КАЛЯДНАЕ

Dec 24, 2007 19:23



Прайшоў фестываль аднаго верша, каляднага верша. Паводле ўмоваў - усе аўтары бралі ўдзел у конкурсе пад псэўданімамі, каб літаратурныя суддзі справядліва ня ведалі - хто кім ёсьць. У фіналісты трапіў і Юзік Кухля са сваім вершам “Каляднае”. Асобна яго верш як пераможцу (зрэшты, у такіх мерапрыемстваў пераможцаў і няма) вылучыш спадар Леанід Дранько-Майсюк, прэзэнтаваўшы (перадаўшы) свой зборнік выбраных тэкстаў “Вершы.Каханне.Проза.” Цяпер можна і рассакрэціцца: Юзік Кухля - гэта я, вашая дзеўка-паэт :) У гэтым маглі ўпэўніцца ўсе, хто завітаў сёння на вечарыну ў Музэй М.Багдановіча. Было прыемна пачуць багата сымпатычных твораў маладых аўтараў і пабачыць уласна выканаўцаў. З Калядамі!
КАЛЯДНАЕ

Калі я быў маленькі, усе мае сябры
                                                      наконадні Калядаў
                                    пісалі лісты з пажаданнямі    
                       Дзеду Марозу ці Сьвятому Міколу,
                              я ж пісаў лісты Богу, бо лічыў,
              што Бог - самы галоўны Дзед Мароз,
                       прэзідэнт усіх сьвятых Мікалаеў.
                                                       Замест эпіграфа

Мэры Крыстмас! Глянь наўкола...
І прыдзі, сьвяты Мікола,
сьнегам поўніць далягляды.
На Каляды. На Каляды.

Не празь сінія этэры -
а праз комін у кватэры.
Ды ў шкарпэткі пакладзі
дзівы - о-дзі-ры-дзі-дзі!

Як анёлак б’е ў курантны,
прамаўляю модлы-мантры:
дай нам Звышні на Каляды
шчасьця ў горад наш пракляты.

Дай нам добрае надвор’е
без глябальных пацяпленьняў.
Дай дзівоснае сузор’е,
дзе Вэнэра з Марса млее.

Дай шалёных закаханьняў
і каханых нам шалёных,
каб у кожным у дыханьні
любыя пачуць імёны.

Сьвяты вечар. Шчодры вечар.
Добраму сьвятому люду.
Словы простыя і рэчы
зіхацяць прадвесьнем цуду.

Калі быў зусім малечай
я прасіў узяць на плечы
ў таты, мамы і ў дзядулі
і круціў з вышыняў дулі.

А цяпер прашу я ў Бога,
бо галоўны Ён Мікола,
каб пакутную дарогу
не разьбіла часу кола.

Як раней прасіў я цацкі,
шчанюка і шмат цукерак,
так цяпер прашу я ласкі
боскай і людзей даверу.

Я раней дурнеў на сьвяты,
у зімовай завірусе
кідаў ледзяшамі ў брата
і ў сумёт хавацца мусіў.

А цяпер гляджу я ў неба
кожнаю каляднай ноччу.
Падарункаў мне ня трэба,
толькі б, Божа, мне ня збочыць.

На Каляды. На Каляды.
Пахне цытрусавай елкай.
Ліхі ўсе і нашы звады
заліваем мы гарэлкай.

На Каляды. На Каляды.
Беларусі гэтай зычу
новай праўды. Новай Рады.
Новага жывога клічу.

Новага-старога сьцягу.
Новага-сівога гімну.
Каб на эўрапэйскім шляху
ды ня згінуць.

Каб зямля нам нарадзіла
Каліноўскіх і Скарынаў.
І каб не ўцякла радзіна
за кардон ці за адрыну.

На Каляды. На Каляды.
Казкай поўніць далягляды.
Сьнегам поўніць туманы.

А ўначы гучаць званы.

15 сьнежня 2007

Пра тое, як прайшоў фестываль, можна прачытаць тут.

2007, Каляды, чарнавік, вершы, выдурняцца

Previous post Next post
Up