КАНТРАЛЁРКА І ПРЭЗУМЦЫЯ НЕВІНАВАТАСЦІ (праўдзівая гісторыя). Пайшлі другія суткі ў Менску. Cёння праходжу па картцы ў мэтро. І тут успамінаю пра неабходнае тэлефанаванне. Набіраю нумар. Каб лепей было чуваць, уздымаюся на прыступкі. Станаўлюся бліжэй да выйсьця, каб не замінаць людзям праходзіць. Знаходжуся недзе на адной лініі з кантралёркай у андэграўнд. Размова доўжыцца блізу 5 хвілін, я хаджу коламі, калі размаўляю, альбо туды-сюды на пару мэтраў. Падчас размовы, калі паварочваюся тварам да прыступак, да мяне, як маленькі крыважэрны звярок, падскокамі, набліжаецца, кантралёрка. На ёй вялікія блізарукія акуляры і спэцадзенне. Яна нагадваю бабульку-паліцэскую на песніі. Яна ўпіваецца пальцамі ў маю куртку, у рукі і крычыць: "Ты штоооо?! не прапушчу!!!". Я спыняю гутарку, страхваю яе скручаныя пальцы, спрабую асэнсаваць сітуацыю... Яна ажно падсковае, захлынаецца слінай: "Назад! Назад!" Я сказала! Куды без білета?! Хітрая! Решыла тут..." Я набіраю дыхання і прамаўляю: "Па-першае, не дакранайцеся да мяне, па-другое, не размаўляце са мной у такім тоне, па-трэцяе, ня тыкайце, па-чацвертае, у мяне ёсць праязны (картка) - і хвіліну таму я зайшла ў метро па ім, па-пятае, вы перабілі мне важную гутарку..." Кантралёрка - гэта мяне ўразіла яшчэ больш, на парадак больш уразіла - паспрабавала мяне выпіхаць... да выхаду, нема гарлапанячы: "Уйди, я же сказала! ты тут вид делаешь! Ухаді - і захадзі, как паложана! Немедленна, сейчас жа!! Сейчас тебя аштрафую!! Не пушчу! Не прапушчу!" Было адчуванне, што я ў лагеры, дзе не маю маральнага права супраціўляцца майму кату. А знутры падпірае пад гарляк непераадольнае жаданне фізічнага супраціўлення - і каб ніколі ў жыцці ніхто не дакранаўся да мяне без дазволу. І тым больш - яна. Каб ёй забаранілі гэта. Я, трымаючыся: "У мяне ёсць праязны, я не буду заходзіць яшчэ раз. І перастаньце да мяне дакранацца..." Цётачка адпусціла мяне - і папросту пачала перакрываць сабой дарогу, адпіхваючы сваім целам, пры тым, што я стаяла на месцы, яна перакрывала дарогу так, нібыта залоўлівае мяне, заганяе ў чырвоныя сцяжкі... Цяпер я разумею - чаму ваўкі кідаюцца ў такіх выпадак - на стрэльбу, а не на сцяжок.
Яна падскочыла мне да твару: "Я сейчас пазаву міліцыю на цібя, тада узнаеш! Ты хто такая, штоб так делать?! Хто тебе пазволіл? Я тебе сейчас пакажу!!!" Мне падалося гэта добрай ідэяй, яе прапанова: "Клічце міліцыю, давайце!". І тут яна завішчала (яе голас павысіўся да макісмума, да віску): "Мілііііцыя! Мілііііцыя!" - зварот быў чамусьці скіраваны ў натоўп людзей, што чакалі свайго цягніка. Я зразумела, што яна так... сімулюе?.. "Так, завіце міліцыю - і мы паглядзім запіс з відэакамераў, як я заходзіла ў метро і калі, і мы даведаемся, чаму вы няпільна даглядаеце за сваёй тэрыторыяй..." Цётачка змянілася ў твары: "У нас нет нікакіх запісей! Нет у нас запісей! Я пазаву міліцыю!..." "Як жа няма, - кажу, - а вось у вас камеры... Яны і пакажуць, як вы непрафесійна робіце сваю працу, нападаеце на людзей, не разабраўшыся..." Цётачка адышла на два метры: "Ну проста, прайдзі, ну прайдзіце есчё раз, туда, в праход, нужна абайті! Нада, я же гаварю, нада! Так нада!" Я разумею, што гэта найпрасцейшае выйсце з сітуацыі - але адмаўляюся: "Я не буду гэтага рабіць, я ўжо гэта зрабіла, я прайшла, клічце міліцыю, будзем правяраць запісы камер... І ўсе ўбачаць, што гэта ваша памылка!.. " Кантралёрка адбеглася ад мяне з крыкам: "Ты што? Толька папробуй хоць ісчё раз сюда проста так прайті, я тебя пакажу, я міліцыю вызаву! Совесті нет! Толькі попробуй хоть есчё раз!!! Нікагда больше, нікагда сюда не хаді!" Цётачка бегма бегла на сваё месца, спалохана і помсліва азіраючыся, кідаючыся абразамі... Хоць яна і адступіла - у мяне засталося адчуванне, што мяне яна не зразумела, што размаўлялі мы на прасторава-метальна розных мовах (і мае аргументы для яе - былі больш дзіўнымі, чым істотнымі). Яна не зразумела, чаму мне было нібыта ў лом прайсці яшчэ раз праз праверку), на што яна была згодная ў выніку), як, відаць, рабілі папярэднія яе "ахвяры". А мне дык нават дзіўна ўявіць, каб на маім месцы быў якіх замежнік з заходняй Еўропы... Што б ён адчуш. Мне здаецца, маё мысленне мяняецца. І я ўжо не буду тануць моўчкі, як раней, па-беларуску.
У Беларусі няма прэзумпцыі невінаватасці. Нідзе. Ні ў каго. Ты вінаваты - пакуль не давёў адваротнага. А калі і давёў - табе не вераць. Спішам гэта на Хэлоўін і туманны Месяц. Пасля смерці грэшкнікі ператвараюцца ў кандуктараў. Не хочацца так жыць.