Mar 26, 2016 21:52
Прыехала да мяне адна тэлекампанія здымаць... Зайшлі, павіталіся, камэры расклалі, мікрафон падлучылі... І з адным удакладненнем, як між іншым, да мяне звяртаюцца: "Толькі вы па-руску кажыце, добра?" У мяне вочы - па яблыку. Як так, праграма да Года Кнігі, пра беларускіх пісьменнікаў, пра бел.моўную паэзію, дык як я змагу людзям, чытачам давесці, навошта мая праца ўвогуле тады... Пытаюся: "А вы што, на Маскву вяшчаеце?" Не, кажуць, проста у нас жа большасць людзей па-руску разумеюць. І пытаюцца: "А гэта што, ваша прынцыповая пазіцыя альбо размаўляць па-руску цяжка?.." Я вушам ня веру: "Скажыце, а астатнія мае беларускамоўныя калегі няўжо пагадзіліся па-руску?" Адказ быў станоўчы, здзіўлены нават: "Так, усе... Дый увогуле - у нас заўжды ўсе сюжэты па-руску, ніколі не было, каб па-беларуску... А што вы ангельскаму тэлебачанню таксама будзеце па-беларуску адказваць?" Ледзь сабрала сябе: "Не, ангельскаму - па-ангельску, польскаму - па-польску і г.д. пры магчымасці, але свайму - па-свойму... Калі так, то сюжэт на мяжы зрыву хіба?" Не, думаю, няхай ўсе і пагадзіліся... Потым сталася, што рэдактары надурылі: мяне першую здымалі. Во была б падстава...
жыццё,
тэлебачанне,
людзі,
беларуская літаратура,
мова