Вярнуліся з вандроўкі па Міншчыне. Пакуль разбіраю амаль паўтары тысячы здымкаў з трох фотаапаратаў, пасля зраблю пару справаздач. Паводле традыцыйнага апытвання ўсіх удзельнікаў падарожжа (8 чалавек), першую і другую пазіцыю ў рэйтынгу прадказальна занялі Нясвіж і Будслаў. Трэцяе месца таксама мяне не здзівіла - Рубяжэвічы. А вось аўтсайдэр нечаканы - возера Нарач. Яго нават шынамантаж абагнаў у рэйтынгу.
* * *
Усе людзі ходзяць па грыбы ў лес, а я - у агуркі.
Пасля кожнага дажджу там грыбоў багаты ўраджай. Але муж не дазваляе іх смажыць ды варыць, грэбуе. А не трэба было на агурковыя грады марынад ад шашлыкоў выліваць, вось і вынік.
У сувязі з гэтым у мяне да вас, сябры, тры пытанні.
1) Ці знялі ўжо забарону на ўваход у лясы?
2) Хто быў у лесе, ці ёсць там грыбы? Бо неахвота 60 км піліць і з пустымі кошыкамі вярнуцца.
3) Гэта ж шампіньёны, праўда? (па версіі мужа, гэта нейкія ілжывыя шампіньёны).
Адзінае, што мяне бянтэжыць, некаторыя з грыбоў чарвівыя. Шампіньёны ж, здаецца, чарвівымі не бываюць. Ці не? Дапамажыце разабрацца, я ўжо пару кг такіх грыбоў выкінула за лета.
* * *
Суседку кінуў не муж, а кот. Тры месяцы таму сышоў з дому і нават на абед не прыходзіць. Пры гэтым штодня ляжыць у маіх памідорах на агародзе. Ласкавы, да мяне падыходзіць. Суседка кажа, што кот заўсёды дурны быў, таму і сышоў. А я думаю, гэта ёй пакаранне за тое, што восем гадоў таму яна выкінула папярэднюю котку Моцю на вуліцу, і мы, усе суседзі, яе кармілі, пакуль узімку яна не захварэла на запаленне лёгкіх і не памерла. А ката ўсё ж шкада, хаця пакінуць дом суседкі - яго ўласнае валявое кацінае рашэнне.
* * *
Плюша.
Калі Плюша навучылася лавіць мух, мы радаваліся, што нарэшце дома ніякіх інсектаў залётных не будзе. Цяпер Плюша, скончыўшы абарону дома, ловіць мух на вуліцы, крыху іх прыдушвае і... прыносіць дадому. Частуйцеся, маўляў, гаспадары, я старалася. Не ўсё ж вам мяне мець на ўтрыманні, я таксама магу вас пракарміць.
Праз пару гадзін кацінага палявання мая падлога нагадвае мініяцюрнае поле бою, на якім кепска працуюць медбраты і сёстры. Дзясяткі раненых варушацца, поўзаюць, валочаць ногі, спрабуюць уратавацца ад няўхільнай смерці. Аказваецца, пыл - не самае страшнае для гаспадыні :).
* * *
Сёння Плюша выканала праграму мінімум кожнага сапраўднага ката - залезла на дрэва, не прадумаўшы шляхі адыходу.
Калі, паспрабаваўшы вярнуцца на зямлю, праз пару-тройку марных спроб Плюша зразумела, што задняя перадача ў яе яшчэ не вырасла, то ўключыла сірэну (гэтая функцыя ў катоў ідзе адразу ў базавым камплекце).
Давялося мне выклікаць МЧС мужа з работы. Дасталі. Суцешылі. Понялі. Простілі.
Так і жывем :).