underground

Dec 24, 2009 13:49

Вельмі правільна зрабілі паказ «Андэграўнду» Кустурыцы непасрэдна ў "андэграўндзе", то бок у «Цэнтр-відэа», што на трэцім падземным паверху «Сталіцы».
Бо калі выходзіш пасьля 2 гадзінаў 40 хвілінаў бесперапыннай плыні абсурду, мудрагелістых метафар пра жыцьцё і сьмерць, вайну і мір, праўду і хлусьню, і цыганскіх матываў Горана Брэгавіча на паверхню па спыніўшыхся эскалятарах, літаральна адчуваеш крывізну прасторы-часу і справядлівасьць тэорыі адноснасьці.
Прайшло толькі 2 г. 40 хв.? Не дзень, не месяц, не дваццаць год? Няўжо?
І едучы ў мэтро да хаты за гадзіну да поўначы, глядзіш на людзей навокал так, нібыта адкрыліся табе нейкія эзатэрычныя веды - зьявіўся анёл і сказаў, што ты народзіш божага сына, прыблізна ўсё так. Карацей, нейкая суцэльная лізергінавая кіслата ці грыбы-псылацыбы.

***
Ніколі б не падумаў, што мае здольнасьці да вэрсыфікацыі калі-небудзь могуць спатрэбіцца для мэтаў рэклямы і маркетынгу. А спатрэбіліся... Прыдумаць рэклямны слоган, кароткі, ёмкі і ў рыфму не нашмат прасьцей, чым літаратурна перакласьці якую-небудзь паэму, толькі што патрабуе менш часу.

***
Адвозіў дакументы кліенту. У сотцы бабка скардзілася ўсім пасажырам на кіроўцу за тое, што ён у сваёй кабіне павесіў куртку так, што ёй засланяла агляд, казала, што трэба паклікаць міліцыянта, каб ён зрабіў кіроўцы вымову. З сарказмам параіў ёй напісаць адразу ліст прэзыдэнту з просьбай аб растрэле небаракі-кіроўцы. Яна на поўным сур'ёзе адказала, што абавязкова напіша.
Блін, як увогуле можна паважаць старасьць у асобе такіх старых, хворых на маразм?
Previous post Next post
Up