х

Jun 07, 2014 11:44

6.06.2014. Хадзіў у Палац мастацтваў на выставу Дзмітрыя Сарокі. Ён мой зямляк, родам з Крапіўнік, што ў кіламетры ад Лягез, дзе я амаль сем гадоў гадаваўся ў бабулі Ганны. Дзмітрый для мяне аднаго распавёў пра ўсе свае карціны, а іх прадстаўлена каля пяцідзесяці. Тут жа я пазнаёміўся з мастаком Віктарам Нямцовым, які сказаў: “Па карцінах Дзмітрыя можна вершы пісаць! Яны светлыя, як пагоднае неба…” Ён хваліў работы свайго аднакласніка, але выказаў думку, што, калі б іх было на палову меней, усё б глядзелася на шмат эфектней. У час размовы да нас далучыўся скульптар, якога ў свой час вучыў Нямцоў. Пачалі гаварыць пра Міхаіла Савіцкага. Віктар Нямцоў узгадаў: “Незадоўга да смерці Міхаіла Андрэевіча я наведаў яго ў майстэрні. Ён сядзеў на зэдліку і маляваў. Стары, нямоглы. Пасля размовы ён мог бы і сядзець далей, але, калі я сабраўся сыходзіць, Савіцкі ўстаў і, апіраючыся на кульбачку, правёў мяне да дзвярэй. Неяк раней я запрасіў яго выступіць перад студэнтамі. Сказаў, што прыеду на машыне і забяру. Савіцкі адмовіўся: “Не трэба машыну ганяць туды-сюды. Я на трамвайчыку сам да вас прыеду!” І прыехаў. Ён быў чалавекам, які ведаў сабе цану, але і нікога не напружваў у адносінах да самога сябе.” На выхадзе з выставы сустрэліся з мастаком Ягорам Баталёнкам, які, даведаўшыся хто я, адразу заявіў: “Чытаю! Люблю вашы вершы і балады!” З добрым настроем мы з Дзмітрыем яшчэ з паўгадзіны пахадзілі па праспекце. Дамовілся, што як будзе час і транспарт, абавязкова з’ездзім у Крапіўнікі і Лягезы, дзе прайшло наша дзяцінства…

жыццё ў культуры

Previous post Next post
Up