Калі ў пятым класе я зачытала да дзірак кнігу Куна, я проста марыла паехаць у Грэцыю, каб пабачыць на ўласныя вочы ўсе гэтыя антычныя руіны ды надыхацца паветрам, у кожнай малекуле якога ёсць тлустая кропля старажытнай гісторыі. З тае пары шмат малака было выпіта, і сёлета, нарэшце, я трапіла ў краіну сваёй дзіцячай мары. І ўбачанае на Родасе стала для мяне абсалютнай нечаканасцю.
Перад вамі Ліндас, магчыма, самае "грэчаскае" мястэчка на Родасе - каларытныя белыя дамкі і нават антычны акропаль на гары. Праўда, самі родасцы стараюцца лішні раз не ўзгадваць, што ўсе гэтыя калоны - хаця і прыгожы, але навабуд, прынада для наіўнага турыста, прычым зроблены ў поўнай адпаведнасці з традыцыяй, якой карысталіся рэстаўратары нашага Лідскага замка.
Хаця, калі шчыра, сёе-тое захавалася. Вось, да прыкладу, аўтэнтычныя руіны антычнага тэатра.
Не ведаю, навошта родасцам гэтыя сарамлівыя маніпуляцыі з антычнасцю, калі ім сапраўды ёсць чым ганарыцца. Так, на востраве велізарная (ці не большая, чым на самой Мальце) калекцыя артэфактаў, звязаная з рыцарамі Мальтыйскага ордэна, яны ж гаспітальеры, яны ж іаніты. Гаспітальеры трапілі на свой "востраў руж" пасля таго, як былі выгнаны з Палесціны, пажылі тут пару-тройку стагоддзяў і зноў былі выгнаны, у гэты раз на Мальту (не рыцары, а батаны нейкія, якіх ганяў увесь сярэднявечны свет :).
Лепшы спосаб якасна паглядзець Родас - узяць машыну напракат, што мы і зрабілі, балазе, рух на востраве, у адрозненне ад Мальты-Кіпра, правабаковы. І паколькі #яцяперінстаграмер (гл. ніжэй), то і фотачкі ў допісе будуць вельмі эклектычнымі (звычайнымі і квадратнымі, з адэкватнай колераперадачай і прапушчаныя праз фільтры), даруйце, не прывыкла здымаць адразу на два гаджэты.
Першае, што трэба зрабіць у такой вандроўцы, - вывучыць мапу. Бачыце рэакцыю майго мужа, які высветліў, што на Родасе ўсяго тры дарогі і заблукаць немагчыма.
Як вы ўжо заўважылі, муж практычна не здымаў кепку з надпісам "Беларусь" (і шкарпэткі з вышыванкай :), але эфекту ў папулярызацыі нашай краіны, прынамсі сярод грэкаў, мы не дасягнулі. Двойчы мясцовыя жыхары, даведаўшыся, адкуль мы, перапытвалі: "А гэта дзе?". І, пачуўшы геаграфічныя каардынаты, дадавалі: "А чаму тады вы ведаеце англійскую?" :).
Але вернемся да нашай вандроўкі. Машыну мы заказалі недарагую, хаця і не самую танную, але нам чамусь выдалі даражэйшую і даплаты не патрабавалі. Плюсік ім у карму.
Ужо самі краявіды апраўдваюць траты на арэнду. Вока радуецца! Думаю, Цыцэрон, які ў свой час абраў Родас месцам сваёй добраахвотнай ссылкі, адточваў сваё мастацтва красамоўства менавіта на прыкладзе хараства тутэйшых пейзажаў. Увогуле, цяжка паверыць, што Родас доўгі час быў месцам ссылкі (Гай Юлій Цэзар, Тыберый, ужо згаданы Цыцэрон). Проста жэстачайшыя ўмовы для выгнаннікаў :).
Можна зазязджаць на бязлюдныя пляжы і купацца галышом :).
Аўтамабільныя заторы на дарогах неверагодныя!
Адзіная непрыемнасць - казлы на дарогах. Ніколі не бачыла столькі казлоў, якія перасякаюць двайную суцэльную, могуць рухацца супраць поўсці, карацей, глядзіце самі.
Прычым родасцы-аўтамабілісты турыстаў акуратна прапускаюць (хто хоча звязвацца з бесталковымі гасцямі выспы), хаця і кіруюцца толькі ім адным вядомымі правіламі дарожнага руху.
Хаця... Добра, пакажу. Уздоўж дарог стаяць такія маленькія цэрквы. Даволі шмат, усе розныя, некаторыя нават вельмі сімпатычныя. Аказалася, так грэкі адзначаюць месцы аварый. У нас - крыжы, на Мальце - гранітныя помнікі, накшталт такіх, якія ставяцца ў нас на могілках. А тут - архітэктурныя кампазіцыі.
Мясцовая флора таксама часам непрадказальная.
Ведала б ты, Ала, што зараз фатаграфуеш. Аморфафалус (прасцігоспадзі) гіганцкі! Цвіце ён яшчэ страшней, можаце пагугліць і зразумееце, за што расліна атрымала такую назву.
Гіганцкія на Родасе і конікі. Коні, а не конікі. Непрыемна ўбачыць такога суседа ў рэстарацыі.
А вось цэрквы на востраве, наадварот, малееенечкія і акуратныя. Асабліва калі ўспомніць мальтыйскія гмахі храмаў, якія будаваліся так, каб бачны былі з Сіцыліі па меншай меры :). Гэтая царква святога Стэфана - тыповы прыклад мясцовага культавага дойлідства. Грэкі праваслаўныя, але ў іх цэрквах, як і на Кіпры, можна сядзець, бо легенда распавядае, што нехта з рэлігійных мудрацоў калісьці заўважыў: "Калі чалавек дзве гадзіны слухае службу на нагах, то ён думае не пра Бога, а пра свае ногі". Залатыя словы!
На невялікай па памеры выспе (79Х38 км) каля 200 манастыроў. Адзін з самых вядомых - Цамбіка з нейкай амаль ювелірнай беласнежнай званіцай.
Побач з манастыром расце дрэва, якому, кажуць, 1500 гадоў. Машча!
Што мяне рэальна ўразіла ў пейзажы - гэта зімовыя рэкі. Дакладней, летнія рэчышчы гэтых рэк. Вось тут я стаю на мосце, а пада мной сухое дно ракі памерам, як мінімум, з Сож. І такіх сухіх рэк на востраве процьма.
Тыповым, хаця і не такім экзатычным, як зімовыя рэкі, элементам родаскіх краявідаў з'яўляюцца ветракі, што не дзіўна. Помніце, раней я ўсё нахвальвала Кіпр за наяўнасць бесперапыннага свежага брызу нават у самую спякоту? Забудзьце :). Родас - вось яна, тэрыторыя прахалодных вятроў, што робіць клімат улетку неверагодна камфортным. Увечары я паспявала нават змерзнуць.
А гэта месца, дзе вятры не проста прысутнічаюць - валадараць. Некалькі разоў я думала, што мне ветрам адарве галаву, але зносіла толькі кепку, якую я нацягнула на самыя вушы. Гэта мыс Прасанісі - пацалунак двух мораў. Бачыце, злева - Міжземнае, справа - Эгейскае. Так-так, нягледзячы на больш чым сціплыя памеры вострава, яго амываюць воды адразу двух мораў, розных па характары, колеры і нават тэмпературы вады.
Сапраўдны рай для сёрфераў, кайтараў і іншых ветразёраў. Прыязджаюць кампаніямі і сем'ямі, жывуць месяцамі, бачыце фургончыкі? Мясцовыя гатэлі перапоўнены. Ліха ганяюць і дарослыя, і дзеці. Але купацца побач з імі (і першымі, і другімі) боязна, раптам прышыбуць.
Гасцінны гаспадар тамтэйшай таверны. Дакладней, сын гаспадара, бацьку я ў інстаграме паказвала.
Пасля Прасанісі дарога вывела да Эгейскага мора. Вось так каціш па ўзбярэжжы і разумееш, што, ой, не там нарадзілася Афрадыта, не там.
Двухметровыя хвалі, нягледзячы на прывабную бірузовасць, не нарадзілі, аднак, у маёй душы жадання акунуцца. Хаця побач нейкія дзікія турысты скакалі па хвалях. Стратэгія замяшчальнай тэрапіі прымірылася з годнай заменай купанню - фотасесіяй.
Акіян, а не мора. Псіхованае, але звышпрыгожае.
Паколькі ў свеце ўсё ўраўнаважана, у хуткім часе мы заехалі ў дэкарацыі да фільма жахаў. Кіламетры, кіламетры выпаленай тэрыторыі.
І самае парадаксальнае, што сярод гэтага папялішча стаяць жывыя некранутыя вёскі. Дзіва нейкае. Мясцовы жыхар патлумачыў: "У нас кожны год гарыць. Сёлета пажар быў невялікі, усяго тры дні гарэла. А вось чатыры гады таму два тыдні не маглі патушыць". Тут, як нідзе раней, я яскрава адчула значэнне фразы "чалавек прывыкае да ўсяго".
Вось гэта я разумею - месцазнаходжанне. Крэпасць Маналітас (15 стагоддзе), пабудаваная гаспітальерамі, была самай магутнай цытадэллю сярэднявечнага Родаса. Па-мойму, яе рэальна захапіць было немагчыма, хіба толькі разбамбіць з самалётаў :).
Максімальнае набліжэнне.
Подступы да крэпасці і сёння непрыступныя, бо ахоўваюцца суворымі вартаўнікамі.
Насамрэч уладальнікі гандлёвых кропак на аглядавай пляцоўцы карыстаюцца такім піяр-ходам, каб прыцягнуць турыстаў. Козачка Джынджы, да прыкладу, рэкламуе мясцовае віно, алей ды хваёвы мёд (вы чулі пра хваёвы мёд?).
А штовечар мы былі заняты звычайнымі блогерскімі справамі #яжцяперінстаграмер :). Муж хоць і падсмейваўся з мяне, але рэдагаваў усе здымкі і подпісы.
А тут мяне злавілі на месцы злачынства: я пайшла правяраць паведамленні ў тэлефоне, які пакінула зараджацца на падлозе бара. Пахвалілася сваёй залежнасцю, называецца. Хаця там - інстаграм. А тут - жж. Як сказаў Эзоп, "тут - Родас, тут скачы" :).