1 Паважаць бліжняга.
Гэтаму не могуць наглядна і ў поўнай меры навучыць вас калегі ці сябры. У выніку прыніжэння іх годнасці з боку вашай асобы яны не пагрызуць ваш любімы фікус і не выкарыстаюць у якасці ўнітаза вашы новыя італьянскія туфлі. А дарэмна - вельмі дзейсныя метады :).
Каты - больш прасунутыя істоты, яны годнасць маюць і адстойваюць роўныя правы ўсіх членаў калектыву незалежна ад афарбоўкі поўсці і наяўнасці апошняй.
2 Не камплексаваць адносна сваёй знешнасці.
Я, да прыкладу, не ведаю ніводнага ката, які б заганяўся, што ў яго крывыя ногі ці недастаткова доўгі хвост. Дыеты? Якія дыеты, не супраць ночы будзе сказана. У свеце катоў асобу ацэньваюць па іншых, больш значных, параметрах.
3 Указваць людзям на іх недахопы тактоўна.
Толькі кот здольны рэальна паказаць, наколькі таленавіта вы штодня спяваеце ў дУшы, бо блізкія будуць пакутаваць, але, каб вас не раніць, будуць зацята маўчаць. А кот цярпліва ўсё запамінае і тактоўна, недзе раз на год, бліжэй да сакавіка, уначы зладзіць вам парадыйны канцэрт па матывах вашых лепшых хітоў.
4 Аскетызму.
Вы ўмееце спаць пры святле? А пры тэлевізары? А калі ваш сусед, як энерджайзер, без перапынку трэці дзень свідруе сцяну?? То-та. А кот умее. Кот можа абыходзіцца мінімумам камфорту і ніколі на гэта не паскардзіцца. Вучымся, людзі, запамінаем і вучымся.
5 Родзіну любіць :).
Калі чужыя парушаюць межы яго тэрыторыі, кот не будзе адседжвацца каля паўміска з віскасам, а адважна кінецца ў бой. Бо кот дакладна ведае, што ў адваротным выпадку заўтра давядзецца дзяліць гэты паўмісак з нетутэйшымі катамі. Гэта сабака, як вядома, улыбака, а кот-патрыёт.
6 Моўчкі выслухоўваць праблемы іншых.
Няма больш удзячнага слухача за ката. Кот не будзе фальшыва спачуваць вашым бедам ці ў душЫ насміхацца з вашых праблем. Кот - самы круты псіхааналітык, які працуе не дзеля грошаў, а з-за любові да цябе, адзінага. Дурных парадаў кот таксама ніколі не дасць, адназначна.
7 Быць ветлівым і добразычлівым.
Згадзіцеся, нескладана ж сустрэць чалавека з работы, праводзіць яго да лядоўні, ласкава пацерціся аб нагу... ну, ці куды дастанеце. Чалавек вам удзячна адплоціць звышдабром. У каціным выпадку малаком, у выпадку з жонкай, як мінімум, пацалункам, а, як максімум, новым футрам :). Кот - гэта вам не нейкі сабака, які будзе прыніжана віляць хвастом ды падлашчвацца скавытаннем. Каціная ветлівасць і пачуццё ўласнай годнасці непадзельныя.
8 Наводзіць марафет падручнымі сродкамі і пры гэтым эканоміць на пілатэс.
А паспрабуйце, жанчыны, файна выглядаць пасля 35-ці і пры гэтым не карыстацца ўсякімі ланкомамі ды дзіорамі. Дудкі, не атрымаецца. Кот абыходзіцца падручнымі сродкамі - языком ды гімнастыкай пад час штодзённых спа-працэдур. Вучыцца і вучыцца.
9 Цярплівасці.
Нават зацятыя рыбакі не могуць спаборнічаць у цярплівасці з катом, які палюе на мыш. Рыбак праз тры гадзіны беспаспяховага стаяння на беразе канстатуе: "Рыба не ловіцца," - і з чыстым сэрцам адправіцца дадому. Кот не адправіцца, кот ужо дома. Урэшце, злоўленую мыш можна прэзентаваць сваім людзям як падарунак, зроблены сваімі рукамі. Ім будзе прыемна.
10 Не паказваць, што ты разумнейшы за іншых.
Проста ўпэўнена, што каты разумеюць чалавечую мову. Калісьці яны заключылі сусветнае пагадненне пад грыфам "звышсакрэтна", бо выдаць сябе - значыць пазбавіцца каціных ільготаў у чалавечым свеце. Паглядзіце, як прыслухоўваецца ваша хітрая кацяра, калі вы з жонкай ці мужам абмяркоўваеце яго персону. Так блізка да правалу Шцірліц не быў ніколі.
PS У катоў, між іншым, 9 органаў пачуццяў, і ўжо толькі гэта выклікае павагу. А сёння такі дзень, што самы брутальны блогер мае індульгенцыю на запошчванне коцікаў. А я не брутальны. І, як вы ведаеце, у тэме.
Дзякуй за ўвагу. Нізка кланяемся. Veragodna і ваша неабыякавая Кот.