Званок шчасця

Aug 06, 2010 06:52

Перадайце, калі ласка, шчасцю,
каб ператэлефанавала.
А то нешта даўнавата
не чуваць,
даўнавата на клавіятуры
выключна
чорныя клавішы...

Перадайце, калі ласка, шчасцю,
што я чакаю званка
(не кажыце, канечне,
што не сплю, не ем,
што адмыслова сёння
не пайду нікуды,
а тэлефон буду браць
нават у лазенку -
хаця так і здарыцца),
перадайце, што гэта тэрмінова,
што ў мяне рэальна праблемы.

Перадайце, калі ласка, шчасцю,
што гэта яго апошні шанец:
альбо цяпер,
альбо я знайду штосьці іншае -
і хай потым не прыходзіць
сярод ночы,
не просіць упусціць патлумачыцца.
Не адчыню.

Гэй,  хто ўбачыць, - перадайце шчасцю:
няхай тэрмінова ператэлефануе!
Гэта яго апошні шанец!

2010, чарнавік, вершы

Previous post Next post
Up