POZOR, POLICIЕ VАRUJE! :)

Dec 19, 2011 22:10

Нармальны чалавек, збіраючыся ўпершыню наведаць якую-небудзь краіну, імкнецца вывучыць хаця б пару-тройку дзясяткаў слоў на мове яе жыхароў. Гэта ж няцяжка, праўда? А людзям прыемна. Да той хвіліны, пакуль я не адкрыла руска-чэшскі размоўнік, я наіўна меркавала, што які такі моўны бар’ер можа быць у нас, беларусаў, з чэхамі? Аднак у чэшскай мове мяне чакала мноства адкрыццяў.

Вы не паверыце, але кожны мужчына ў Чэхіі без усялякага сораму купляе калготы не для жонкі, а для сябе, любімага :). І зусім не таму, што яны [мужчыны] пазбаўленыя гендэрных забабонаў і маюць шырокія погляды, кalhoty - гэта штаны. Словаўтваральныя працэсы ў гэтай мове, трэба сказаць, заварожваюць. Памяншальна-ласкальны суфікс -к- у чэшскай у разы “памяншальна-ласкальней”, чым у беларускай, бо кalhotky па-чэшску - гэта не нейкія там нявызначанага памеру штонікі. Кalhotky - гэта кalhoty, “абрэзаныя” кардынальна, скажам прама - майткі, прычым жаночыя. Так што, нягледзячы на тое, што ўсе мужчыны ходзяць у “калготах”, надзець “калготкі” хлопчыку - гэта ганьба!

Дарэчы, пра ганьбу. Фраза “POZOR, POLICIЕ VАRUJE!” - гэта не сенсацыйнае выкрыццё мясцовай жоўтай прэсай “пярэваратняў у пагонах”, а шараговая шыльдачка, сустрэць якую можна паўсюль. Насамрэч паліцыя тут “папярэджвае і назірае”, а “позор” не што іншае, як “увага” або “асцярожна”.

Асаблівую радасць мне прынесла адкрыццё вось такіх лагічных слоўных ланцугоў: zabývat se - гэта займацца, мець справу, бо забываць - гэта zapomínat, а запамінаць - гэта, у сваю чаргу, zapamatovávat. Для беларуса кола замкнулася. Незваротна :).



Мова можа многае расказаць пра менталітэт яе носьбітаў. Відавочна, адвечная праблема “свякроў - нявестка” са старажытных часоў найбольш востра паўставала на тэрыторыі сучаснай Чэхіі :), бо nevěstka - гэта, пардон, жанчына самай старажытнай прафесіі. Няйначай слова гэтае чыясьці свякроў прыдумала :). Нежанаты мужчына завецца па-чэшску mladenec. Нават калі “младенчегу” сорак гадоў. А таму starý mladenec - гэта не аксюмаран, а цалкам лагічнае словазлучэнне.

У семантыцы слоў, звязаных з праблемай “асабістае - грамадскае”, увогуле без 100 грам не разбярэшся :). Мяркуйце самі: rodina - гэта сям’я, strana - гэта партыя, а радзіма - гэта vlast. І толькі з уладай усё больш-менш зразумела. Улада, яна і ў Афрыцы Чэхіі vláda.

Яшчэ адзін цікавы набор, што выклікае ў мяне ўнутраны канфлікт з перакананнем пра цудоўную якасць чэшскіх дарог. Бо па чыгунцы ходзіць нейкі, амаль кулінарны, “рыхлік” (rychlík) - хуткі цягнік, а сам шлях называецца “цеста” (сesta). Забаўна, асабліва ў кантэксце апошніх падзей у літаратурным асяроддзі, гучыць і слова пісьменнік - spisovatel. Вось так-та. Давайце называць рэчы сваімі імёнамі :).

Найбольшая блытаніна можа ўзнікнуць у рэстарацыі. Аналізуючы адлюстраваныя ў мове гастранамічныя прыхільнасці старажытных чэхаў, я так і не зразумела, якая тут zásada (прынцып па-беларуску). Зразумела толькі, што гэта рэальная “засада” :). Ну, хто захоча набываць ежу ў краме з красамоўнай назвай čerstvé potraviny [черстве потравіны]? А маюцца на ўвазе, між іншым, свежыя прадукты. А калі вы ўбачыце ў меню якой-небудзь рэстарацыі страву “поганка” (Pohanka), не спяшайцеся абурацца - гэта не пялевінскія грыбочкі і не вытанчаны здзек з дзіўнай птушкі чомгі, а ўсяго толькі грэчка. Пасля “паганкі” “оkurky” ў меню - гэта дробязі. Не, калег нашых бабцяў, якія замест пустых бутэлек збіраюць недапалкі, што пасля прадаюць уладальнікам рэстарацый, у Чэхіі няма. І “курку” вам таксама не прынясуць, не разлічвайце. Оkurkа - агурок па-наску. А вось памідоры гучаць вельмі міла, не знаходзіце? “Райчата” (rajčata). Нават есці іх няёмка, чэсслова.

І калі хочаце сапраўдны сюрпрыз, закажыце ovocné knedlíky. Калі вам пададуць салодкія варэнікі з садавінай (садавіна, як гэта ні дзіўна, называецца ovoce), то адмяняць заказ - “об’еднавку” (objednávka; zákaz, дарэчы, мае іншае значэнне і абазначае забарону) - будзе позна. Ну і, безумоўна, які беларус абміне ў меню bramborová kaše. Што гэта - паспрабуце здагадацца самі :).

Устанавіць кантакт з чэхамі вельмі лёгка. Варта памятаваць, што калі ў вас зацікаўлена спытаюцца “kde bydlíte?” - гэта не праява адмысловага стаўлення да турыста з постсавецкай прасторы і не высвятленне падрабязнасцей вашага бурнага жыцця. Вydlo - жыллё, месцазнаходжанне па-тамтэйшаму. Таму можна смела адказваць, што “быдліце” вы звычайна ў гатэлі і нават не рызыкуеце сваёй рэпутацыяй.

Калі чэх spokojený, чэх задаволены. А разумны чэх - чэх “хітры” (сhytrý). Калі вам прапаноўваюць nápad, не пужайцеся, гэта ўсяго толькі “ідэя”. Спалохацца варта, калі прапануюць dělo, бо гэта якраз гармата. І “за žizen” вам пагаварыць не ўдасца, хіба толькі за келіхам піва, якое дапаможа гэтую žizen наталіць.

І не прыдумайце сказаць чэху, што ад яго добра пахне, бо на гэтым ваша знаёмства дакладна скончыцца. Рáchne па-чэшску - смуродзіць, і наадварот, пахнуць - гэта vonět. Таму зусім не дзіўна, што духІ - гэта voňavka, а робіць гэтую “воняўку”, што лагічна, voňavkář. Спадзяюся, аматары творчасці Патрыка Зюскінда ацанілі, як гучыць назва аднаго з яго лепшых твораў па-чэшску :).

І самае галоўнае. Ніколі, чуеце, ніколі не вымаўляйце пры чэхах слова “шукаць”, бо прыстойныя людзі публічна нецэнзурныя словы не ўжываюць :).

PS Між іншым, гугл-перакладчык не з усімі значэннямі згадзіўся.
PPS Дзякуючы назіранням маіх жж-сяброў я ўжо пачынаю спасцігаць тонкасці, прынамсі адрозніваць чэшскую ад славацкай :), на якой была першапачаткова напісана ключавая фраза "POZOR, POLICIA VАRUJE". Па-чэшску ўсё ж "policie".

адпачываць не работаць, асаблівасці нацыянальнага характару, загадкі

Previous post Next post
Up