Nov 28, 2009 00:25
Дзесьці за кулісамі жыве Яно. Я ня ведаю яго імя, але выглядае Гэтае Нешта як самы звычайны, намаляваны ў школьным сшытку па гэамэтрыі, трохі шэры і абвязкова крыху няроўны куб. Калі заслона рассоўваецца, куб асьвятляецца мільёнамі прамянёў - ён зіхаціць бы дыямантавы пярсьцёнак на адрэзанай шляхетнай руцэ, што валяецца на газоне ў яскравы летні дзень. Ён пераліваецца, выліваецца, абліваецца колерамі і ўсё навокал становіцца мізэрным і ня вартым увагі ў параўнанні зь неардынарнай прыгажосьцю гэамэтрычнага стварэньня...
Але так бывае не заўсёды. Часам Куб застаецца празрыстым. Нават ня проста празрыстым, а да роспачы празрыстым - быццам ён агаляе сваю душу перад глядачамі й прагне сказаць: "вось так вось мне сумна. і ня трэба мяне шкадаваць. я проста куб. і жыцьцё ў мяне кубавае. а як вам вядома, нічога звышцікавага ў жыцьці ў кубе не бывае".
...І ніколі ня будзе?
Гэтак ён дадумвае пра сябе.
Кожны раз дадумвае.
І пастаянна маўчыць.
Тады я малюю над ім кола, і супраць усіх ідыёцкіх законаў банальнай лёгікі яно ўтульна пачуваецца на кубе і ня падае. Так, так, менавіта кола, а ня шар ці яшчэ горш - які-небудзь нахілены паралелепіпед. І абедзьве фігуры, забыўшыся на сцэнічны вобраз і глядацкую ўвагу сотняў вачэй, вушэй і астатніх ворганаў, усю ноч вярзуць розную лухту і сьмяюцца.
...А на раніцу кола зьнікае. Мне нават ня трэба карыстацца гумкай, бо яно сыходзіць само й да таго ж, не разьвітаўшыся. Часам кола пакідае невялічкія пасланьні ў левым ніжнім куце. Штосьці кшталту "анд елсься бе акінь зенагоч ін". Праўда, літары рана ці позна сыходзяць за кулісы, бо "размаўляць і сьмяяяца" яны пры іншых не жадаюць, і маёй гумцы зноў няма ніякай працы.
І ўрэсьце рэшт куб застаецца адзін. Абсалютна адзін.
Заслона.
маё,
soluta