Вось добра было выкладчыкам ХХ стагоддзя - перад імі не стаяла гэтае гамлетаўскае пытанне.
З самага пачатку існавання блога я вырашыла не фрэндзіць студэнтаў, і не таму, што баялася, быццам яны прачытаюць у маім дзённіку нейкую інфармацыю, за якую мне можа быць сорамна (пра такое я тут проста не пішу). Сам факт таго, што студэнты будуць каментаваць-абмяркоўваць падрабязнасці майго асабістага жыцця, не натхняў. Усё ж педагагічную этыку, нават з папраўкай на сучаснасць, ніхто не адмяняў. А сяброўства, няхай і віртуальнае, скарачае неабходную дыстанцыю паміж выкладчыкам і студэнтам да мінімуму.
Пасля я зразумела, што лепш і не чытаць сваіх студэнтаў у сацсетках, бо ў адваротным выпадку ты на вачах страчваеш такую каштоўную ў нашай прафесіі рэч, як аб'ектыўнасць. Бо вось у гэтай, як табе здавалася, пасрэднай дзяўчынкі хворая маці, а яна і на заняткі ходзіць, і чырлідзінгам займаецца, і маму даглядае, і ўсміхаецца заўсёды... А гэтая ўвесь вольны час аддае валанцёрству, выратоўвае бяздомных жывёл. А гэтая са шматдзетнай сям'і, і пакуль ты ўлетку на моры загарала, яна з бацькам на камбайне па 18 гадзін у суткі ўкалвала, ураджай збірала. А гэтая... Карацей, якія ж яны класныя, гэтыя людзі.
А на мінулым тыдні ў мяне з'явілася яшчэ адна прычына не чытаць студэнтаў у сацсетках.
Калі студэнт-філолаг старэйшых курсаў горда вывешвае на сваёй старонцы вось такія вынікі папулярнага тэста, то ты пачынаеш сумнявацца не толькі ў яго прафесійных ведах, але і ў мэтазгоднасці тваёй працы. На які ж вынік разлічваў студэнт, калі гэты палічыў вартым выхваляння?
Вось навошта я гэта ўбачыла?! Як кажуць, дайце мне разбачыць, вярніце ўсё назад.
І студэнтку нават не насцярожыў апошні сказ.
А мы тут з вамі надрываемся, спрабуючы высветліць, тры тысячы слоў у тваім багажы англійскай - гэта многа ці мала?
PS Ратуюся думкай пра сваіх добрых студэнтаў. Іх багата :).