х

Jun 30, 2014 21:25

28.06.2014. З Людай і яе маці ездзілі на Чыжоўскія могілкі. Прыбралі магілу Людзінай бабулі Чэслаўскай Палагеі Максімаўны (4.10.1903-27.01.1986). Могілкі зараслі высокай травой, але бачна, што на Радаўніцу людзі наведвалі сваіх родных. І цяпер шмат наведвальнікаў. Сярод магіл, а іх тут калі не мільён, то тысяч трыста, сябе адчуваеш спакойным і ўсё, што адбываецца па-за могілкамі гэта, як на іншай планеце, дзе існуе сваё жыццё. Тут сваё жыццё. І людзі каля магіл, як мярцвякі, якія ажылі і прыбіраюць сваё вечнае жыллё. Вяртаючыся ад бабулі, пайшлі іншым шляхам, а не тым, што заўсёды хадзілі. Прайшлі каля магіл, дзе пахаваны цыганы. У іх помнікі, як у цароў. Праўда, сярод цыганоў шмат баронаў. Кожны раз, прыязджаючы на Чыжоўскія могілкі, думаю, каб знайсці хоць адну магілу, дзе пахаваны пісьменнік. І сёння маё жаданне споўнілася. Знайшоў Сымона Блатуна (10.05.1937-2.04.1970). На помніку два радкі паэта: ”Бывайце гоні, рэкі, паплавы. Я адлятаю ў свой далёкі вырай...”

жыццёвае

Previous post Next post
Up