Jun 07, 2014 15:21
6.06.2014. Хадзіў на выпускную вечарыну Школы маладога пісьменніка “Казкі твайго горада”, якая адбывалася ў галерэі “Цэх”. Каб не Люда, я б не знайшоў яе. Галерэя і месца (будынак нейкага прадпрыемства), дзе яна знаходзіцца, мне спадабаліся. Вельмі паэтычна. Было адчуванне, што гэта іншы свет, які жыве сам па сабе і ў яго не кожны трапіць. Негледзячы на заблытанасць дарогі да “Цэха”, сабралася шмат людзей. З пісьменнікаў слухачамі былі толькі Бахарэвіч і я. Вечарыну распачаў Барыс Пятровіч. Потым выступілі выкладчыкі Школы Наталка Бабіна, Ганна Бутырчык і Людміла Рублеўская, а таксама каардынатары літаратурнай вучобы Юля Цімафеева і Алена Казлова. Хораша ствараў добры настрой гурт "Нельга забыць". Вялі вечарыну лепшыя выпускнікі Школы Ксенія Шталенкова і Андрэй Лазуткін. З шаснаццаці маладых празаікаў мне амаль усе спадабаліся. У час майго дваццацігоддзя такіх школ не было. Былі літаб’яднанні, якімі кіравалі не самыя лепшыя пісьменнікі і якія больш вучылі як піць, а не пісаць. Праўда, і тады можна было нечаму карыснаму ў літаратуры навучыцца. Аднак многія навучыліся толькі аднаму- напівацца. Цяпер не той час, не тая эпоха і моладзь наша іншая, лепшая і не такая наіўная, як многія мае аднагодкі трыццаць гадоў таму…
жыццё літаратскае