ПОСПЕХ -- У СУПОЛЬНАСЦІ

Jun 06, 2011 14:37

Не кожны творца пагодзіцца працаваць у камандзе. Па-першае, таму, што баіцца страціць сваю індывідуальнасць і ўнікальнасць сваіх здольнасцяў. Па-другое, як вядома, фактычна ўсе без выключэння творчыя людзі амбітныя, а, значыць, не любяць, каб імі кіравалі. А куратар - так паказвае практычны досвед! -- у любой важнай справе павінен быць адзін. Хіба можна выбраць аднаго там, дзе ўсе першыя? Аказваецца, яшчэ як! І атрымаць станоўчы вынік? Безумоўна! Іначай бы ў беларускай культурнай прасторы не з’явіліся тыя два супольныя праекты - музычны і літаратурны - пра якія сёння пойдзе гаворка.

Спявайма “Ў”!

Літара “ў” - візітоўка беларусаў і брэнд беларускай мовы. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паслухаць кружэлку з аднайменнай назвай. Аўтарамі праекта сталі Раман Арлоў і Вадзім Марголін. У дыск увайшлі восем кампазіцый (сем па-беларуску і адна - па-англійску). У падрыхтоўцы кружэлкі паўдзельнічалі каля трыццаці чалавек (гэта тыя, чые імёны ўдалося знайсці на вокладцы) - музыканты, спевакі, прадусары, менеджары... Прычым выканаўцаў аб’ядноўвае не музычны стыль, у якім яны працуюць. Што можа быць канцэптуальна агульнага ў Алега Хаменкі (фольк-мадэрн, гурт “Палац”), Аляксандра Памідорава (рэп), Аляксея Хлястова (поп-музыка), Уладзіміра Пугача (папулярны рок, гурт “J_Mors”) ды іншых? Правільна - лучнасць у любові да сваёй мовы і культуры. Па такім важкім прынцыпе насамрэч варта аб’яднаць усіх нашых людзей. Задума выдатная, ідэя бяспройгрышная, выкананне - дастойнае. Зрэшты, пра музыку трэба меней казаць, а болей яе слухаць.

Кавалер і Дамы

Спачатку яны сфатаграфаваліся для “Сучаснага беларускага календара”, водгукі ашаламляльнай папулярнасці якога да сяе пары можна знайсці ў Інтэрнэце. Сутнасць дыскусій і гарачых абмеркаванняў: ці дастаткова эратычныя фота, ці магчыма іх аб’яднаць у межах супольнага праекта і ўвогуле - навошта такая культурная з’ява і ці культурная яна? Неўзабаве ўдзельніцы запісалі агульную песню, сабраліся зрабіць кліп, пачалі весці рубрыку на папулярным жаночым сайце. І выдалі кнігу. Розныя літаратурныя пакаленні, розныя эстэтычныя густы, розныя чытацкія колы, розныя жанры і нават мовы. Агульнае толькі тое, што ўсе яны - жанчыны. За выняткам мужчыны-сааўтара адной з удзельніц - Андрэя Жвалеўскага. І яшчэ таго, хто напісаў прадмову - Алеся Камоцкага.

Зборнік “Кавалер і Дамы” ў першую чаргу -- адметны мас-медыя праект, да якога далучыліся вядомыя ў нашай прасторы творчыя жанчыны - Святлана Бень, Алена Ярмаловіч, Валерыя Кустава, Яўгенія Пастарнак, Дзіяна Балыка, Вольга Акуліч, Ганна Альхоўская, Вольга Гапеева, Вольга Тарасевіч, Тамара Лісіцкая, Наталля Батракова. Варта адзначыць: элітарная беларускамоўная паэзія ўжо даўно не выходзіць такімі вялікімі накладамі. Калі сумясціць высокае мастацтва з сучаснымі піяр-тэхналогіямі - ці магчыма павялічыць колькасць тых, хто чытае па-беларуску? Каб пытанне не было рытарычным, трэба пераходзіць ад тэорыі да практыкі. І вучыцца працаваць у камандзе.<\lj-cut>

Віка ТРЭНАС

мае артыкулы, universum, мая прафесія, мая калонка ў ЛіМе, мая праца, мае публікацыі

Previous post Next post
Up