ПАРОМ

Sep 22, 2008 17:07


…Ад берага белы, як сьмерць,
сплывае апошні паром…
І чайкі, нібы на падпітку,
каменьнем куляюцца ў мора, -
паэты так келіх куляюць, -
і хвалі іх млява люляюць,
забітых птушыным горам.

І Нехта
у шэрым, як порах,
стаіць па-за мною ценем.
Ня прывід. Ня здань. Не трызьненьне.
Кладзе ён руку на плячо.
І робіцца мне пякельна.

Са мною праводзіць жыцьцё
вярнуўся да прыстані белай…
Увесь не жывы, не зьмярцьвелы,
ня дух і ня раб - мой брат.
Да прыстані, прыстані белай
вярнуўся той дзень акурат.

Ад берага белы, як сьмерць,
сплывае апошні паром…
У сьвет мы прыходзім з дабром,
адходзім жа з тым, што мы маем,
як цёплая хваля нямая:
адходзім мы з тым, што памром.

Навошта тады па начох
мне сьняцца божыя вочы?!
Пранізьліва і прароча.
Туга ў нябёсных вачох.

Такая туга… Божа мой!..
Мне робіцца невыносна.
І я крычу безгалосна.
І крык быццам чую ня свой.

Ад берага белы, як сьмерць,
сплывае апошні паром…
Адчольвае, страціўшы цьвердзь,
бы ў вырай першы выгнаннік.
А можа ў чысьцец ці ў рай.
І кожны на ім - абраннік.

І кожнаму пасажыру
наліты келіх зь віном,
насыпаны ўзгорачак жвіру.

На злом я лячу, наўздагон…
Нібыта яшчэ ён жывы,
нібыта яшчэ я жывая…
І падаю зьбітаю чайкай
на вырачаны паром!..

21 верасьня 2008

вершы ў снох, чарнавік, вершы, 2008, сны, паэзія

Previous post Next post
Up