Dec 18, 2006 09:43
З БРАТАМ
...І бялейшы за звыклы сьнежань
снежань наш, калядою поўны.
Я і брат - мы табе належым,
Беларусь мая, боль мой годны.
Дранікі - бульба бабуліна.
Вечар. Каляды. Вершы
Караткевіча, Барадуліна.
Усе мы.
Кожны з нас - тутэйшы.
Голас Данчыка, казка мамчына...
Па чарзе зь Лесунком сьпяваем...
І народнае - наша спадчына,
і крывіцкае ў крылах маем.
Мы ў нябёсы глядзім значнелыя,
нас бабуля тройчы жагнае:
“Мае зорачкі спалынелыя,
паглядзіце, як сонца канае,
як дыміцца на шатах соснаў,
як сьцякае па стрыжнях стромкіх,
разамьлела, мякка і млосна
чырванее ірдзежам гронкі,
бы парэчкі ў маім гародзе
ці шыпшыннік, што ў лесе побач...” -
Сонца высьпела. - “Ну, дзеткі, годзе,
спаць хадзем...” - “Не, бабуля!.. Во, бач!.. -
галасок Лесунка прарваўся, -
пачакаем шчэ зорку сястрычкі,
за хмурынку яна... схаваўся...”
І чакалі Венеру па звычцы,
дачакаўшыся ў калыханцы.
Спаў лясун, і над лесам хмурынка,
і Алесік, і Валярынка...
"Тамсама",
вершы,
2003,
паэзія