(с) Валярына. Руканьне
Сёння маёй бабулі Валі спаўняецца 80 гадоў.
У яе было вельмі няпростае жыццё: вайна, лагер, пасьля - двое дзяцей на руках...
Але бабуля заўжды ўмела цаніць жыццё. Умела яго любіць. Умела ўсьміхацца, весяліцца. У гэтым ёй заўжды дапамагала песьня. Кажа, што й цяпер бяз працы ёй цяжка. І таму працуе. Сёння яна сьпявала цудоўныя песьні... Цудоўна сьпявае.
Валяньціна Адамаўна Юбко - Выдатнік народнай асьветы, зачынальніца часопісу "Роднае слова", цудоўная выканаўца народных песень, 20 гадоў працавала настаўніцай у школе, 20 гадоў - у Рэспубліканскім метадычным кабінеце Міністэрства адукацыі РБ, пасьля - у Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Яе добрыя словы, яе душэўная цеплыня дапамаглі прыйсьці да беларускага многім людзям. Яе унікальныя навуковыя працы дапамаглі вучыцца па-беларуску многім дзеткам.
З нагоды Дня народзінаў бабулі зьмяшчаю тутака невялічкую замалёўкі, напісаную даўнавата, дзе бабуля - мая гераіня.
...Пра бабулю, неба і сосны...
Неяк падчас навучаньня ў Беларускім калегіюме выкладчык Валянцін Акудовіч, прачытаўшы мой артыкул, адзначыў: "Ты расла, на сосны гледзячы…" І ён не памыліўся як мінімум у прамым, так бы мовіць, наўпростым сэньсе...
Я гадавалася з братам Алесікам (дома яго называлі - Лесунок) - ён і ў пашпарце Алесь! - у бабулі Валі. Мая бабуля - Валянціна Адамаўна Юбко - легендарны чалавек. Выдатна сьпявае народныя песьні (гэта ёй Пімен Панчанка ў свой час прысьвяціў верш "Беларускім настаўніцам"), дапамагала словам і справай многім нашым пісьменнікам, акторам, мастакам, якія цяпер ўжо зрабіліся клясыкамі. Бабуля вучыла нас з братам размаўляць зь нябёсамі, са Звышнім, шукаць там, у вышынях, паразуменьня, даверу, шчырасьці й ратаваньня, быць добрымі да людзей, не шкадаваць для іх свайго часу, сілаў і ўвагі, любіць жыцьцё, як бы ні складваўся лёс. А яшчэ бабуля вучыла нас да жывога, высокага болю любіць нашу родную Беларусь…
У нашай хаце на Каляды зьбіраліся беларускія пісьменнікі, мастакі, акторы. Яны сьпявалі (як сьпявалі!) песьні, расказвалі розныя неверагодныя гісторыі, калядавалі (і мы разам зь імі), а потым быў стол, да самай раніцы, а мы тым часам з братам, зусім малыя, сядзелі пад сталом, альбо белагі сярод гасьцей, і слухалі, слухалі, слухалі... Але ўжо тады вучыліся любові на народнага, любові да сябе ў народным. Усіх нас аб'ядноўвала бабуля.
Бабуля жыве на самым ускрайку менска. Яе дом стаіць практычна пасярод сасновага лесу. Сама бабуля вырасла ў лесьнічоўцы (бацька Адам быў лесьніком, а да маці Ўсьціньні (маёй прапрабубулі) увесь люд, нат з суседніх вёсак, завітваў за радаю), таму яна ўмее размаўляць з прыродай і Богам - гэтае невымоўнае ўменьне перадавала і нам, сваім унукам. Бабуля вучыла нас глядзець на неба і атрымліваць ад яго адказы.
І я вырашыла запомніць для сябе празрыста-простае разуменьне боскай таямніцы радасьці… Шчасьлівы ня той, хто глядзіць на неба, - а той, хто яго чуе, той, хто разумее неба.
Вакол яе дома - высозныя сосны, якія мкнуцца ў вышыні, як думкі паэта; сосны, што згараюць у прачыстым сконе сонцаў; сосны, што, як душы, люструюцца ў вадзе на тле нябёсаў...
"Паразмаўляй з прыродай, яна ёсьць адным з абліччаў Звышняга...”.
А напрыканцы верш пра маё маленства ў бабулі:
...І бялейшы за звыклы сьнежань
снежань наш, калядою поўны.
Я і брат - мы табе належым,
Беларусь мая, боль мой годны.
Дранікі - бульба бабуліна.
Вечар. Каляды. Вершы
Караткевіча, Барадуліна.
І ўсе мы, кожны з нас - тутэйшы
P.S. Прашу пардону ў тых, хто сёння ішоў на імпрэзу "Чаканне небёсаў" пэрсанальна на Куставу - у яе былі падставы быць у іншым мейсцы (гл.вышэй!). Яна абяцае выправіцца і наступным разам абавязкова парадаваць :)