зрываючы нікі)

Feb 27, 2011 08:53

каб спрасьціць працу дасьледнікам гісторыі літаратуры раскрываю адзін са сваіх псеўданімаў, якім болей ужо карыстацца ня буду. аповед друкаваўся ў Літ.Беларусі№41 (ёсьць толькі пдф http://lit-bel.org/assets/files/litbel41.pdf, таму выкладаю сюды; правапіс газетны). вось жа,


(з рэдакцыйнае пошты)

У мяне, як заўжды знянацку, скончыўся тэрмін тэхагляду. Вось ужо месяц, як я раз’язджаў на “нелегальным” аўто й тое мяне страшэнна напружвала. І, хаця мой добры сябра працуе ў ДАІ і заўжды пры сустрэчы запэўнівае ў мажлівасці разрульвання дробных непаразуменняў з калегамі, сябравай дапамогай я ніколі не карыстаўся, з даёвымі размаўляць ня ўмею і хабару ім ніколі ня сплачваў - заўжды напоўніцу. Няёмка нават уявіць, каб хтосьці за мяне прасіў. Ці сьпярша самому - гульліва дастаць тэлефон і запытаць: “Таварышч інспектар, а ці можна званок другу?..” Не-э-э-э.
Карацей, ездзіў як на голках. А тут яшчэ правае бліжняе святло “паляцела”. Плюс клавіша адпацеву задняга шкла. Ды яшчэ пара дробязяў накшталт падсвечвання нумару, што агулам мусіла “ўстаць” у нейкія 30 даляраў і вольны вечар, які яшчэ трэ было знайсці (я працую крэатыўшчыкам ў піяр-аддзеле адной рэкламнай кампаніі й перад Новым годам у нас найбольшая гарачка). Пакуль тое, дацягнуў да саменькай сярэдзіны снежня - часу пікавых стаўпатварэнняў на станцыях тэхагляду.
Машына мая ўжо даўно не дзевачка - 16 гадкоў неўзабаве, хоць ты замуж аддавай. Але рабіць тога не збіраюся: надзейны “немец” (то бок немка), уласнаруч (і ўласнанож) прыгнаная, рухавік і падвеска амаль цалкам перабраныя (запцацкі, праўда, ня родныя). Баявая сяброўка - кожную радзімку-драпінку ведаю. Да ўсяго, яна для мяне ёсць індыкатарам жыццёвага тонусу: калі пачынаецца цяжкі перыяд, перадусім што-небудзь ламаецца ў ёй. Словам, стаўлюся да сваёй ластаўкі, рыхтык да жывое істоты (прычым жаночага полу). Ды й як не ставіцца, калі яна і ліхога чалавека адчувае?..
Вось жа, дацягнуў я з тэхаглядам да саменькае сярэдзіны снежня. З першага прыступу ўзяць станцыяю тэхагляду не выйшла: прыехаўшы дзесьці каля дзясятай, натыркнуўся на зачынены шлагбаўм і чаргу з абедзвюх яго бакоў, а чалавек у будцы патлумачыў, што да абеду патрапіць у двор не рэальна. У лепшым выпадку - пасля 15-й гадзіны. Перспектыва пяцігадзінавага чакання ў мінус дзесяць за бортам зусім не цешыла. І што мне рабіць - запытаўся я ў Адказнага за шлагбаўм? Той патлумачыў, што прыязджаць варта гадзіны за дзве да адкрыцця станцыі (то бок а шостай раніцы), але я не паслухаўся мудрага дарадцы. І назаўтра прыехаў а сёмай.
Шлагбаўм знаходзіўся ў ранейшым стане, а ўнутраны двор быў бітма застаўлены самаходамі. Некаторыя былі без гаспадароў, што ўказвала на існаванне і іншага спосабу заняць чаргу - з вечару, перад закрыццём станцыі - ды спакойненька прыехаць а восьмай. Колькі магла каштаваць тая паслуга ў Адказнага з будкі, Бог ведае. Мажліва й, што тыя першыя аўто папросту не дачакаліся з учора. У кожным разе, пакідаць ластаўку на ноч у сумнеўнай кампаніі, каб потым дабірацца на ранішнім антычалавечым быдліку (як мянуе грамадскі транспарт мой швагер), усё адно б ніколі не пагадзіўся.
На нейкі час я праваліўся ў павярхоўны сон, перыядычна адкрываючы вочы, каб спраўдзіць, што пярэдні мінівэн шчэ не рушыў. Але не ўпільнаваў: чарга зварухнулася й наступнае маё прачынанне засведчыла, што той, хто быў ззаду, цяпер знаходзіцца паперадзе мяне. Выслоўе пра апошніх, што стануць першымі, у нашай-савецкай рэдакцыі. Вачэй я, зразумела, больш не заплюшчваў.
Яшчэ гадзіна - і вось мы за запаветным шлагбаўмам. Хвост за мной, наколькі бачна, цягнецца ўздоўж ходніка. Наперадзе чарга раздзяляецца на тры жылы й рухацца робіцца куды весялей. Кіроўцы, якія патрапілі ў дворык, нярвова паляць, перакідваюцца показкамі ды мацюкамі, не забываючыся ўвесьчасна церці-дзерці свае й так ужо да бляску адпаліраваныя аўто. Упершыню выходжу за борт і, хаця па жыцці не палю, страляю цыгарэціну. Кожны метр прасоўвання дадае некантраляванага хвалявання, і я пачынаю разумець, чаму яны гэтак зацята драяць свае тачкі ды шкадую, што сам не парупіўся захапіць каністру вады ды анучкі.
Раптам чую: “С такой наклейкой не пройдёте”. Абарочваюся - сівы ўжо дзядзька, уладальнік задняга аўто, указвае на маю налепку з літаркамі BY (кіроўцы пераважна чытаюць іх як бэ-у) і пунсовай хваляю на белым тле. І тут я ўрэшце канчаткова прызнаю: гэта яна, бел-чырвона-белая налепка, і ёсць прычынай майго ўнутранага неспакою, што перарастае ў тупы боль дзесьці ўнізе жывата.
Ну, вядома, я разумеў, што яна “не адпавядае”. І нават меў здрадлівы роздум надоечы тэхагляду: а мо набыць правільную “бэушку” ды наляпіць паўзверх?.. Але тут жа адмахнуўся ад свайго маладушша, адсунуўшы яго на перыферыю сьвядомасьці: тое ж драбяза, дурная фармальнасьць. Як што, заўжды можна ўключыць дурня: пардоньце, гражданін начальнік, не дагледзеў і абавязуюся выправіцца адразу, як пабачу шапік. Насампраўдзе ж, на той перыферыі яно пякло й свярбела, нібыта налепка месцілася не над заднім бамперам, а свежай татухай была выбітая на маім уласным азадку. Цяпер, пасля трохгадзінавай чаргі (і невядома яшчэ, колькігадзінавай наперадзе) тая мая прынцыповасць падалася недарэчнай. Але я ўжо не мог саступіць і цвёрда вырашыў: аддзіраць дакладна не буду. Тут, на людзях, тое б, па-сутнасці, засведчыла капітуляцыю, здраду светлым ідэалам.
І я падкрэслена абыякава адказаў сівому: “Ды хрэн з ёй. Можа, не заўважаць. Вунь - у большасці наогул налепак няма” (а пра сябе падумаў: ну, так, калі прычэпяцца, запытаю, хіба колеравая гама “закат над балотам” гостам зацверджана?). Дзядзька адыйшоў да сваёй машыны, пакорпаўся ў бардачку й вярнуўся да мяне, працягваючы правільную-гостаўскую налепку. “Наклеете аккуратно сверху. Потом можно будет легко снять: видите - я тут ободок продавил, чтобы не сильно прилипла”. І сапраўды - з адваротнага боку налепкі асадкай было выціснута кола па зьнешнім радыюсе… “Дзякуй вялікі. Колькі я вам вінны?” “А? Грошы? Да не надо. У меня у самого точно такая же. На всякий пожарный две купил. А тут вижу - зямляк, так и вам сделал. Благо, время есть…”
Штосьці адначасна ненатуральнае і знакавае было ў ратавальным зяўленьні гэтага чалавека. У ягонай супакаяльнай простасці. Акурат праз тое, што цалкам ненатуральным выглядала сустрэць сярод гэтага натоўпу знерваваных “землякоў” бескарыслівую спагаду я й пабачыў у тым знакавасць, нейкі суцяшальны сігнал сярод уяўнага хаосу: так трэба, усё ідзе гэтак, як мае быць. І, напоўнены гэтым нечакана атрыманым мэсэджам, я зрабіў гэтак, як параіў сівы кіроўца.
Тэхагляд з першага разу ластаўка не прайшла: узровень СО удвая перавышаў норму. На яго рэгуліроўку давалася 20 дзён, цягам якіх можна было ездзіць без сертыфікату (паўторнае праходжанне ўжо адбывалася па-за агульнай чаргою). “Правільную” налепку я вырашыў не здымаць да перамогі, каб не ствараць сабе нагоды для залішніх загонаў, але... тое была толькі іх пачатковая стадыя. Пошук спецыяліста й рэгуляванне СО занялі каля месяцу. І цягам гэтага тэрміну я заўважыў, так бы мовіць, якасныя метамарфозы, што адбыліся ў маім стылі кіравання.
Найперш выявілася, што без ранейшай, бел-чырвона-белай, налепкі я не маю стымулу для дэманстравання дысцыплінаваных паводзінаў за стырном. Ну, не тое, што я адразу ж зрабіўся нейкім злосным парушальнікам. Папросту пачаў ездзіць, як усе - то бок без асаблівых праяваў гуманізму. Тут, мабыць, варта сказаць колькі словаў пра агульную карціну кіравання ў Менску для тых, хто раптам ня ў курсе.
Здаўна - і, відаць, справядліва - горад лічыўся адной з самых спакойных у плане дарожнага руху сталіцай былога СССР. Гэтаму да нядаўнага часу спрыяла і адносна невялікая шчыльнасць машынаў поруч з раскошай шырокіх вуліцаў. Тыя, хто падарожнічае, называюць Менск залатой сярэдзінай між бязвежавымі Масквой ці Піцерам (дзе галоўнымі прынцыпамі прыярытэтнасці руху часцяком ёсць круцізна тачылы ды наяўнасць усялякіх-розных спецзнакаў) і дысцыплінаванымі Варшавай і Прагай. Знаўцы кажуць, што чым далей на ўсход, тым больш жорсткі стыль кіравання мае месца. У Крыме, напрыклад, жанчыну за стырном сустрэнеш не часта, а разметка дарогі мае там умоўны характар, тады як паляк паказвае сігнал павароту абсалютна ва ўсіх выпадках. Неяк давялося назіраць, як польскі кіроўца некалькі кіламетраў ехаў па вясковай дарозе (вядома, асфальтаванай, іншых там рэдка калі сустрэнеш нават у лесе) следам за статкам кароваў, не абганяючы яго, паколькі рабіць тое забараняла разметка (слова статак тут не зусім дарэчнае, бо й каровы не парушалі сваёй паласы; запрэжаныя дзесьці ў шэсць троек, нібы паўночныя сабакі, яны трымалі акуратны шыхт следам за галаўным трактарам). У нас жа пры абгоне павароты не паказваюць нават даёвыя...
Людзі “з рэгіёнаў” кажуць, што не могуць ездзіць па Менску, маўляў, да халеры машынаў ды задужа хутка трэба прымаць рашэнні. Пасля ж пэўнага часу, праведзенага за стырном на еўрапейскіх дарогах, адаптавацца да менскай язды адразу праблематычна, а вашыя спадарожнікі цягам гэтага адаптацыйнага перыяду змушаныя будуць выслухоўваць бясконцыя снобскія заўвагі: “А вось у Яўро-опе…” Словам, агульную карціну кіравання ў нас я б акрэсліў як умерана мізантрапічную. Вядома, з сваімі выняткамі. Як і ў жыцці па-за стырном.
На такім агульным тле свой стыль язды я б назваў спробай наблізіцца да еўрапейскага. З ранейшай “байкай” я не мог дазволіць сабе хамскія паводзіны на дарозе, тое было б нонсэнсам, гэтым я як бы падстаўляў, падавалася мне, саму ідэю (ці штосьці ў такім духу). Напрыклад, да таго, як начапіць на заднюю частку аўто гэты фігавы-гостаўскі лісток, пры нагодзе я стараўся саступаць тым, хто “просіцца” з левага шэрагу ў агульную плынь альбо паварочвае там, дзе няма светлафору, у гадзіну-пік і г.д. (пра бабулек, што палахліва ступаюць на зебры, зусім не кажу). Ну, не тое, каб я быў ужо такім славалюбцам-альтруістам, але пэўную ўнутраную перавагу адчуваў.
Цяпер жа ў мяне з’явілася раптоўная магчымасць суцешыць свае мужчынскія амбіцыі! Я пачаў кіраваць з прыхаванай злосцю, чакаючы моманту, каб правучыць “рэзака”, не пусціўшы яго ў патрэбны шэраг, ці высігналіць сваю злосць на якуюсь дзеўку-няўмеку. І, трэба сказаць, гэты new-style прыносіў сваю асалоду, што мела адваротны вектар параўнальна з ранейшым “еўрапейскім” стылем.
Я цудоўна разумеў, што налепка - усяго толькі знак. Не болей і не меней. То бок адначасна і пэўны сімвал, і інвентарны нумар, у залежнасці ад таго, як ты сам да гэтага паставішся. Скажам, яе можна ўспрымаць як сімвал - унутранай свабоды, прагі да самарэалізацыі, супраціву агульнаму пафігізму і флікерызацыі й да т.п. Але гэтая зададзенасць можа й напружваць: наяўнасць б-ч-б налепкі а-priori вымагае менавіта-такіх-а-ня-іншых паводзінаў, абавязваючы да талерантнасці на дарозе. Гэтак жа як, скажам, цалкам натуральным успрымаецца ў нас, калі які-небудзь апошні танаваны “бумер” ці “лексус”, з неабходным наборам “прыгожых” лічбаў на нумары (і на храна яны іх набываюць, калі й так відно, што ты круты бабёр з лавандосам?), з левага скрайняга разганяе дальнім святлом менш накручаныя машынкі, перавышаючы не менш як удвая хуткасны рэжым. І ўсе, як правіла, саступаюць. Мацюкаюць, але саступаюць...
Дарэчы, запытаўся нейк, дзеля цікавасці, у сябра-даішніка, колькі каштуе ў нас такі модны-пантовы нумар. Апынулася - ад 0,5 да 2-х мільёнаў руб. у залежнасці ад ступені “прыгожасці”. Да слова, у Еўропе таксама ёсць падобная паслуга (там, праўда, ДАІ не бязглуздыя спалучэнні лічбаў прадае, а імянныя нумары). Дык усе сродкі ад такога бізнэсу ідуць на падтрымку дзяцей-сіротаў. У нас жа тыя “сіроты” ездзяць на туарэгах...
Карацей, я востра адчуў раптам абмежаванасць і зададзенасць сваіх ранейшых паводзінаў. Пасля месяца кіравання з нейтральнай налепкай узнікла непераадольнае жаданне нічога не змяняць і па праходжанні тэхагляду. І хто ведае, магчыма, у такім выпадку далейшым крокам было б вяртанне ў цёплае й вільготнае ўлонне рускамоўнасці (прафесійныя крэатыўшчыкі патрэбныя і ў канторах з расейскай мовай рэкламы).
Атрымлівалася, што нейкая фігулька-налепка - адзінае, што напраўду аддзяляе мяне ад маіх “ворагаў”. Як манаская раса, зняўшы якую я апынуўся не лепшым за іх. І, аказваецца, тая мая дысцыплінаванасць была патрэбная выключна дзеля задавальнення ўласных самалюбскіх амбіцыяў. Ды й ці суадносіў хтосьці наагул гэты мой “еўрапейскі стыль” і налепку? Як муж, стомлены шматгадовым шлюбам, не заўважае новае фрызуры сваёй жонкі, паколькі папросту не глядзіць ужо на яе, як на сэксуальны аб’ект...

Вырашальным акордам стаўся такі эпізод. Мая суседка (і далей па тэксце вядомай песні “Крэматорыю”), з якой я не вітаюся гадоў з пяць з прычыны пастаянных скокаў па сваёй галаве (спачатку ў выглядзе п’яных шабасаў, а пасля - яшчэ большага ляманту, калі яна па чарзе гучна мацюкае сваіх дзіцё ды сабаку), сустрэўшыся зранку ля аўто, выдала, нібыта й не да мяне звяртаючыся, наступную тыраду: “Наконец-то доблестное ГАИ заставило снять эту порнографию. А то обвешаются своими фашистскими флагами и гоняют по городу”. Назаўтра ў мяне быў прызначаны тэхагляд, і тая тырада ўяўляла з сябе відавочны знак. Пасля месяцу рэфлексіяў ды загонаў я нарэшце адчуў радасць жыцця. Баланс быў адноўлены.
Не, на тэхагляд я паехаў з гостаўскай налепкай, але адразу ж па атрыманні сертыфікату, у прысутнасці сябра-даішніка, які пад’ехаў быў на падстрахоўку, урачыста аддзер верхні слой свайго шматпакутнага палімпсесту. На бруднаватым целе машыны закрасавала чысценькая бел-чырвона-белая налепка. Я распавёў сябру ў агульных рысах пра метамарфозы свайго стылю кіравання, не забыўшыся на дзядзьку, што выратаваў мяне падчас тэхагляду. Сябра моўчкі даслухаў і сказаў: “Дурні (тут было ўжыта іншае, больш стылёва афарбаванае слова) вы. І ты, і твой “свядомы”. У цябе ж нумары новага ўзору. На іх ужо й без таго дзяржаўная ідэнтыфікацыя маецца. Вось бэ-у, вось закат над балотам, усё ў парадку. Так што ніхто тваю “фашыстоўскую сімволіку” і не заўважыў бы. Можаш і далей з ёй раз’яжджаць. Мае калегі дакладна не прычэпяцца (тут таксама было ўжыта іншае слова)”.
Што да апошняга, ён схлусіў. Чапляюцца шторазу. І будуць чапляцца, чым больш - тым больш індыкуючы ступень закручанасці нашае славутае “лібералізацыі”. Як чапляюцца іншыя, спецыяльна абвучаныя таварышы і да пешаходаў, значкі на якіх сустракаюцца куды часцей, чым на аўтамабілях. Дарэчы, думаецца, справа тут не ў тым, што пратэстныя настроі большыя сярод малазабяспечаных слаёў грамадства, як памылкова мяркуюць некаторыя (аднойчы пачуў, як нейкі маладзён казаў іншаму, паказваючы на азадак майго аўто: “Паси: первый раз вижу бэнээфовскую наклейку на более-менее нормальной тачке. Обычно так совсем ломьё”). Часцяком чалавек (“пешаход”) са значкай, хаця і ў думках з намі, далёка не заўжды гатовы адстойваць свае перакананні па-за межамі пляцу ці кухняў.

P.S.
З майго расповеду можа падацца, што я моцна заангажаваны ў палітыцы чэл. Але ж не. Мала чым маю пахваліцца што да свайго ўдзелу ў барацьбе са злачынным рэжымам. На мітынгі хаджу разы ў гады (на 25-е і на Дзяды), на плошчы не начаваў, адсідак не меў і сцягоў на елкі не чапляў... Адзіны мой антыдзяржаўны ўчынак звязаны з прафесійнай дзейнасцю. Пасля выбараў 2001-га, якія вуснамі іх галоўнага героя былі абвешчаны “элегантнай перамогай”, мяне, як і многіх іншых нашых суайчыннікаў, апанаваў страшэнны спліна-дэпрэсняк. А тут якраз на гвалт хутка трэба было прыдумаць слоган для адной замежнай кампаніі па вырабе панчохаў. У панядзелак, прышкандыбаўшы на працу ў блізкім да суіцыдальнага стане, даслаў ім па мэйле такі сумнеўна зарыфмаваны тэкст: “Толькі нашыя панчохі прывядуць да элегантнай перамогі!” Кіраўнік кампаніі падвоху не заўважыў, слоган прынялі на ўра і, здаецца, ён дасюль з’яўляецца іх візітоўкай...
У прафесійнай мове рэкламшчыкаў існуюць паняцці наружка (наружная рэклама), буйныя рэкламныя тэксты на білбордах ці будынках, і сувенірка - г. зн. выявы фірмовых лагатыпаў на каляндарыках, бралочках, асадках, саколках, балоніках і г.д. Больш за дзесяць гадоў вялізныя сродкі - і дзяржаўныя-спецслужбоўскія (з білбордамі ды неонавымі экранамі), і заходнія-апазіцыйныя (з іх “сувеніркай”) - выладкоўваюцца на Вонкавую вайну. Барацьбу сувеніркі з наружкай, што параўнальна з гарматавым паленнем па вераб’ях...
Калі б тыя звышвысілкі, якія затрачваюцца абедзвюма бакамі на выраб-распаўсюд і, адпаведна, адсочванне-адлоў значак і налепак, былі скіраваныя не на наружку, а ўнутар, да паляпшэння дабрабыту краіны й сябе, краіна гэтая была б іншай. Але пакуль рэжым баіцца чалавека са значкай, ставячы на пешаходаў сваё фірмовае-флікернае таўро, палюе на падлеткаў-графітчыкаў, праслухоўвае тэлефоны ды трымае легіён ціхароў, мабыць, не такая ўжо яна і фігулька - тая мая налепка...

Прохар Аляксееў,
супрацоўнік піяр-кампаніі “Кот у ботах”

зы
не судзіце строга. з раньняга, так бы мовіць)

аповед

Previous post Next post
Up