Яшчэ ўчора ўвечары раптам адчуў, што хачу ў лес. Ні грыбоў, ні ягад у лесе няма. Я гэта ведаю. Але ж у госьці да сябра не ходзяць адно, каб пажраць. Калі захацелася, дык у чым праблема? Я ж не мінчанін там нейкі. Узьняўся а 5-й раніцы, сеў на аўтобус, праехаў тры прыпынкі - і вось табе лес.
Спачатку трапіў пад моцны дождж, потым мяне накрылі хмары камароў. Не бяда! У лесе хораша па вызначэньні. І ажно бела ад квецені ажыны. Гэтаксама шмат будзе і суніц... Наконт грыбоў прагнозы даваць асьцерагуся, каб не сурочыць.
Бор малады, але прыемны і споры на рознае дабро. Сьветла, утульна, ідзеш, нібыта па гасьцявым пакоі, дзе рупліваю рукой гаспадара пакладзены шыкоўны мякусенькі дыван...
Ёсьць мясьцінкі ў лесе і не зусім вясёлыя. Разьбітыя ДОТы Полацкага УРа можна ўбачыць то там, то сям на лясных пагорках. Калісьці падлеткамі мы езьдзілі сюды капаць патроны...
Вось такі прыемны лясны шпацыр атрымаўся ў мяне сёньня, пакуль тыы дрых, мой шаноўны дружа.