Jan 16, 2015 23:56
Увечары хадзілі на прэм'ерны спектакль "Гора ад розуму" у тэатр імя М.Горкага. Колькі разоў казала пра тое, але не палянуюся паўтарыцца: людцы, ды не бяжыце вы са спектаклю да таго, як канчатковы раз апусцяць заслону. Артысты толькі на першы паклон - а гледачы ўжо ва ўсю шэрагамі сцякаюцца да гардэробаў. І зусім не таму, што твор не пакаціў, а каб - як яны думаюць - сэканоміць 2 хвіліны. Вы атрымалі сваё задавальненне ад прагляду? А людзі, каторыя зрабілі ўсё для вашай прыемнасці, - што, хто яны? Атрымліваецца, гульня ў адну браму: яны вам - усё, а вы іх - пракідваеце, нібыта аднаразовых якіх, што і "дзякуй" не заслугоўваюць. Раней такіх прыспешаных называлі "галошнікамі", бо ў тыя часы здавалі гледачы калошы на час спектаклю і ў тым ліку, каб у залю ісці чыстымі ды прыгожымі, як на свята ці баль які, - а тыя, што, не даглядзеўшы п'есу ці на апошніх яе сцэнах, кідаліся па калошы - такімі і былі, такія і ёсць, такімі і засталіся - да тых і прычапіўся слаўны цэтлік "галошнікі". Як на мяне, назвычайна трапны назоў. І новага не трэба. Туды ж усіх смактучых праз трубачку, разгортваючых хрумсткія паперкі і каментуючых ўпаўголасу дзею сваім суседзям.
асабістае,
жыццё,
тэатр,
людзі