “Маладосці”, на старонках якой - уся разнастайнасць беларускага літаратурнага працэсу. Пяты нумар запомніцца аматарам добрай паэзіі таксама і вершаванай нізкай Маргарыты Аляшкевіч - вядомага журналіста, выкладчыка і крытыка. Чэрвеньская “Маладосць” аб’яднае пад сваёй вокладкай адразу дваіх яскравых прадстаўнікоў сучаснай неамадэрнісцкай плыні - Анатоля Брусевіча і Андрэя Гуцава. Усё самае лепшае з таго, што можна будзе знайсці ў бліжэйшых нумарах часопіса - перад вамі, шаноўныя чытачы.

Віка Трэнас

МІЛЬЁНЫ АНЁЛАЎ, МІЛЬЯРДЫ ІМЁН...

Кірыл СЫЦЬКО

***
Цяжка ўставаць на дасвецці.
Ў лужынах талай вады
Хай ненароджаны вецер
Цалуе твае сляды.

Можа, паставіш мне помнік
Там, дзе пастаўлены крыж?
Бачыш, змяшалася поўня
З пылам закінутых ніш.

Топяцца зоры з дасвеццем
Ў лужыне талай вады.

Уладзімір ГУНІЧ

***
Ціхі вечар, соннае балота,
Сонца лье ружовае змярканне,
Колкіх хвой маўклівая самота
І бяроз узорнае убранне.

Ды на мхах раскінуліся росы,
І лясун дзесь ходзіць задуменны,
Распускае у бярозаў косы,
Заплятае тонкія праменні.

Ля бяроз красуюцца брусніцы,
Першых зор пачуўшы прывітанні,
Ім цяпер пад вечар ціха спіцца…
Лесавік іх знойдзе на світанні.

Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ

Па матывах Білі Холідэй - “Detour”

Будзе ўсё, як ты хочаш:
ты скажаш трываць - я стрываю,
калі б нават нябёсы ты мне перакладваў на плечы.
Хто памерае, спраўдзіць - мне то будзе ношкаю лепшай,
чым сусвет без цябе, поўны смутку ад краю да краю.

Будзе ўсё, як ты хочаш:
пакінуць ты скажаш - пакіну,
хай зямля і нябёсы сыдуцца ў даўгім пацалунку,
а хто супраць, хай змотваюць вуды й пакуюць клункі -
ты мой пан і сусвет, і табе я адзінаму вінна.

Будзе ўсё, як ты хочаш,
а скажаш - не будзе нічога
з гесперыдавых яблыкаў, хліпкіх карыятыд.
Безгаловай змяёй з гораў курчыцца ў долы дарога,
Ныюць сцёртыя плечы і сцёрты, пусты краявід.

Анатоль БРУСЕВІЧ

* * *
П’ю малiтву, нiбы вiно
Да мяжы, за якой ад Бога
Застаецца адзiн вянок,
I бурштынавы смак зямнога.

П’ю малiтву, i горкi пах
Разлiваецца па-над светам.
Усмiхаецца моўчкi Вакх
Мне з-за хмараў усмешкай светлай.

* * *
Я - рака,
Правы прыток Стыксу.
Ты - рака,
Левы прыток Леты.
Наракаць -
Значыць не знаць сэнсу:
У радках
толькі абрыс мэты.
Мы плывем.
Кожны ў сваё мора.
Мы ляцім.
Кожны ў сваё пекла.
Чалавек -
Гэта адбітак хворы
уяўлення Бога
Пра чалавека.

<\lj-cut>Андрэй ГУЦАЎ

***

мяняючы колер
скідаючы сон
не праўда не зло не дарога
мільёны анёлаў мільярды імён
і Кніга
раскрытая Богам
я ведаю ўсё
але веды ва ўрон
і жыць
не гаворачы строга
мяняючы колер
скідаючы сон
не праўдай не злом не дарогай

***

Свеціць неба шчымлівасцю верасня,
у адхланне вады
ападаюць лісты,
час разбіты, час файны і цэласны,--
я баюся адчуць сябе.

Дэкламуе зямля спеласць коласа,
і не толькі адзін,
хто сівее - палын,
а над дахам анёл - зыркім полазам, --
я баюся адчуць сябе.

Правяць кветкі праз сон колер сутнасці, --
сорак кропель дажджу
выклікае вяшчун,
свет размыты, свет ясны за мутнасцю, --
я баюся адчуць сябе.

І мажлівая ноч - не суперніца!
І прыўзнята далонь,
і шугае агонь!
І крычаць, што вясна больш не вернецца...
Я баюся адчуць Сябе!

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - -

Пахне неба шчымлівасцю верасня,
у засвецце вады
прападаюць лісты,
лёс разбіты, лёс файны і цэласны, --
я баюся адчуць цябе.

мая прафесія, ЛіМ, анонсы, часопіс "Маладосць", мая праца, мае публікацыі

Previous post Next post
Up