НА ЭМІГРАЦЫЮ
(Малая паэма)
Штука ня ў тым, каб з'ехаць.
Штука ў тым, каб застацца.
Каб з жыццём барукацца,
і ў выніку - быць зьверху.
Калі ж хрэнова, то й боль
паедзе разам з табой
наўздагон
сто проц,
так і ведай -
на цягніку,
летаку
ўсёй планетай
Узімку і летам.
Ён забраніруе мейсца
яшчэ да таго,
як ты патэліш у касу.
Ты думаў, што будзе класна.
Ты верыў, што ўсё ого-го.
Калі дэпрэсіўным ранкам
выпала
стаць эмігрантам.
Рана
ўзрадаваўся
рампам
новых гарадоў і сцэн.
Усё будзе бязь зьмен.
Рана,
рана ўзрадаваўся
непаўнагадовым каханкам
і сьвежым вершам...
Ты і ў Радзімы ня першы,
што ж казаць пра дзяўчын...
Трэба найноўшы чын,
пластычную хірургію
ці нейкую інну халеру,
каб аднавіць веру,
каб падлатаць давер.
Ты на самоце
й табе хрэнова,
як ні дурэй,
не ўратуе
ні паэт Вова,
ні перакладнік Андрэй,
ні філосаф Валяньцін.
Як ні круці,
ты ўсё адно адзін.
Хоць усе трое хфайныя мужчынкі,
так бы й схапіў іх за ашыйнікі
і ўняхаўся па самую душу...
І крычэў бы ў чужой душы,
што з маленства ты пах «Жываншы»,
што ты любіш мужчын і жанчын,
што па нядзелях
на скрайку Менску
(калі Бог табе шле эсэмэску
складанага зьместу),
у Сухарава - у самай сталічнай глушы,
саскрабаюць боскія каўшы
душы самагубцаў ад шашы,
што шалеюць сьлёзна ў час імшы.
З самай раніцы а 12-й.
Цяпер жа ты на эміграцыі
ў гэты час у Лазенках Шапэна
ўдыхаеш на поўныя грудзі.
І здаецца, зарубцаваліся вены.
І ўжо пофіг: як будзе - так будзе.
І здаецца, што ты ў зямным ра′і,
і здаецца, анёлам раіш,
каб на Авеля не забыўся Каін...
Ты ўмееш вясёлым быць,
нават калі ня спаў трое сутак,
нават калі найхарашэйшая з прастытутак
сказала табе ў камплімент,
што ў цябе няпругкая дупа
і кульнула нагбом твой абсэнт,
пакуль ты ў WС -
у Варшаве Цэнтральнай
ці ў прыбіральні -
пудрыў свой носік
ці чыесьці мазгі.
Жыццё ўдалося.
Курва, згінь.
Ты набыў сабе фінскі ножык,
не адыходзячы далёка,
тут, на вакзале
(табе галасы так раілі,
табе так чэрці казалі),
з думкаю, што цяперака ўсё будзе лёгка,
што цябе ўжо і так разразалі...
Але камізэлька-паскуда
была на зайздрасьць сымпотнай.
А рукі дрыжэлі па-здрадніцку потныя.
І востра расхацелася ў тое Нікуды.
І ты застаўся, беларускі лузэр,
міжнародны біндос, каханы балда,
сваю беларускую рэчаіснасьць юзаць.
Бо сябе стала шкада.
Ты выкінуў адрасы ўсіх былых
нават з памыйніц.
Пайшоў, намыліўся,
вяхоткай нацёрся - памыў ніз.
І быццам бы лепей стала.
Гарэлка. Грузды. Сала.
Сьвежанька так жыць.
Душы скажаш: «Не памірала!..» -
і яна болей не збаліць.
Хоць цяпер ты часьцей усьміхаесься,
хоць цяпер ты радзей кахаесься,
ды цьвёрдае ў цябе толькі, бадай, відно
веданне засталося адно:
Аніякім замежным грантам
ты ня ўладзіш лёс эмігранта.
28 кастрычніка 2008
03:00