Я ня спала амаль 40 дзён...

Jan 31, 2011 05:56

Я ня спала амаль 40 дзён (Я амаль ня спала 40 дзён). Ня больш за 2 гадзіны запар. А ва ўсіх снох - трывога, няўтульнасьці, скразьнякі... Мне здавалася, што так ня толькі ў мяне, бо калі ўначы расфіраньвала вокны, то бачыла, сьвятло гарыць у куды большай колькасьці кватэраў, чым звычайна. Мо гэтыя 40 дзён ня спала ўся Бедарусь. Ці прадаўжае ня спаць...

Але гэта, такі рэжым з парушанымі біярытмамі, марнуе арганізм (і цела, і спіхіку) па-чорнаму. Ды не дапамагала нічога - ні сьвежае паветра, ні супакаяльныя, ні празьмерная праца, ні адпачынак... І ўсё ж спрацаваў стары правераны мной спосаб... Калі трымацца і ня спаць некалькі сутак запар - а пасьля легчы ня ў той жа дзень, у які зьбіраесься прачынацца, пажадана - гадзіне а 8-9 вечара, а потым змусіць сябе прачнуцца а той самай гадзіне раніцы - і больш не класьціся зноў да вечара, як бы ні марыла - тады з'явіцца верагоднасьць збольшага наладзіць свой сон. І яшчэ бонусам паслужыць хоць якая добрая навіна перад тым сном...

Часта мне сьняцца радкі ("Ты душа маё душы...", "Мая туга твае цалуе вочы...", "Яго грахі яе перамаглі..." "Мы створым сьвет, у якім Каін не забіваў Абеля..." - з найбольш празрыстых  і г.д.), бывае - аблудныя душы, выбухі вулканаў, паўсталыя хвалі акіянаў, што забіраюць зямлю, зялёныя лабірынты, кіламетры каляровых цюльпанаў, абледзянелыя вяршыні гор, сьмерці і нараджэнні, войны і анёлы, Бог і д'ябал, чароўная музыка і карціны старых майстроў, якія ніколі ня бачыла, сніцца чысьцец і сьвятло... І вершы з'яўляюцца на мяжы сну і явы, трывогі і прадчування... У - снабачаннях...

Калісьці, яшчэ ў малодшай ці сярэдняй школе, да мяне трапіў часопіс "Крыніца" са слоўнікам, створаным Алеся Разанава. І было там слоўца дбожыць (то бок - ня спаць, чуваць; па-руску: бодрствовать). І так як гэты стан абсалютна адпавядае таму, у якім я найчасьцей раблю штосьці сапраўднае, то так і назвала цэлы цыкл (шэраг) сваіх аповедаў, якія былі народжаныя такім станам "Дбожанні". Таму як стан дбожання, так і стан сненняў - крыніца майго натхнення. Адпаведна мне папросту неабходнае як першае, так і другое... І ўрэшце - я заснула... Таму - добры дзень! (добрай раніцы у нас жа няма).

P.S. Менавіта так выглядае час - калі дбожыш...


Каб мне яшчэ часу далі з гадзіннікаў С.Далі...

асабістае, жыццё, літаратура, сны, паэзія

Previous post Next post
Up