лытдыбр

Jan 17, 2015 16:07

такая інэртнасьць ва ўсім, што наўкола робіцца... і вось распавяду пра адзін маленькі эпізод, які здарыўся нядаўна, каб, можа, падняць крышачку баявы дух.

аказваецца, рабіць фоты цяперака вельмі проста. дасылаеш на скрыню -- і праз гадзіну забіраеш. прычым нават у выходныя. і падсеўшы я быў на гэта нейк. фотастудыя недалёка. замовіў фоты з аквапарку, каб усім дзеткам раздарыць, якіх дачка запрасіла на свой ДН, і пайшоў забіраць. а студыя маленечкая, цесьненькая. ну, і народу ў ёй што кілек у бляшанцы. ну, я так ціхенька падыходжу, называю прозьвішча (а яно ў іх па-беларуску на капэрце запісана, як і ў паштовай скрыні).
тут -- гучны голас з боку зэдліка, што ля сьценкі: "Малады чалавек, хадзіце сюды, я вам штосьці пакажу". абарочваюся: сядзіць чалавек гадоў 70 зь вялікімі каляровамі фоткамі ў руцэ. прыгледзеўся: а гэта ж мастак і скульптар Алесь Шатэрнік. "Вось, кажа, паколькі вы на мове нашай размаўляеце, распавяду вам пра гэтыя здымкі". і паказвае фоты, гучна іх каментуючы (відаць, слых ужо здраджвае). а на іх -- выявы скульптураў, дзе жанчына хрысьціць байца ў дарогу. маўляў, выйграў сп. Шатэрнік конкурс на ўсталяваньне скульптураў ля стэлы перамогі, што на пр. Пераможцаў. а жанчына, якая байца перахрышчвае, -- маці скульптара. баец, адпаведна, -- бацька. а ў ватоўцы абраз Мікалая Цудатворцы зашыты. (ён і дапамог байцу з вайны вярнуцца). а прычыну таго, што яго, бэнээфаўца, дазволілі выстаўляць на стэле, аўтар патлумачыў тым, што Лукашэнку распавялі гэтую гісторыю пра абразок сьв. Мікалая. і прасьлязіўся Рыгорыч, і даў дазвол...
ну, я слухаю, іншыя гледачы таксама. далей пра лёс мовы гаворка пайшла. я сыходзіць сабраўся, гляджу, а на суседнім зэдліку дзяўчына кніжку сядзіць чытае. "Мова" Марціновіча.

бывае і такое. маленечкая фотастудыя, і сума немагчымасьцяў...

nick

Previous post Next post
Up